ВІЛЬЯНУЭ́ВА (Villanueva) Карлас Рауль
(30.5.1900, Лондан — 16.8.1975),
венесуэльскі архітэктар. Скончыў Нац. школу прыгожых мастацтваў у Парыжы (1928). Працаваць пачаў у гіст. стылях, з канца 1940-х г. перайшоў на пазіцыі функцыяналізму. Яго пабудовы вызначаюцца маст. выразнасцю канстр. сістэм, дынамічнасцю кампазіцыі, выкарыстаннем скульптуры, жывапісу, мазаікі (комплексы універсітэцкага гарадка, 1944—57, жылых кварталаў Эль-Параіса, 1952—54 у Каракасе і інш.). Аўтар кнігі «Каракас учора і сёння» (1950).
т. 4, с. 178
ВІЛЮ́ГА Сямён Лазаравіч
(14.7.1891, в. Усцярхі Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 7.1.1961),
адзін з арганізатараў партыз. руху на Беларусі ў грамадз. вайну. У 1917 вёў рэв. прапаганду сярод салдат, чл. палкавога к-та. У час Кастр. рэвалюцыі ўстанаўліваў сав. ўладу ў Бабруйскім пав. У пач. 1918 арганізоўваў атрады Чырв. гвардыі для барацьбы з корпусам Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага, з ліст. 1918 старшыня Глускага рэўкома. У 1919 нам. Бабруйскага пав. камісара па харчаванні, нач. партыз. атрадаў у Бабруйскім і Рагачоўскім пав., камандзір асобага батальёна імя Бабруйскага рэўкома. 3 мая 1920 упаўнаважаны РВС Зах. фронту, з ліп. — Мазырскай групы войск Чырв. Арміі. У 1924—56 на гасп. рабоце.
т. 4, с. 178
ВІЛЮ́Й,
рака на З Усх. Сібіры, левы прыток Лены, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. 2650 км, пл. бас. 454 тыс. км². Цячэ па Сярэднесібірскім пласкагор’і і Цэнтральнаякуцкай раўніне. У вярхоўях перасякае балоціста-азёрную раўніну, ніжэй цячэ ў вобласці развіцця трапаў, мае даліну горнага характару з каньёнападобнымі (да 160 м) звужэннямі. Ніжэй с. Сунтар даліна расшыраецца. Ад г. Вілюйска да вусця цячэ ў межах Цэнтральнаякуцкай раўніны, мае нізкія берагі, рэчышча разбіваецца на шматлікія пратокі. Асн. прытокі: Чона, Улахан-Батуобуя, Ачугуй-Батуобуя (справа), Марха, Цюнг (злева). Жыўленне снегавое і дажджавое. Ледастаў з сярэдзіны кастр. да сярэдзіны мая. Сярэдні расход вады каля пас. Хатырык-Хом 1190 м³/с. Каля пас. Чарнышэўскі ГЭС і вадасховішча. Суднаходная на 1317 км ад вусця, пры попусках з вадасховішча да Чарнышэўскага. Рыбалоўства (асётр, таймень, лянок, нельма і інш.). У бас. Вілюя радовішчы алмазаў (Мірны і інш.), вугалю, газу і інш. Гал. прыстані: Сунтар, Нюрба, Вілюйск.
т. 4, с. 178
ВІЛЮ́ЙСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
на р. Вілюй, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Утворана плацінай аднайм. ГЭС. Запоўнена ў 1965. Пл. 2170 км², аб’ём вады 35,88 км³. Даўж. 470 км. Ваганні ўзроўню да 8 м. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння і суднаходства.
т. 4, с. 179
ВІЛЮ́ЙСКАЕ ПЛАТО́,
на У Сярэднесібірскага пласкагор’я, у бас. верхняга цячэння р. Вілюй, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. каля 400 км. Выш. да 962 м. Складзена з трапаў. Па схілах — рэдкастойная лістоўнічная тайга, на плоскіх вяршынях — тундра.
