Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КРА́СНЫ ЗА́МАК.

Існаваў ў 1563—79 на беразе Павульскага воз. (Ушацкі р-н Віцебскай вобл.). Пабудаваны з дрэва і каменю. Трохвугольная ў плане крэпасць з вежамі па вуглах (2 чацверыковыя з 2-схільнымі дахамі, і васьмерыковая з шатровым) і прамавугольнай у плане брамай была накрыта 2-схільным дахам, абкружана вадзяным ровам з мостам. Абарончыя сцены мелі ў верхняй ч. баявыя галерэі з абламамі і байніцамі. На дзядзінцы размяшчаліся 1-павярховыя жылыя дамы. Вядомы паводле гравюры С.Пахалавіцкага 1579.

Красны замак. З гравюры С.Пахалавіцкага. 1579.

т. 8, с. 463

КРА́СНЫ ЛУЧ,

горад на Украіне, у Луганскай вобл. Засн. ў канцы 19 ст., да 1920 наз. Крындачоўка. 106 тыс. ж. (1997). Чыг. станцыя. Прам-сць: машынабуд., металаапр., медпрэпаратаў, швейная, харчовая; вытв-сць буд. матэрыялаў. Здабыча каменнага вугалю.

т. 8, с. 463

КРАСНЮ́К,

тое, што падасінавік.

т. 8, с. 463

КРАСО́ЎСКАГА ЭЛІПСО́ІД,

зямны эліпсоід, памеры якога вызначаны ў 1940 на аснове градусных вымярэнняў, праведзеных пад кіраўніцтвам Ф.М.Красоўскага. Памеры рэферэнцэліпсоіда: вял. паўвось 6 378 245 м, палярны сціск 1:298,3. Прыняты ў 1946 для выкарыстання ў геад. і картаграфічных работах замест эліпсоіда Беселя, які выкарыстоўваўся раней.

т. 8, с. 463

КРАСО́ЎСКАЯ (Вера Міхайлаўна) (н. 11.9.1915, С.-Пецярбург),

расійскі гісторык і крытык балета. Д-р мастацтвазнаўства (1965), праф. (1975). Скончыла ленінградскія харэаграфічнае вучылішча (1933) і тэатр. ін-т (1951). З 1995 выкладае ў Санкт-Пецярбургскай акадэміі рус. балета. Зрабіла значны ўплыў на развіццё эстэт. думкі і практыку сучаснай харэаграфіі. Аўтар першай у сав. мастацтвазнаўстве фундаментальнай «Гісторыі рускага балета» (1978), кн. «Рускі балетны тэатр ад узнікнення да сярэдзіны XIX ст.» (1958), «Рускі балетны тэатр другой паловы XIX ст.» (1963), «Рускі балетны тэатр пачатку XX ст.» (1971—72), прац па гісторыі зарубежнага балета, творчых партрэтаў танцоўшчыкаў і харэографаў. Прэмія С.П.Дзягілева (Перм, 1991). Незалежная прэмія «Трыумф» 1998.

Тв.:

Нижинский. Л., 1974;

Западноевропейский балетный театр: Очерки истории [Кн. 1—4], Л., 1979—95;

Иикита Долгушин. Л., 1985;

А.Я.Ваганова. Л., 1989.

Літ.:

Трабский А.Я. Библиогр. указ. трудов В.М.Красовской. Л., 1980.

т. 8, с. 463

КРАСО́ЎСКАЯ (Раіса Ермалаеўна) (н. 12.1.1935, Мінск),

бел. артыстка балета. Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыла Бел. харэаграфічнае вучылішча (1953). Працавала ў т-рах оперы і балета Чэлябінска і Баку. З 1960 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1975 балетмайстар-рэжысёр, з 1989 кіраўнік эстр.-харэаграфічнага ансамбля «Чараўніцы». Танцоўшчыца пераважна характарнага плана. Яе выкананне вызначалася высакароднасцю пластычнай формы, знешняй стрыманасцю пры ўнутр. тэмпераменце. Сярод партый у спектаклях бел. кампазітараў: Марта, Цыганка («Святло і цені», «Пасля балю» Г.Вагнера), Мадэрнісцкая танцоўшчыца, Карчмарка («Мара», «Выбранніца» Я.Глебава). З інш. партый: фея Карабос («Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Мерседэс («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Каляровая дзяўчына («Сцежкаю грому» К.Караева). Выканала шэраг характарных танцаў у балетах і операх.

