ВІ́ЛЬСАН, Уілсан (Wilson) Чарлз Томсан Рыс (14.2.1869, Гленкарс, каля г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 15.11.1959), англійскі фізік. Чл. Брытанскага каралеўскага т-ва (1900). Скончыў Манчэстэрскі (1887) і Кембрыджскі (1892) ун-ты. У 1900—34 у Кембрыджскім ун-це (з 1925 праф.). Навук. працы па малекулярнай, атамнай і ядзернай фізіцы. Даследаваў кандэнсацыю пары пры ўздзеянні розных агентаў. Устанавіў, што пры пэўных умовах зараджаныя іоны становяцца цэнтрамі кандэнсацыі вадзяной пары і рух іонаў становіцца бачным (1897); стварыў прыладу для назірання і фатаграфавання слядоў (трэкаў) зараджаных часціц (гл. Вільсана камера). Нобелеўская прэмія 1927.
т. 4, с. 177
ВІ́ЛЬСАНА КА́МЕРА,
прылада для рэгістрацыі слядоў (трэкаў) зараджаных часціц. Створана Ч.Вільсанам (1912). Дзеянне заснавана на з’яве кандэнсацыі перанасычанай пары (утварэнні дробных кропляў вадкасці) на іонах, якія ўзнікаюць уздоўж трэка хуткай зараджанай часціцы. Кроплі дасягаюць бачных памераў і могуць быць сфатаграфаваны. Уласцівасці часціцы вызначаюць па даўжыні яе прабегу і значэнні імпульсу, які вымяраецца па скрыўленні траекторыі часціцы ў магн. полі, куды змешчана камера. Вільсана камера адыграла вял. ролю ў вывучэнні будовы рэчыва і ўласцівасцей элементарных часціц; з яе дапамогай адкрыты пазітрон, мезоны, гіпероны, дзіўныя часціцы і інш.
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.
т. 4, с. 177
ВІЛЬЧА́К, вільчык,
верхняе рабро (грэбень) 2-схільнай страхі і фігурнае вырашэнне верхніх канцоў закрылін 2-схільнай страхі ці страхі з залобкам. Вядомы ў многіх народаў Усх., Цэнтр, і Паўн. Еўропы. Найб. пашыраныя парныя вільчакі, утвораныя верхнімі выпускамі перакрыжаваных канцоў закрылін. Апрацаваныя ў выглядзе стылізаваных рагоў, накіраваных у процілеглыя бакі сілуэтаў птушак, змей, конскіх галоў і інш., у старажытнасці яны выконвалі ролю абярэгаў, з часам сталі дэкар. элементамі традыц. жылля. З пач. 20 ст. саступілі месца адзінарным вільчакам, выпілаваным з адной дошкі ў выглядзе трызубца, стралы, стылізаванай кветкі і інш. і прымацаванай на скрыжаванні закрылін.
Я.М.Сахута.
т. 4, с. 177
ВІЛЬЧА́НКА, Вільча,
Дзягцярка, рака ў Магілёўскім р-не, левы прыток Дняпра. Даўж. 22 км. Пл. вадазбору 158 км². Пачынаецца каля в. Палетнікі, цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Ад вусця 1,8 км рэчышча каналізаванае, на рацэ сажалкі каля вёсак Навасёлкі і Вільчыцы.
т. 4, с. 177
ВІ́ЛЬЧЭКА ЗЯМЛЯ́,
востраў у архіпелагу Франца-Іосіфа Зямля. Пл. 2 тыс. км². Паверхня — пласкагор’е, выш. да 606 м. Амаль увесь укрыты покрыўнымі ледавікамі. Названа імем Г.Вільчэка, які фінансаваў аўстр. экспедыцыю, што адкрыла востраў у 1873.
т. 4, с. 177
ВІ́ЛЬШТЭТЭР (Willstätter) Рыхард Марцін
(13.8.1872, г. Карлсруэ, Германія — 3.8.1942),
нямецкі хімік-арганік. Замежны чл. Расійскай АН (1923), ганаровы чл. АН СССР (1929). Скончыў Мюнхенскі ун-т, у якім выкладаў у 1892—1925 (з 1902 праф.), у 1905—15 у Вышэйшай тэхн. школе ў Цюрыху і ў Ін-це хіміі кайзера Вільгельма ў Берліне. З 1939 у Швейцарыі. Навук. працы па хіміі і біяхіміі прыродных злучэнняў.
Атрымаў крышт. хларафіл і вызначыў яго структуру (разам з А.Штолем). Даследаваў будову алкалоідаў (атрапіну, трапіну, какаіну), раслінныя пігменты (антацыяны і флавоны), ферменты (амілазу, пераксідазу, ліпазу, цукрозу), раскладанне цэлюлозы, працэсы каталітычнай гідрагенізацыі і фотасінтэзу. Нобелеўская прэмія 1915.
Літ.:
Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 2. 3 изд. М., 1986.
