ГЕ́ТМАН (польск. hetman ад ням. Hauptmann начальнік),
галоўны начальнік над узбр. сіламі ў некат. еўрап. Краінах. 1) У Чэхіі ў 15 ст. камандуючы войскамі табарытаў.
2) У Польшчы з 15 ст. да 1795 пасада камандуючага войскамі (вял. каронны гетман), з пач. 16 ст. сталая, з 1581 пажыццёвая. Прызначаўся каралём. Меў шырокія паўнамоцтвы, у т. л. права набіраць войска, прызначаць афіцэраў, вяршыць суд са смяротным пакараннем. Меў памочніка і намесніка — польнага гетмана.
3) У ВКЛ пасада найвышэйшага (з сярэдзіны 16 ст. — вялікага) гетмана створана ў канцы 15 ст. на ўзор польскай. Прызначаўся вял. князем, з 2-й пал. 16 ст. пажыццёва. У пач. 16 ст. ўведзена пасада дворнага гетмана, які камандаваў прыдворнымі ротамі (гвардыяй) вял. князя. З 2-й пал. 16 ст. ўзначальваў таксама наёмныя атрады, пачаў наз. польным гетманам, з 1680-х г. падначалены вял. гетман.
4) На Украіне ў 2-й пал. 16 ст. — 1-й пал. 17 ст. — камандуючы рэестравымі казакамі, што знаходзіліся на дзярж. службе. У час народна-вызваленчай вайны 1648—54 гетман Б.Хмяльніцкі стаў кіраўніком Украіны і галоўнакамандуючым казацкім войскам. Пасля Андросаўскага перамір’я 1667 гетманы Правабярэжнай Украіны па-ранейшаму прызначаліся польск. каралямі; у 1704 пасада скасавана. На Левабярэжнай Украіне (у складзе Расіі) гетманы, якія мелі адм. і вайсковую ўладу, выбіраліся ген. вайсковай радай (фактычна казацкай старшынай са згоды царскага ўрада), з 1708 прызначаліся царскім урадам; у 1764 пасада скасавана. У 1917—18 былі спробы аднавіць пасаду гетмана.
5) У Малдове ў 17 ст. — камандуючы войскамі.
В.С.Пазднякоў.
т. 5, с. 207
ГЕ́ТМАНШЧЫНА,
1) паўафіцыйная назва Левабярэжнай Украіны (разам з г. Кіеў) у складзе Расіі ў 1667—1764. Кіравалася гетманам, карысталася пэўнай аўтаноміяй (мела ўласныя адм.-тэр. сістэму, суд, фінансы, войска). Рас. ўрад у 1722 і 1734 часова, у 1764 канчаткова скасаваў гетманскае праўленне.
2) Назва ў гіст. л-ры рэжыму «гетмана Украіны» П.П.Скарападскага ў крас.—снеж. 1918. Гл. таксама раздзел Гісторыя ў арт. Украіна.
т. 5, с. 207
ГЕ́ТНЕР ((Hettner) Альфрэд) (6.8.1859, г. Дрэздэн, Германія — 31.6.1941),
нямецкі географ. Праф. Лейпцыгскага (з 1894) і Гейдэльбергскага (1899—1928) ун-таў. Падарожнічаў па Паўд. Амерыцы, Егіпце, Алжыры, Тунісе, Паўд. і Усх. Азіі. Даследаванні ў галіне краіназнаўства, геамарфалогіі, кліматалогіі, геаграфіі чалавека, методыцы выкладання гісторыі і метадалогіі геаграфіі. У 1895 заснаваў і 40 гадоў узначальваў час. «Geographische Zeitschrift» («Геаграфічныя запіскі»).
т. 5, с. 207
ГЕ́ТЫ (Getae),
паўночна-ўсходнія фракійскія плямёны, якія ў 5 ст. да н.э. засялялі тэр. паміж Балканамі і Дунаем. Асн. заняткі насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля. У 60-х г. да н.э. аб’ядналіся з дакамі і стварылі магутны ваенна-племянны саюз. У 20-я г. да н.э. заваяваны Рымам, вялі вызваленчую барацьбу. У 106 канчаткова пераможаны, іх тэрыторыя ўвайшла ў склад рымскай правінцыі Дакія.
т. 5, с. 208
ГЕТЫНА́КС,
слаісты пластык з паперы, прамочанай сінт. смоламі. Найчасцей выкарыстоўваюць фенола-фармальдэгідныя смолы, акрамя звычайнай паперы — азбеставую для вырабу азбагетынаксу і сінт. для арганагетынаксу. Мае высокую мех. трываласць, добры электраізаляцыйны матэрыял, прыдатны для працяглай эксплуатацыі пры т-рах ад -65 °C да 105 °C (азбагетынакс — да 130 °C). Выкарыстоўваюць у вытв-сці трансфарматараў, тэлефонаў, дэталей радыёапаратуры і інш.; дэкаратыўны — для абліцоўкі мэблі, інтэр’ераў суднаў і інш.
