Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАРФЕ́Й,

у стараж.-грэч. міфалогіі бог сноў, што сняць людзі, сын бога сну Гіпноса. Паводле міфаў, М. з’яўляецца людзям пад час сну ў розных чалавечых абліччах. У ант. мастацтве М. паказвалі як старога з крыламі за плячыма. У пераносным сэнсе «ўпасці ў абдымкі М.» — заснуць і сніць сны.

т. 10, с. 144

МАРФЕ́МА (ад грэч. morphē форма),

адна з асноўных адзінак мовы; мінімальны знак — адзінка, у якой за пэўнай фанетычнай формай (азначаючым) замацаваны пэўны змест (азначаемае) і якая не дзеліцца на больш простыя адзінкі таго ж роду. У маўленчай плыні М. рэалізуецца ў выглядзе канкрэтных варыянтаў — морфаў (напр., у словах «рак-а», «рэч-к-а», «рач-н-ы» морфы «рак-», «рэч-», «рач-» рэпрэзентуюць адну М). Паводле становішча ў сістэме мовы М. падзяляюць на свабодныя (матэрыяльна супадаюць з асновай хоць бы ў адным неслужбовым слове, напр., М. «хмар-»), звязаныя (ніколі не супадаюць з асновай, напр., М. «-у-» у словах «абуць», «абутак») і адносна звязаныя (напр., бел. «да» у «даляцець да ракі»). Паводле функцыі М. падзяляюць на службовыя (афіксальныя, гл. Афікс) і неслужбовыя (каранёвыя, гл. Корань); першыя звычайна звязаныя, другія — свабодныя. Ад ролі ў складзе слова М. падзяляюць на словаўтваральныя, ці дэрывацыйныя («пра-дзед»), словазмяняльныя, ці рэляцыйныя («вез-ці»), і формаўтваральныя, ці рэляцыйна-дэрывацыйныя («прыгаж-эйш-ы»), у залежнасці ад паходжання — на ўласныя і запазычаныя. М. могуць быць матэрыяльна выражанымі ці нулявымі («стол» — «стал-ы»). Паняцце «М.» ў мовазнаўства ўвёў рас. вучоны І.​А.​Бадуэн дэ Куртэнэ (1881). Вучэнне пра М. вылучаецца ў асобную галіну мовазнаўства — марфеміку.

Літ.:

Шакун Л.М. Словаўтварэнне. Мн., 1978;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.

П.​П.​Шуба.

т. 10, с. 144

МАРФЕ́МНЫ СЛО́ЎНІК, слоўнік марфемнай члянімасці слоў,

тып аднамоўнага слоўніка, які адлюстроўвае марфемную структуру слоў. Словы ў ім падзелены на марфемы.

Апісвае слова як моўную адзінку, якая складаецца з мінімальных значымых элементаў — марфем. У бел. лексікаграфіі першы слоўнік такога тыпу — «Марфемны слоўнік беларускай мовы» (складальнікі А.​М.​Бардовіч і Л.​М.​Шакун, 1975; 2-е выд. 1989). Падзел слоў на марфемы зроблены з пункту погляду сучаснага разумення марфемнай будовы слова, з улікам яго словаўтваральнай структуры. М.с. адрозніваецца ад словаўтваральнага і тлумачальнага слоўнікаў марфем. М.с. — дапаможнік пры вывучэнні словаўтваральнай сістэмы мовы, структуры слоў, іх правапісу.

А.​А.​Лукашанец.

т. 10, с. 144

МАРФІ́Н,

алкалоід опійнага маку, лекавы прэпарат з абязбольваючым дзеяннем. Выклікае санлівасць, аказвае прыгнечвальны ўплыў на дыханне, павышае тонус гладкай мускулатуры страўнікава-кішачнага тракту, мочавывадных шляхоў і бронхаў, павялічвае ўздзеянне сродкаў для наркозу і інш. Гідрахларыд М. выкарыстоўваюць як абязбольваючы сродак пры траўмах і захворваннях, якія суправаджаюцца моцнымі болямі (інфаркт міякарда, злаякасныя новаўтварэнні і інш.), у пасляаперацыйны перыяд. Працяглае ўжыванне вядзе да наркаманіі.

