умоўная назва паўд. частак Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага акіянаў, якія прылягаюць да Антарктыды. Вылучаны ў 1650 нідэрландскім географам Б.Варэніусам. Да 1925 мяжой П.а. была прынята шырата Паўд. палярнага круга. Пасля мяжу праводзілі ад 35°паўд. ш. (паводле прыкметы цыркуляцыі вады і атмасферы) да 60°паўд. ш. (паводле характару рэльефу дна). У сав. Атласе Антарктыкі (т. 2, 1969) мяжа П.а. адзначана каля 55°паўд. ш. (паўн. мяжа зоны антарктычнай канвергенцыі). На сучасных картах і атласах П.а. не вылучаецца.
вузкая берагавая паласа паўд.ч.Крымскага паўвострава ад мыса Айя на З да масіву Карадаг на У, ва Украіне; найб. цёплы ўчастак Крымскага ўзбярэжжа; папулярная курортная зона. Даўж. каля 150 км, шыр. 2—8 км. Паверхня абмежавана з Пн стромкімі ўступамі Гал. грады (Яйлы). Рэльеф градава-эразійны, ускладнены апоўзнямі і маляўнічымі абваламі. Пашыраны перадгорныя ўзгорыстыя раўніны, участкі горнага рэльефу, трапляюцца асобныя лакаліты (Аюдаг) і вулканічныя масівы (Карадаг). Клімат субтрапічны, міжземнаморскага тыпу. Лета сухое, вельмі цёплае, зіма мяккая. Сярэднія т-ры ліп. і жн. каля 24 °C, студз. каля 4 °C, ападкаў каля 600 мм за год. Пераважае дрэвава-хмызняковая ксерафітная расліннасць з удзелам відаў міжземнаморскай флоры. Сады, вінаграднікі, паркі. Характэрны шырокія зручныя бухты з добраўпарадкаванымі галечнымі пляжамі. Клімататэрапія, марскія купанні (чэрв.—кастр.), вінаградалячэнне. Шматлікія курорты і курортныя мясцовасці: Алупка, Алушта, Артэк, Арэанда, Гурзуф, Карасан, Кастропаль, Карэіз—Гаспра, Кучук-Ламбат, Лівадзія, Мелас, Місхор, Форас, Ялта. У межах П.б.К. запаведнік Мыс Марцьян, Карадагскі запаведнік, Ялцінскі запаведнік, Нікіцкі батанічны сад.
Асн. прыродны лек. фактар — субтрапічны клімат. Лечаць захворванні органаў дыхання, стрававання, сардэчна-сасудзістай і нерв. сістэм, парушэнні абмену рэчываў; выкарыстоўваюць мінер. ваду крыніцы Мелас. Санаторыі для дарослых і дзяцей, дамы адпачынку, пансіянаты, турбазы, пляжы.
Да арт.Паўднёвы бераг Крыма. Палац-музей у г. Алупка. 1828—46.
самы вялікі востраў Новай Зеландыі. Ад Паўночнага в-ва аддзелены пралівам Кука, ад в-ва Сцьюарт — прал. Фова. Пл. 150,5 тыс.км². Амаль увесь в-аў заняты Паўд, Альпамі (г. Кука, 3764 м — найвыш. пункт краіны). На У — Кентэрберыйская раўніна — гал. земляробчы раён, на ПдЗ — нізіна Саўтленда і горнае плато Атага (1200—1300 м). Клімат субтрапічны, марскі, на крайнім Пд умераны. Гал. горад — Крайстчэрч.
сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркія зоркі 0,8; 1,3; 1,6; 2,8 візуальнай зорнай велічыні ўтвараюць характэрную фігуру ромба (ці крыжа). Больш доўгая перакладзіна П.К. амаль дакладна паказвае на Паўд. полюс свету. У межах П.К. знаходзіцца адна з самых блізкіх да нас цёмных пазагалактычных туманнасцей («Вугальны мяшок»). Гл.Зорнае неба.
