КРАСО́ЎСКАЯ (Раіса Ермалаеўна) (н. 12.1.1935, Мінск),

бел. артыстка балета. Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыла Бел. харэаграфічнае вучылішча (1953). Працавала ў т-рах оперы і балета Чэлябінска і Баку. З 1960 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1975 балетмайстар-рэжысёр, з 1989 кіраўнік эстр.-харэаграфічнага ансамбля «Чараўніцы». Танцоўшчыца пераважна характарнага плана. Яе выкананне вызначалася высакароднасцю пластычнай формы, знешняй стрыманасцю пры ўнутр. тэмпераменце. Сярод партый у спектаклях бел. кампазітараў: Марта, Цыганка («Святло і цені», «Пасля балю» Г.​Вагнера), Мадэрнісцкая танцоўшчыца, Карчмарка («Мара», «Выбранніца» Я.​Глебава). З інш. партый: фея Карабос («Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Мерседэс («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Каляровая дзяўчына («Сцежкаю грому» К.​Караева). Выканала шэраг характарных танцаў у балетах і операх.

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балетный театр. Мн., 1983. С. 83, 87, 91.

Л.​М.​Ражанава.

т. 8, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)