М.​І.​Федзюковіч.

т. 10, с. 144

МАРХА́,

рака, левы прыток Вілюя, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. 1181 км, пл. басейна 99 тыс. км². Пачынаецца ва ўсх. ч. Вілюйскага плато, цячэ па Сярэднесібірскім пласкагор’і і Цэнтральнаякуцкай раўніне. Асн. прытокі: Маркока (справа), Ханя (злева). Высокае веснавое разводдзе і летне-асеннія паводкі. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 360 м³/с. Ледастаў ад канца вер.пач. кастр. да канца мая — пач. чэрвеня. Зімой перамярзае ў вярхоўі на 7 месяцаў, у нізоўі — на 5 месяцаў. Суднаходная вясной на 984 км ад вусця.

т. 10, с. 144

МА́РХЕЛЬ (Таццяна Рыгораўна) (н. 19.1.1939, в. Шпакоўшчына Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1984). Скончыла Бел. театр.-маст. ін-т (1963). З 1963 у Гродзенскім, з 1967 у Магілёўскім абл. драм. т-рах, з 1970 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа, з 1987 у Т-ры-студыі кінаакцёра, з 1994 у Рэсп. т-ры бел. драматургіі. Характарная актрыса. Створаныя М. вобразы вылучаюцца лірызмам, дакладнасцю псіхалагічнага малюнка, пранікненнем у сутнасць нац. характару, мілагучнай мовай. Найб. значныя ролі: у т-ры імя Я.​Коласа — Маці і Ганна («Сымон-музыка» і «На дарозе жыцця» паводле Я.​Коласа), Вольга Усцінаўна («Снежныя зімы» паводле І.​Шамякіна), Бажашуткава («Амністыя» М.​Матукоўскага), Ганна («Вечар» А.​Дударава), Іхметава («Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.​Дастаеўскага), пані Проціч («Доктар філасофіі» Б.​Нушыча); у Т-ры-студыі кінаакцёра — Батлейшчыца («Дзіця з Віфлеема» М.​Пінігіна паводле бел. нар. песень, запісаных М.); у т-ры бел. драматургіі — Магрэта («Паваліўся нехта» паводле У.​Галубка і Л.​Родзевіча), герцагіня Йоркская і Ведзьма («Рычард III» і «Макбет» У.​Шэкспіра), Гіра («Узлёт Артура VI, які можна было спыніць» Б.​Брэхта), Мірчуткіна («Шампань-скага!» паводле жартаў А.​Чэхава «Сватаўство», «Юбілей») і інш. Першая выканаўца партыі жаночага голасу ў 3-й сімфоніі «Белая вежа» А.​Янчанкі, а таксама бел. нар. песень у спектаклі «Сымон-музыка», тэлеспектаклі «Новая зямля», кінафільме «Людзі на балоце» і інш. Пранікнёнасць гучання голасу, свабодная імправізацыйная манера блізкія да народна-песеннай выканальніцкай традыцыі. Здымаецца ў кіно («Подых навальніцы», «Трэцяга не дадзена», «Кантрольная па спецыяльнасці», «Радаўніца», «Плач перапёлкі», «Маці Урагану», «Яўдоха» і інш.).

А.​В.​Скорабагатчанка.

Т.Р.Мархель.

