ВІ́ЛЬЯМС (Васіль Робертавіч) (9.10.1863, Масква — 11.11.1939),
савецкі глебазнавец. Акад.АНБССР (1929), АНСССР (1931), акад. УАСГНІЛ (1935). Скончыў Пятроўскую земляробчую і лясную акадэмію (1887). З 1894 у гэтай акадэміі (у 1922—24 рэктар, з 1923 Маскоўская с.-г. акадэмія імя Ціміразева). Развіваў вучэнне В.В.Дакучаева пра глебу. Адзін з заснавальнікаў агранамічнага глебазнаўства (разам з П.А.Костычавым). Абгрунтаваў вядучую ролю біял. фактараў у глебаўтварэнні. Распрацаваў вучэнне пра малы біял. кругаварот рэчываў як аснову развіцця глебы. Распрацаваў агранамічныя мерапрыемствы па захаванні і павышэнні ўрадлівасці глеб, травапольную сістэму земляробства, тэорыю адзінага глебаўтваральнага працэсу. Выказаўся за паўсюднае выкарыстанне травапольнай сістэмы, прапагандаваў узворванне травянога поля незалежна ад кліматычных умоў толькі ўвосень. Аўтар падручнікаў па глебазнаўстве і земляробстве. Прэмія імя Леніна 1931.