Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАРСКІ́Я ЧАРАПА́ХІ (Cheloniidae),

сямейства чарапах. 4 роды, 6 відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных морах; мігрыруюць на тысячы кіламетраў. Жывуць у вадзе, на сушу выходзяць для адкладкі яец. Усе віды ў Чырв. кнізе МСАП. Найбуйнейшая М.ч. — зялёная, або супавая (Chelonia mydas).

Даўж. яе панцыра да 1,4 м, маса да 400 кг. Панцыр М.ч. невысокі, абцякальнай формы, укрыты рагавымі шчыткамі. Галава і кароткая шыя не поўнасцю хаваюцца пад панцыр. Канечнасці — ласты; пярэднія — веслападобныя з кіпцюркамі, даўжэйшыя за заднія. Хутка плаваюць, глыбока ныраюць. Кормяцца малюскамі, рыбай, водарасцямі. Адкладваюць да 200 яец. Гл. таксама Біса.

Марская чарапаха зялёная.

т. 10, с. 137

МАРСКІ́Я ЯЗЫКІ (Soleoidea),

падатрад (або надсямейства) рыб атр. камбалападобных, 2 сям.: касаротыя, або правабаковыя (Soleidae) і левабаковыя (Cynoglossidae); каля 40 родаў, некалькі дзесяткаў відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных морах (у Азоўскім і Чорным м. трапляюцца касарот — Solea laskaris і салея насатая — S. nasuta), некат. віды — у прэсных водах. Жывуць у прыбярэжнай зоне.

Даўж. да 60 см, маса да 4 кг. Цела падоўжанае, языкападобнае (адсюль назва). Пярэдні край галавы закруглены і выдаецца над рылам. Рот маленькі, косы. Кормяцца беспазваночнымі, дробнай рыбай. Аб’ект промыслу.

Марскі язык.

т. 10, с. 137

МАРСКІ́ ВАКЗА́Л,

комплекс будынкаў і збудаванняў для абслугоўвання пасажыраў, апрацоўкі багажу і грузаў у марскіх портах. Падзяляюцца на пасажырскія і грузапасажырскія, канцавыя і прамежкавыя.

Будуюцца на прыбярэжных участках, у т. л. на молах і пляцоўках з штучнай асновай. Маюць пасаж., багажныя, тэхн. і інш. памяшканні, грузавыя склады (на ўзроўні прычалаў), спец. пасадачныя прыстасаванні (пад’ёмна-паваротныя і крытыя тэлескапічныя трапы), часам галерэі ўздоўж прычалаў або пірсы. Бываюць М.в., высунутыя ў мора (на па́лях), асобныя збудаванні — на плывучых платформах. Гл. таксама Вакзал, Рачны вакзал.

т. 10, с. 133

МАРСКІ́ ГАЛУБО́К,

гл. ў арт. Чайкі.

т. 10, с. 133

МАРСКІ́ ЗА́ЯЦ,

млекакормячая жывёла, гл. Лахтак.

т. 10, с. 133

МАРСКІ́ КЛІ́МАТ, акіянічны клімат,

клімат, які фарміруецца ва ўмовах пераважнага ўздзеяння на атмасферу акіянічных прастораў. Пашыраны пераважна над акіянамі, а таксама над часткамі мацерыкоў, на якія ўплываюць паветр. масы акіянічнага паходжання (напр., над Зах. Еўропай, дзе пануе зах. перанос ветру). Ад кантынентальнага клімату адрозніваецца параўнальна невял. ваганнямі т-ры і значнай вільготнасцю, халаднаватым летам і мяккай зімой (ва ўмераных шыротах), большай воблачнасцю, моцнымі вятрамі, больш познім (на 1—2 месяцы) надыходам самых высокіх і самых нізкіх т-р, вясной больш халоднай за восень і адсутнасцю пастаяннага ўстойлівага снегавога покрыва.

т. 10, с. 133

МАРСКІ́ КОТ,

рыба, гл. ў арт. Хвастаколавыя.

т. 10, с. 133

МАРСКІ́ ПАРК,

нацыянальны або прыродны парк, створаны на акваторыі мора; катэгорыя прыродных асабліва ахоўных тэрыторый. Звычайна ўключае паласу марскога ўзбярэжжа мацерыка, астравоў ці цэлыя астравы. Агульная колькасць М.п. каля 200 (пераважна ў ЗША і Японіі). Першы М.п. у б. СССР створаны каля г. Уладзівасток у 1979 на тэр. Далёкаўсходняга марскога запаведніка. Гл. таксама Нацыянальныя паркі.

т. 10, с. 133

МАРСКІ́ СТАРТ,

міжнародны касмадром марскога базіравання (на плывучай платформе) для пускаў ракет касм. прызначэння, а таксама праект яго стварэння. Каардынацыя работ па яго рэалізацыі вядзецца з 1996 акц. кампаніяй Sea Launch Со (заснавальнікі ЗША, Расія, Нарвегія і Украіна). Касмадром мае стартавую платформу, зборачна-каманднае судна і інш. абсталяванне, што забяспечвае вывядзенне з экватара на геастацыянарную (ці інш.) арбіту спадарожніка з большай масай карыснага грузу, чым з інш. касмадрома. Першы запуск спадарожніка ажыццёўлены ў 1999.

т. 10, с. 133

МАРСКІ́ ТРА́НСПАРТ,

адзін з асн. відаў транспарту, які ажыццяўляе перавозкі грузаў і пасажыраў спец. марскімі суднамі па акіянах і морах. Шырока выкарыстоўваецца для міжнар. і ўнутр. перавозак (гл. Кабатаж). М.т. мае шэраг тэхн.-эканам. пераваг у параўнанні з інш. відамі транспарту: меншыя затраты працы на ажыццяўленне перавозак, неабмежаваная прапускная здольнасць, параўнальна высокая правазная здольнасць рухомага саставу, меншыя ўдзельныя затраты энергіі і паліва, адносна нізкі сабекошт перавозак. М.т. уключае судны розных відаў і прызначэння, марскія лініі і парты, суднарамонтныя прадпрыемствы і суднапад’ёмнае абсталяванне, сродкі сувязі і электрарадыёнавігацыі і інш.

М.т. вядомы ў стараж. краінах задоўга да н.э. Першыя марскія судны былі вёсельныя. Вынайдзены пазней ветразь на многія стагоддзі стаў гал. рухавіком суднаў. Паравая машына дазволіла стварыць першыя самаходныя судны з мех. рухавіком — параходы, рухавік унутр. згарання — цеплаходы, атамны рэактар — атамаходы. Сучасныя марскія судны — складаныя інж. збудаванні, грузападымальнасць асобных з іх дасягае 500 тыс. т, а магутнасць энергет. устаноўкі перавышае 74 тыс. кВт. Судны М.т. падзяляюцца на пасажырскія, сухагрузныя, наліўныя (танкеры) і службова-дапаможныя.

т. 10, с. 133