т. 4, с. 179
ВІЛЮ́ЙСКАЯ НІЗІ́НА,
гл. Цэнтральнаякуцкая нізіна.
т. 4, с. 179
ВІ́МПЕРГ
(ням. Wimperg),
высокі дэкар. франтон над парталам ці аконным праёмам гатычнага будынка. Плоскасць вімперга звычайна аздаблялі рэльефнай разьбой, вяршыню — выявай крыжакветнай расліны. Шырока выкарыстоўваўся ў архітэктуры Зах. Еўропы ў 12 — пач. 16 ст. На Беларусі пашыраны ў арх. стылях рэнесансу і неаготыкі (канец 18 — пач. 20 ст.). У афармленні парталаў выкарыстоўваўся ў спрошчаным выглядзе: поле заставалася плоскае або аздаблялася накладной дэкар. аркатурай ці разеткай у цэнтры (Гервяцкі Троіцкі касцёл). Стылізаваныя вімпергі завяршаюць парталы Лагішынскага Петрапаўлаўскага касцёла і інш.
А.Ю.Пятросава.
т. 4, с. 179
ВІН (Wien) Вільгельм
(13.1.1864, Гафкен, Германія, цяпер у Калінінградскай вобл., Расія — 30.8.1928),
нямецкі фізік. Чл. Берлінскай АН. Скончыў Берлінскі ун-т (1886). З 1892 праф. у розных ун-тах Германіі. Навук. працы па тэрмадынаміцы, гідрадынаміцы, оптыцы і электрычнасці. Тэарэтычна вывеў закон выпрамянення абсалютна чорнага цела (гл. Віна закон выпрамянення). Вызначыў даўжыню хвалі рэнтгенаўскага выпрамянення. Нобелеўская прэмія 1911.
т. 4, с. 179
ВІНА́ ў праве, адносіны асобы да сваіх проціпраўных дзеянняў і іх шкодных вынікаў, выяўленыя ў форме намеру або неасцярожнасці; неабходная ўмова юрыд. адказнасці. Калі ў дзеяннях асобы няма віны, яна вызваляецца ад адказнасці. У крымінальным праве перадумовай віны з’яўляюцца наяўнасць у асобы свядомасці і дасягненне ёю ўстаноўленага законам узросту крымін. адказнасці. Злачынства прызнаецца наўмысным, калі асоба, якая яго ўчыніла, усведамляла грамадска небяспечны характар сваіх дзеянняў або бяздзеянняў, прадбачыла іх грамадска небяспечныя вынікі і жадала (прамы намер) або свядома дапускала (ускосны намер) іх надыход. Неасцярожным злачынствам лічацца проціпраўныя дзеянні асобы, калі яна прадбачыла магчымасць наступлення іх грамадска небяспечных вынікаў, але легкадумна разлічвала на іх прадухіленне (злачынная саманадзейнасць) або не прадбачыла магчымасці іх наступлення, хоць павінна была і магла іх прадбачыць (злачынная нядбайнасць). У цывільным праве віна — умова адказнасці за правапарушэнне: невыкананне або неналежнае выкананне дагаворнага ці іншага абавязацельства, учыненне незаконнай здзелкі, нанясенне маёмаснай шкоды і г.д. Форма віны, як правіла, не ўплывае на памеры цывільна-прававой адказнасці. Калі ў надыходзе неспрыяльных вынікаў вінаваты абодва бакі, то ўлічваецца віна аднаго і другога. Пры невыкананні або неналежным выкананні абавязацельства па віне абодвух бакоў суд адпаведна змяншае меру адказнасці даўжніка. У асобных выпадках цывільнае права прадугледжвае адказнасць пры адсутнасці віны правапарушальніка. Напр., арг-цыя або грамадзянін абавязаны пакрыць шкоду, нанесеную крыніцай павышанай небяспекі, за выключэннем выпадкаў, калі шкода ўзнікла ў выніку неадольнай сілы або намеру пацярпелага.
С.У.Скаруліс.
т. 4, с. 179