пункт перасячэння ўяўнай восі вярчэння Зямлі з яе паверхняй у Паўд. паўшар’і. Знаходзіцца ў межах Палярнага плато Антарктыды на выш. 2800 м. Таўшчыня лёду ў раёне П.п. 2810 м. Сярэднегадавая т-ра паветра -48,6 °C (макс. -14,7 °C, мінім. -78,9 °C; 1957—61). Палярны дзень 189 сут. Упершыню П.п. дасягнула экспедыцыя Р.Амундсена 14.12.1911. У раёне П.п. з 1957 амер. палярная станцыя Амундсен—Скот. Гл. таксама Полюсы геаграфічныя.
1) у літаратуры, перапынак у гучанні мовы, абумоўлены логікай зместу або рытмам; адзін з элементаў інтанацыі, сродак паэт. выразнасці, рытмастваральны кампанент, асабліва важны ў паэзіі. Вылучаюць П. сэнсавыя (лагічныя), якія цалкам вызначаюцца сінтаксісам, і П. рытмічныя (у вершаванай мове), якія ад сінтаксісу не залежаць, абумоўлены логікай зместу і патрабаваннямі метрычнага рытму. У метрычным вершаскладанні П. можа быць структурным элементам верша і замяняць роўную па даўжыні колькасць складоў; у інш. вершаскладаннях П. з’яўляецца толькі дэкламац. элементам, які падкрэслівае вершападзел, цэзуру і да т.п.
2) У музыцы П. — перапынак у гучанні аднаго, некалькіх ці ўсіх галасоў муз. твора, а таксама знак у нотным пісьме, які абазначае гэты перапынак. У буйных інстр. творах, ансамблях, харах і оперных масавых сцэнах агульны перапынак гучання наз. генеральнай П. У сучасным нотным пісьме выкарыстоўваюцца П.: цэлая, палавінная, чацвяртная, восьмая, 16-я, 32-я, 64-я.
дэталь крывашыпна-паўзуннага механізма (гл.Крывашыпны механізм), якая слізгае ў прамалінейных накіравальных. Шарнірна звязаны з шатуном. Перадае папярочныя намаганні на накіравальныя, падоўжныя — на шатун.
клас вышэйшых пазваночных (амніёт). Вядомы з сярэдняга карбону (каля 300 млн.г. назад). Паходзяць ад стэгацэфалаў; мелі 2 гал.эвалюц. ствалы — зверападобных (далі пачатак млекакормячым) і дыяпсід (архазаўраў і лепідазаўраў, якія далі пачатак птушкам). Найб. разнастайныя былі ў мезазойскую эру (каля 200—150 млн.г. назад), калі сярод іх з’явіліся марскія (іхтыязаўры і інш.) і лятаючыя (птэразаўры) формы. 4 сучасныя атр.: кракадзілы, лускаватыя, чарапахі і дзюбагаловыя; больш за 8 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей, найб. у тропіках і субтропіках. Жывуць у розных біятопах: ад сухіх адкрытых месцаў да рознага тыпу лясоў, балот і вадаёмаў. Некат. ўпадаюць у зімовую або летнюю спячку. Каля 150 відаў і падвідаў у Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 7 відаў: вераценніца ломкая, гадзюка звычайная, мядзянка, вуж звычайны, чарапаха балотная, яшчаркі жывародная і порсткая. Мядзянка і чарапаха балотная занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. ад некалькіх сантыметраў (некат. яшчаркі) да 10 м (некат. змеі), маса ад некалькіх грамаў да 500 кг і больш (некат. кракадзілы, чарапахі). Цела ўкрыта рагавой луской, пласцінкамі або панцырам. Канечнасці пяціпальцыя, у некат. відазмененыя (марскія чарапахі, хамелеоны) або рэдукаваныя (змеі, некат. яшчаркі). П. — пайкілатэрмныя жывёлы. Сэрца трохкамернае (у кракадзілаў чатырохкамернае). У галаўным мозгу — зачаткавая кара (неапалеум). Сярод змей і яшчарак ёсць ядавітыя. Пераважна драпежнікі, некат. чарапахі і яшчаркі расліннаедныя. Раздзельнаполыя. Размнажаюцца яйцамі, многім уласціва яйцажыванараджэнне і жыванараджэнне; некат. змеям і яшчаркам уласцівы партэнагенез. Асобныя віды — аб’екты промыслу. Прэпараты змяінага яду выкарыстоўваюцца ў медыцыне. Вывучае П. герпеталогія.