т. 5, с. 208
ГЕТЭРА... (ад грэч. heteros іншы, другі),
першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: «другі», «іншы» і адпавядае бел. «разна...», напр., гетэрагамія, гетэрагенез.
т. 5, с. 208
ГЕТЭ́РА (ад грэч. hetaira сяброўка, палюбоўніца),
у Стараж. Грэцыі незамужняя жанчына, якая вядзе свабодны, незалежны лад жыцця. Звычайна гетэры вызначаліся розумам, адукаванасцю і прыгажосцю, вакол іх гуртаваліся мастакі, паэты, філосафы. Знакамітымі гетэрамі былі Аспасія, Глікерыя (каханка Менандра), Фрына (сяброўка Праксіцеля). Вобразы гетэры адлюстраваны ў выяўл. мастацтве (творы вазапісу, насценны жывапіс, рэльефы), л-ры (камедыі грэч. пісьменнікаў Алкіфона, Лукіяна) і інш.
т. 5, с. 208
ГЕТЭРААЎКСІ́Н,
індалілвоцатная кіслата, C10H9NO2, хімічнае рэчыва высокай фізіял. актыўнасці з групы гармонаў росту (аўксінаў). Ёсць у мачы і сліне жывёл, бактэрыях, грыбах, водарасцях і вышэйшых раслінах. Вылучаны ў 1934 з культуры плесневых грыбоў і інш. мікраарганізмаў галандскім хімікам Ф.Кёглем. Уздзейнічае на роставыя працэсы парасткаў, лісця, укаранення чаранкоў, узмацняе размнажэнне клетак у калусах, у спалучэнні з цытакінінамі стымулюе дыферэнцыяцыю клетак. Механізм уздзеяння гетэрааўксіна на клеткі звязваюць з актывацыяй H± выпампоўвальнага механізма ў плазмалеме, на дзейнасць рыбасом і ядра, узмацненне сакрэцыі кіслых гідралаз. Утвараецца ў верхавінкавых мерыстэмах сцябла. Фізіялагічна актыўны ў канцэнтрацыях 10−3 — 10−8 М. Гетэрааўксін — адзіны з аўксінаў, які атрымліваюць сінтэзам.
т. 5, с. 208
ГЕТЭРАБАЗІДЫЯМІЦЭ́ТЫ,
гетэрабазідыяльныя грыбы (Heterobasidiomycetidae), падклас базідыяльных грыбоў. Аб’ядноўвае 2 парадкі: аўрыкулярыяльныя (Auriculariales) і дрыжалкавыя (Tremellales). Пашыраны пераважна ў тропіках, субтропіках і ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. У Еўропе каля 100 відаў, з іх на Беларусі 20. Большасць сапратрофы (дакрыміцэс, калоцэра, дрыжалка і інш.), некат. паразіты (гелікабазідый, септабазідый). Есць ядомыя (аўрыкулярыя).
Характэрная асаблівасць гетэрабазідыяміцэтаў — складаныя, шматклетачныя або з вельмі буйнымі стэрыгмамі базідыі (гетэрабазідыі). Пладовыя целы ад 0,2 да 20 см, разнастайнай будовы і афарбоўкі, у асн. студзяністай кансістэнцыі. Гіменій размешчаны на ўнутр. паверхні пладовага цела або ўкрывае ўсю яго паверхню. Пры высыханні ўтвараюць рогападобныя плеўкі (скарыначкі), пры вільготным надвор’і прымаюць ранейшую форму. Базідыяспоры шматклетачныя, прарастаюць, утвараючы другасную спору або дробныя канідыі.
т. 5, с. 208
ГЕТЭРАГА́МІЯ (ад гетэра... + ...гамія),
1) тып палавога працэсу, пры якім мужчынскія і жаночыя палавыя клеткі (гаметы), што зліваюцца пры апладненні, адрозніваюцца формай і памерам. Для вышэйшых раслін і шматклетачных жывёл, а таксама для некаторых грыбоў характэрна аагамія; у адносінах да некаторых прасцейшых, якім у палавым працэсе ўласцівы капуляцыя і кан’югацыя, выкарыстоўваюць тэрмін «анізагамія». Гл. таксама Ізагамія.
2) Змена функцыі мужчынскіх і жаночых клетак або іх размяшчэнне на расліне (як анамалія).
т. 5, с. 208