ГРА́БАЎ,
вёска ў Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 39 км на ПнЗ ад Петрыкава, 210 км ад Гомеля, 19 км ад чыг. ст. Капцэвічы. 605 ж., 229 двароў (1996). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.
т. 5, с. 378
ГРА́БАЎКА,
вёска ў Гомельскім р-не. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 35 км на ПдУ ад Гомеля, 5 км ад чыг. ст. Церуха. 970 ж., 666 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі.
т. 5, с. 378
ГРА́БЕ (Grabbe) Крысціян Дзітрых
(11.12.1801, г. Дэтмальд, Германія — 12.9.1836),
нямецкі драматург. Вывучаў права ва ун-тах Лейпцыга і Берліна. Яго ранняя творчасць адзначана самабытнасцю, асаблівай «неўтаймаванасцю», тытанізмам вобразаў: камедыя «Жарт, сатыра, іронія і больш глыбокі сэнс» (1827), напісаныя ў рэчышчы рамант. «драмы лёсу» трагедыі «Герцаг фон Готланд» (1827), «Дон Жуан і Фауст» (1829). Аўтар гіст. драм, прысвечаных буйным гіст. падзеям і вострым супярэчнасцям сучаснасці: незавершаны цыкл «Гогенштаўфены» («Фрыдрых Барбароса», 1829, «Генрых VI», 1830), «Напалеон, або Сто дзён» (1831), «Ганібал» і «Бітва Германа» (1835).
Г.В.Сініла.
т. 5, с. 378
ГРАБЕ́Ж,
у крымінальным праве адкрытае выкраданне маёмасці, учыненае без насілля або з насіллем, няшкодным для жыцця і здароўя. Належыць да групы злачынстваў супраць уласнасці. Акалічнасцямі, якія абцяжарваюць грабеж, з’яўляюцца насілле над пацярпелым, выкраданне паводле папярэдняй змовы групай асоб, пранікненне ў жыллё, памяшканне або інш. сховішча, буйныя памеры выкрадзенага або ўчыненне злачынства асабліва небяспечным рэцыдывістам. Паводле крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь караецца пазбаўленнем волі на працяглы тэрмін (максімальная мера пакарання — 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці).
Э.І.Кузьмянкова.
т. 5, с. 378
ГРА́БЕЛЬКІ,
кветкавая расліна, тое, што бусельнік.
т. 5, с. 378
ГРА́БЕН
(ням. Graben літар. роў),
выцягнуты ўчастак зямной кары, абмежаваны разрыўнымі пашырэннямі ў выглядзе скідаў (часцей) або ўскідванняў і апушчаны адносна навакольнай паверхні. Бываюць простыя і ступеньчатыя. Утвараюцца пры расцяжэннях зямной кары ў працэсе апускання або ўзняцця яе блокаў. Марфалагічна буйныя грабены часта маюць выгляд апушчэнняў, запоўненых вадой (Байкальскі і Усходне-афрыканскі грабены). Выцягнутыя грабены на некалькі соцень кіламетраў належаць пераважна да рыфтаў. На Беларусі да стараж. (познадэвонскіх) грабенаў належыць Прыпяцкі — частка палеарыфтавай Прыпяцка-Данецкай сістэмы.
А.А.Саламонаў.
т. 5, с. 378
ГРАБЕНБА́ЎЭРЫ
(Grabenbauer),
музыканты 18 — пач. 19 ст.
Дамінік (? — раней 25.2.1804), клавесініст і педагог. У 1757—72 працаваў пры двары гетмана Браніцкага ў Беластоку (Польшча), даваў прыватныя ўрокі музыкі. Часта выязджаў у Слонім, з 1778, верагодна, жыў у ім стала (1.1.1779 заключыў з М.К.Агінскім кантракт на 8 гадоў, паводле якога абавязваўся навучаць прыгонных ігры на клавікордах). Працаваў да 1804 у муз. школе пры Слонімскай капэле Агінскага. Ева (1760, Беласток — ?), спявачка і педагог. Дачка Дамініка. З 1.1.1779 працавала ў Слонімскім тэатры Агінскага. Паводле кантракта павінна была вучыць прыгонных спевам, а таксама выступаць у операх і камедыях. У 1780 спявала ў оперы «Тэлемак». У сак. 1785 пакінула Слонім разам з мужам, прыдворным спеваком М.Лазарыні.
Г.І.Барышаў.
т. 5, с. 378
ГРАБЕНІКО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі позняга мезаліту (6—4 тыс. г. да н. э.) на тэр. Паўн. Прычарнамор’я ў міжрэччы Дняпра і Паўд. Буга. Назва ад стаянкі каля в. Грабенікі Адэскай вобл. Насельніцтва займалася паляваннем на каня, быка, кулана. Для грабенікоўскай культуры характэрны нуклеусы для пласцін, скрабкі на адшчэпах, геам. мікраліты (трапецыі). Акрамя стаянак вядома патройнае дзіцячае пахаванне ў скурчаным становішчы ў прамавугольнай яме.
А.В.Іоў.
т. 5, с. 378
ГРАБЕ́ННІК,
кветкавая расліна, тое, што грэбнік.
т. 5, с. 378