т. 10, с. 144

МА́РХЕЛЬ (Уладзімір Іосіфавіч) (н. 20.4.1940, в. Жыгалкі Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. літаратуразнавец, перакладчык. Канд. філал. н. (1982). Скончыў БДУ (1964). Настаўнічаў. З 1969 у Цэнтр. навук. б-цы імя Я.​Коласа, з 1971 у Аддзеле навук. інфармацыі па грамадскіх навуках, з 1978 у Ін-це л-ры імя Я.​Купалы Нац. АН Беларусі. Даследуе бел. л-ру 19 ст., бел.-польск. літ. ўзаемасувязі. Аўтар кніг «Лірнік вясковы: Сыракомля ў бел.-польск. літаратурным узаемадзеянні» (1983), «Крыніцы памяці: Старонкі бел.-польск. літаратурнага сумежжа» (1990), «Прадвесце: Бел.-польск. літ. ўзаемадзеянне ў першай палавіне XIX ст.» (1991), «Ты як здароўе...»: Адам Міцкевіч і тэндэнцыі адраджэння бел. літаратуры» (1998). Укладальнік «Твораў» В.​Каратынскага (1981, дапоўненае і перапрацаванае выд. 1994), «Твораў» Я.​Лучыны (1988), і «Санетаў» А.​Міцкевіча, кнігі С.​Манюшкі «Ліра мая для спеваў: Рамансы і песні на словы У.​Сыракомлі» (з В.​І.​Скорабагатавым), зб. «Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай: Бел. польскамоўная паэзія XIX ст.» (усе 1998) і інш. З польск. на бел. мову пераклаў паасобныя творы Я.​Купалы, В.​Дуніна-Марцінкевіча, У.​Сыракомлі, В.​Каратынскага, Я.​Лучыны, Я.​Каханоўскага, Л.​Стафа, Ю.​Тувіма, Р.​Дабравольскага, Б.​Драздоўскага і інш.

Тв.:

Вяшчун славы і волі: Уладзіслаў Сыракомля. Мн., 1989;

Прысутнасць былога. Мн., 1997.

т. 10, с. 145

МАРХЛЕ́ЎСКІ ((Marchlewski) Юльян Балтазар) (17.5.1866, г. Улацлавак, Польшча — 22.3.1925),

дзеяч польскага і міжнар. сацыяліст. руху, эканаміст, публіцыст. Скончыў Цюрыхскі ун-т (1895). Адзін з заснавальнікаў Саюза польскіх рабочых (1889), Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага (1893; з 1900 — Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы). У 1893—1904 і з 1908 у эміграцыі. У 1-ю сусв. вайну адзін з заснавальнікаў (1916) «Спартака саюза» ў Германіі. З 1918 у Сав. Расіі, чл. ВЦВК. Удзельнічаў у стварэнні Камуніст. Інтэрнацыянала. У 1920 узначальваў Часовы польскі рэв. к-т у Беластоку. Адзін з заснавальнікаў (1922) і рэктар Камуніст. ун-та нац. меншасцей Захаду, першы старшыня ЦК Міжнар. арг-цыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі (1923). Аўтар прац па гісторыі, эканоміцы, агр. пытанні: «Фізіякратызм у даўняй Польшчы» (1897), «Польскія буржуазныя праграмы па аграрным пытанні» (1908), «Антысемітызм і рабочыя» (1913) і інш.

Тв.:

Pisma wybrane. T. 1—2. Warszawa, 1952—56.

Н.​К.​Мазоўка.

Ю.Б.Мархлеўскі.

т. 10, с. 145

МАРХУ́Р, вінтарогі казёл (Capra falconeri),

парнакапытная жывёла роду горных казлоў сям. пустарогіх. Некалькі падвідаў, якія адрозніваюцца формай рагоў. Пашыраны ў гарах Азіі. Жывуць да выш. 3500 м, на стромкіх схілах, скалах. Трымаюцца групамі. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. да 1,7 м, выш. ў карку да 0,9 м, маса да 90 кг і больш. Афарбоўка рыжавата-шэрая, у старых самцоў — брудна-белая. Рогі прамыя, закручаны накшталт штопара або вінта (адсюль другая назва). У самцоў на шыі і грудзях падвес з падоўжаных валасоў. Нараджаюць 1—2 казляняці.

Мархур.

т. 10, с. 145

МАРЦЕ́ХАЎ (Васіль Фёдаравіч) (1.4.1917, штат Агайо, ЗША — 12.7.1943),

Герой Сав. Саюза (1943). Беларус. Ў Чырв. Арміі з 1938. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Бранскім, Паўд.-Зах., Паўд., Сталінградскім, Данскім і Варонежскім франтах. Танк. рота пад камандаваннем старшага лейт. М. вызначылася ў ліст. 1942 у Сталінградскай, у ліп. 1943 у Курскай бітвах. Загінуў у баі.

В.Ф.Марцехаў.

т. 10, с. 145