т. 4, с. 177
ВІ́ЛЬЯ (Villa) Франсіска, Панча Вілья [сапр. Аранга (Arango) Даратэа; 4.10.1877, г. Рыо-Грандэ, Мексіка — 20.7.1923], дзеяч Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17, нац. герой Мексікі. Удзельнічаў у звяржэнні дыктатуры П.Дыяса (1911), задушэнні мяцяжу П.Ароска (1912). У 1913 сфарміраваў і ўзначаліў паўстанцкую Паўн. дывізію, якая дзейнічала ў штатах Чыўаўа і Кааўіла, дзе праводзілася раздача канфіскаваных зямель сялянам, канфіскацыя прамысл. прадпрыемстваў, адкрываліся школы. Разам з сял. арміяй Э .Сапаты атрады Вільі ў снеж. 1914 уступілі ў Мехіка, але ў студз. 1915 пасля паражэння пакінулі сталіцу. У 1916—17 змагаўся супраць інтэрвенцкіх войск ЗША. У 1916—19 вёў партыз. барацьбу супраць урада Карансы. У 1920 адышоў ад рэв. руху. Забіты.
т. 4, с. 177
ВІ́ЛЬЯМС (Williams) Альберта
(23.11.1862, Буэнас-Айрэс — 17.6.1952),
аргенцінскі кампазітар, дырыжор, піяніст, педагог, муз. дзеяч; заснавальнік нац. кампазітарскай школы. Чл. Нац. акадэміі мастацтваў. Вучыўся ў Буэнас-Айрэсе, у Парыжскай кансерваторыі. У 1893 заснаваў кансерваторыю ў Буэнас-Айрэсе (дырэктар да 1940). У 1900—10 канцэртаваў як дырыжор. Узначальваў Нац. канцэртную асацыяцыю. Сталыя яго творы, заснаваныя на нац. фальклоры, блізкія да твораў зах.-еўрап. рамантыкаў. Сярод твораў: 9 сімфоній (1907—39; 8 з іх праграмныя), сімф. паэмы, арк. сюіты, камерныя ансамблі, фп. п’есы, хары, песні, у т. л. на ўласныя тэксты. Аўтар музыказнаўчых прац.
т. 4, с. 178
ВІ́ЛЬЯМС Васіль Робертавіч
(9.10.1863, Масква — 11.11.1939),
савецкі глебазнавец. Акад. АН БССР (1929), АН СССР (1931), акад. УАСГНІЛ (1935). Скончыў Пятроўскую земляробчую і лясную акадэмію (1887). З 1894 у гэтай акадэміі (у 1922—24 рэктар, з 1923 Маскоўская с.-г. акадэмія імя Ціміразева). Развіваў вучэнне В.В.Дакучаева пра глебу. Адзін з заснавальнікаў агранамічнага глебазнаўства (разам з П.А.Костычавым). Абгрунтаваў вядучую ролю біял. фактараў у глебаўтварэнні. Распрацаваў вучэнне пра малы біял. кругаварот рэчываў як аснову развіцця глебы. Распрацаваў агранамічныя мерапрыемствы па захаванні і павышэнні ўрадлівасці глеб, травапольную сістэму земляробства, тэорыю адзінага глебаўтваральнага працэсу. Выказаўся за паўсюднае выкарыстанне травапольнай сістэмы, прапагандаваў узворванне травянога поля незалежна ад кліматычных умоў толькі ўвосень. Аўтар падручнікаў па глебазнаўстве і земляробстве. Прэмія імя Леніна 1931.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—12. М., 1948—53.
т. 4, с. 178
ВІ́ЛЬЯМС Пётр Уладзіміравіч
(30.4.1902, Масква — 1.12.1947),
рускі тэатр. мастак, жывапісец, графік. Засл. дз. мастацтваў Расіі (1944). Праф. (1947). Вучыўся ў студыі В.Мяшкова (з 1909) і ў Вхутэмасе (1919—24) у К.Каровіна, І.Машкова і інш. Чл. Т-ва мастакоў-станкавістаў (1925—30). Напачатку займаўся станковым жывапісам (партрэт У.Меерхольда, 1925, «Акрабатка», 1926). Ілюстраваў дзіцячыя кнігі. З 1929 у т-ры, у 1941—47 гал. мастак Вялікага т-ра ў Маскве. Тэатр. работы: «Піквікскі клуб» паводле Ч.Дзікенса (МХАТ, 1934), «Вільгельм Тэль» Дж.Расіні (1942; Дзярж. прэмія СССР 1943), «Папялушка» (1945; Дзярж. прэмія СССР 1946), «Рамэо і Джульета» (1946; Дзярж. прэмія СССР 1947) С.Пракоф’ева — усе ў Вялікім т-ры. У Бел. т-ры оперы і балета аформіў «Пікавую даму» П.Чайкоўскага (1934).
М.Л.Цыбульскі.
т. 4, с. 178