ВІ́ЙРА (Wiera) Аўгуст Петэравіч
(28.3.1853, Яама, каля Тарту, Эстонія — 30.3.1919),
эстонскі тэатр. дзеяч, рэжысёр, дырыжор; заснавальнік эст. муз. т-ра. У 1878—1903 кіраўнік эст. тэатр. трупы «Ванемуйне». Пад яго кіраўніцтвам пастаўлены першы муз. спектакль на эст. мове — опера «Прэцыёза» К.М.Вебера (1883). Сярод інш. пастановак: аперэты «Карневільскія званы» Р.Планкета (1885), «Цыганскі барон» І.Штрауса (1889), опера «Іосіф у Егіпце» Э.Мегюля (1899); творы эст. драматургіі — «Вар’яцтва Муру Міку» (1880) і «Адстаўны салдат» (1886) Ю.Кундзера, «Гэтакі мульк» Л.Койдулы (1884), п’есы класікаў, у т. л. Вальтэра, Мальера, У.Шэкспіра і інш.
т. 4, с. 152
ВІ́ЙРАЛЬТ (Viiralt) Эдуард Антонавіч
(20.3.1898, в. Губаніцы Ленінградскай вобл. — 8.1.1964),
эстонскі графік. Вучыўся ў Вышэйшай маст. школе «Палас» у Тарту (1919—24), Дрэздэнскай АМ (1922—23). Жыў і працаваў пераважна ў Парыжы. Пад уплывам экспрэсіянізму ствараў напружана-драм. гратэскавыя гравюры, у якіх адлюстраваны трагічныя гарадскія кантрасты («Кабарэ», 1931, «Прапаведнік», 1932), гармонія чалавека і прыроды («Дзяўчынка-берберка з вярблюдам», 1940, «Ваколіцы Вільяндзі», 1943). Аўтар партрэтаў (мастака К.Раўда, «Эстонская дзяўчына» і інш.).
т. 4, с. 152
ВІ́КА,
аднагадовыя культурныя віды роду гарошак. У свеце вырошчваюць 12 відаў, з іх на Беларусі 2: віка пасяўная, або яравая (Vicia sativa), і касматая, або азімая (Vicia villosa).
Віка пасяўная культывуецца з 18 ст. Высяваецца на зялёны корм у сумесі пераважна з аўсом. Раянаваныя сарты: Льгоўская 31/293 і Белацаркоўская 222. Вільгацялюбная, холадаўстойлівая, малапатрабавальная да якасці глеб культура. Віка касматая культывуецца з канца 19 ст. Высяваецца ў сумесі з азімым жытам, радзей з пшаніцай. Раянаваныя сарты: Стаўбцоўская, Слонімская, Серпухаўская палепшаная. Засухаўстойлівая, але недастаткова зімаўстойлівая культура. Сена і зялёная маса вікі багатыя бялкамі, карацінам, фосфарам і кальцыем. Сідэратныя расліны (абагачаюць глебу азотам).
т. 4, с. 153
ВІ́КА (Vico) Джамбатыста
(23.6.1668, г. Неапаль, Італія — 23.1.1744),
італьянскі філосаф. З 1697 праф. рыторыкі ун-та ў Неапалі, з 1734 каралеўскі гістарыёграф. Зазнаў уплыў Платона, Тацыта, Ф.Бэкана, Г.Гроцыя. У сваёй гал. працы «Асновы новай навукі пра агульную прыроду нацый» (1725) распрацаваў тэорыю гіст. кругавароту, паводле якой усе нацыі развіваюцца па цыклах, што складаюцца з трох эпох: божай (адсутнасць дзяржавы як сацыяльнага інстытута), гераічнай (наяўнасць арыстакратычнай дзяржавы) і чалавечай (дэмакр. Рэспубліка ці прадстаўнічая манархія). Прызнаючы вырашальнае значэнне дзейнасці людзей, адводзіў важную ролю ў ажыццяўленні гіст. Працэсу вышэйшай (божай) волі (гл. Правідэнцыялізм). Свае прынцыпы гіст. Разыіцця пашыраў таксама на мову, права, мастацтва.
Літ.:
Киссель М.А. Джамбаттиста Вико. М., 1980;
Schmidt R.W. Die Geschichts-philosophie G.B.Vicos. Wuerzburg, 1982.
Т.І.Адула.
т. 4, с. 153
ВІКА́РЫЙ
(ад лац. vicarius намеснік),
1) правіцель адм. акругі (дыяцэзы) у Рымскай імперыі.