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балетный театр. Мн., 1983. С. 83, 87, 91.

Л.М.Ражанава.

т. 8, с. 463

КРАСО́ЎСКІ (Анатоль Міхайлавіч) (н. 14.9.1935, в. Сіні Калодзеж Навазыбкаўскага р-на Бранскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі металапалімерных матэрыялаў. Д-р тэхн. н. (1984), праф. (1990). Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1958). З 1963 у Ін-це механікі металапалімерных сістэм Нац. АН Беларусі. Навук. працы па даследаванні фізіка-хім. працэсаў плёнкаўтварэння ў вакууме пры ўздзеянні на палімеры і металаарган. злучэнні плазмы эл. разраду, лазернага і электроннага выпрамяненняў.

Тв.:

Получение тонких пленок распылением полимеров в вакууме. Мн., 1989 (разам з Я.М.Таўстапятавым).

т. 8, с. 464

КРАСО́ЎСКІ (Антон Якаўлевіч) (18.3. 1821, г. Слуцк Мінскай вобл. — 25.4. 1898),

расійскі ўрач; адзін з заснавальнікаў аперацыйнага акушэрства і гінекалогіі ў Расіі. Праф. (1858). Скончыў Пецярбургскую медыка-хірург. акадэмію (1848). Працаваў у ёй (у 1858—76 заг. кафедры). З 1871 дырэктар Пецярбургскай радзільнай установы. Навук. працы па хірургіі, анатама-гісталагічных і фізіял. даследаваннях жаночых палавых органаў. Выканаў першую ў Расіі аперацыю па выдаленні яечніка. Заснавальнік час. «Журнал акушерства и женских болезней».

т. 8, с. 464

КРАСО́ЎСКІ (Мікалай Мікалаевіч) (н. 7.9.1924, г. Екацярынбург, Расія),

расійскі вучоны ў галіне механікі і працэсаў кіравання. Акад. Рас. АН (1968; чл.-кар. 1964). Герой Сац. Працы (1974). Скончыў Уральскі політэхн. ін-т (1949), дзе і працаваў. З 1970 у Ін-це матэматыкі і механікі Уральскага аддз. Рас. АН (у 1970—77 дырэктар). Навук. працы па тэарэт. механіцы, дастасавальнай матэматыцы і тэорыі ўстойлівасці руху. Распрацаваў тэорыю стабілізацыі кіравальных сістэм на аснове сінтэзу метадаў тэорыі ўстойлівасці і тэорыі аптымальных працэсаў. Развіў тэорыю кіравання ў гульнёвых задачах дынамікі. Ленінская прэмія 1976, Дзярж. прэмія СССР 1984.

т. 8, с. 464

КРАСО́ЎСКІ (Мікалай Піліпавіч) (11.7.1933, г. Рэчыца Гомельскай вобл. —22.11.1989),

бел. артыст балета, педагог. Засл. арт. Беларусі (1972). Скончыў Бел. (1951; у 1953—56 і з 1960 выкладаў у ім) і Ленінградскае (1953) харэаграфічныя вучылішчы, Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1960). Працаваў у т-рах оперы і балета Чэлябінска і Баку. З 1960 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1975 арганізатар і кіраўнік эстр.-харэаграфічнага ансамбля «Чараўніцы». Выкананне К. вызначалася высокай тэхнічнасцю, экспрэсіяй, тэмпераментам. Сярод партый на бел. сцэне: Мікалай, Князь («Мара», «Выбранніца» Я.Глебава), Прынц, Тыбальд («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Спартак («Спартак» А.Хачатурана), Прынц, Блакітная птушка («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Абдэрахман («Раймонда» А.Глазунова), Салор, Базіль («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.Мінкуса). Балетмайстар спектакляў «Фіялка Манмартра» І.Кальмана, «Пяе «Жаваранак» Ю.Семянякі (з Э.Піно, 1971) і інш. у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі; ставіў танцы і пантаміму да драм. спектакляў. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу артыстаў балета ў Маскве (1967). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1984.

Літ.:

Грищенко М.М. Белорусский балет и современная тема. Мн., 1989.

т. 8, с. 464