ВІЛЮ́Й,

рака на З Усх. Сібіры, левы прыток Лены, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. 2650 км, пл. бас. 454 тыс. км². Цячэ па Сярэднесібірскім пласкагор’і і Цэнтральнаякуцкай раўніне. У вярхоўях перасякае балоцістаазёрную раўніну, ніжэй цячэ ў вобласці развіцця трапаў, мае даліну горнага характару з каньёнападобнымі (да 160 м) звужэннямі. Ніжэй с. Сунтар даліна расшыраецца. Ад г. Вілюйска да вусця цячэ ў межах Цэнтральнаякуцкай раўніны, мае нізкія берагі, рэчышча разбіваецца на шматлікія пратокі. Асн. прытокі: Чона, Улахан-Батуобуя, Ачугуй-Батуобуя (справа), Марха, Цюнг (злева). Жыўленне снегавое і дажджавое. Ледастаў з сярэдзіны кастр. да сярэдзіны мая. Сярэдні расход вады каля пас. Хатырык-Хом 1190 м³/с. Каля пас. Чарнышэўскі ГЭС і вадасховішча. Суднаходная на 1317 км ад вусця, пры попусках з вадасховішча да Чарнышэўскага. Рыбалоўства (асётр, таймень, лянок, нельма і інш.). У бас. Вілюя радовішчы алмазаў (Мірны і інш.), вугалю, газу і інш. Гал. прыстані: Сунтар, Нюрба, Вілюйск.

т. 4, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)