2) Намеснік або памочнік архірэя ў правасл. царкве.
3) Памочнік біскупа, прыходскага святара (кюрэ); папскі намеснік у аддаленых (місіянерскіх) раёнах у каталіцкай царкве.
4) Памочнік святара ў пратэстанцкай царкве.
т. 4, с. 153
ВІКАРЫ́РУЮЧЫЯ ВІ́ДЫ
(ад лац. vicarius замяшчальны),
замяшчальныя віды, блізкароднасныя віды раслін або жывёл, якія займаюць розныя арэалы (геагр. вікарыят) ці трапляюцца ў межах аднаго арэала, але ў розных экалагічных умовах (экалагічны вікарыят). Эвалюцыйна вікарыруючыя віды фарміруюцца ва ўмовах геагр. ці экалагічнай ізаляцыі. Напр., арэал роду лістоўніцы ўтвораны шэрагам яе геагр. вікарыруючых відаў: лістоўніцай сібірскай (Еўрап. частка і Зах. Сібір), даурскай (Усх. Сібір), амерыканскай (Паўн. Амерыка); у пустынях Еўразіі арэал тушканчыка ўтвораны яго экалагічнымі вікарыруючымі відамі: махнаногім (на пясках) і малым (на гліністых участках). На Беларусі прыклады вікарыруючых відаў: мыш лясная (на Пд і ў сярэдняй частцы) і мыш малая (на Пн); бяроза бародаўчатая (сухія месцы) і бяроза пушыстая (забалочаныя ўчасткі) і інш.
В.В.Грычык.
т. 4, с. 153
ВІКАСО́Л, вітамін K3,
сінтэтычны водарастваральны аналаг вітаміну K3, бісульфітнае вытворнае 2-метыл-1,4-нафтахінону, C11H9NaSO5∙3H2O. Белы або з жаўтаватым адценнем парашок. Садзейнічае павышэнню колькасці пратрамбіну ў крыві печані і ўзмацненню згусальнасці крыві. Па дзеянні ў 2 разы больш актыўны за натуральны вітамін K3 (філахінон). Сутачная патрэбнасць у вікасоле для дарослага чалавека ў норме 1 мг. Лек. сродак для спынення крывацёку, лячэння жаўтухі, гемарою, вострага гепатыту, прамянёвай хваробы і інш., таксама для прафілактыкі K-гіпавітамінозу і K-авітамінозу.
т. 4, с. 153
ВІ́КЕРСА МЕ́ТАД,
спосаб вызначэння цвёрдасці матэрыялаў уцісканнем у паверхню ўзору алмазнай пірамідкі. Распрацаваны англ. канцэрнам «Вікерс» (адсюль назва). Лік цвёрдасці (HV) — адносіны нагрузкі на пірамідку да плошчы пірамідальнай паверхні адбітка. Нагрузка ад 50 да 1000 Н у залежнасці ад цвёрдасці і таўшчыні выпрабавальнага вырабу. Выпрабаванні па Вікерса метадзе праводзяць на стацыянарных устаноўках, памеры адбітка вызначаюць вымяральным мікраскопам.
т. 4, с. 153
«ВІ́КІНГ»
(англ. Viking),
амерыканскія аўтаматычныя арбітальна-пасадачныя станцыі для даследавання Марса. Маса 3420 кт, выш. 4,9 м. Маюць арбітальны (для даследаванняў з каляпланетнай арбіты) і пасадачны (для даследаванняў у час спуску і на паверхні планеты) блокі.
«Вікінг-1» і «Вікінг-2», запушчаныя (адпаведна) 20.8.1975 і 9.9.1975, выйшлі на арбіты вакол Марса 19.6.1976 і 7.8.1976. Пасадачныя блокі зрабілі мяккую пасадку на паверхню планеты 20.7.1976 і 3.9.1976. Даследаванні з пасадачным блокам «Вікінга-2» закончыліся ў сак. 1980, «Вікінга-1» — у ліст. 1982. Упершыню атрыманы фотатэлевізійны відарыс паверхні Марса, здымкі планеты і яе спадарожнікаў Фобаса і Дэймаса; зроблены аналіз грунту (арган. рэчываў і прыкмет жыцця не выяўлена) і атмасферы планеты (выяўлены азот, вадзяная пара); атрыманы прыкметы пластоў вечнай мерзлаты.
Літ.:
Кондратьев К.Я «Викинги» на Марсе. Л., 1977.
т. 4, с. 153