участкі кандэнсаванага храмаціну, які захоўваецца на працягу клетачнага цыкла. Стан гетэрахрамаціну вызначаецца кампактызацыяй ДНК і яе трывалай сувяззю з бялкамі (гістонамі). Інтэнсіўна афарбоўваецца ядз. фарбавальнікамі, уранілацэтатам і ў інтэрфазных ядрах відзён пад светлавым і электронным мікраскопамі як сетка цёмнага рэчыва. Ёсць у цэнтрамеры, целамеры, ядзеркавым арганізатары. Генетычна інертны. Абагачаны сатэлітнай ДНК і ўздзейнічае на актыўнасць генаў у сумежным эўхрамаціне. Гетэрахрамацін лічаць адказным за адгезію (зліпанне) сястрынскіх храматыд, за сінапс храмасом і рэкамбінацыю генаў пры красінговеры.
арганічныя злучэнні, малекулы якіх маюць цыклы, што змяшчаюць адначасова атамы вугляроду і атамы інш. элементаў (гетэраатамы), найчасцей азоту, кіслароду, серы. Самы шматлікі клас злучэнняў (уключае каля ⅔ усіх вядомых прыродных і сінт.арган. рэчываў). Уваходзяць у састаў нуклеінавых кіслот, бялкоў, ферментаў, вітамінаў, якія адыгрываюць выключную ролю ў працэсах жыццядзейнасці раслін, жывёл і чалавека.
Разнастайнасць тыпаў гетэрацыклічных злучэнняў абумоўлена тым, што яны могуць адрознівацца: агульным лікам атамаў у цыкле; прыродай, колькасцю і размяшчэннем гетэраатамаў; наяўнасцю або адсутнасцю замяшчальнікаў ці кандэнсаваных цыклаў; насычаным ці ненасычаным характарам гетэрацыклічнага кальца, якое вызначае іх хім. ўласцівасці. Насычаныя гетэрацыклічныя злучэнні хім. ўласцівасцямі блізкія да сваіх аналагаў з адкрытым ланцугом: простых эфіраў, амінаў, сульфідаў і інш. Ненасычаныя гетэрацыклы (пераважна 5- і 6-членныя), якія праяўляюць араматычнасць (напр., фуран, тыяфан, пірол, пірыдзін) наз.гетэраараматычнымі злучэннямі. Для іх, як і для араматычных злучэнняў раду бензолу, найб. характэрныя рэакцыі замяшчэння. На Беларусі даследаванні гетэрацыклічных злучэнняў і іх вытворных праводзяцца ў Ін-тах фізіка-арган. хіміі, біяарган. хіміі Нац.АН, БДУ і Бел.дзярж.тэхнал. ун-це.
ГЕТЭРО́ЗІС (ад грэч. heteroiōsis змена, ператварэнне),
«гібрыдная сіла»; паскарэнне росту, павелічэнне памераў, павышэнне жыццяўстойлівасці і пладавітасці гібрыдаў першага пакалення ў параўнанні з бацькоўскімі формамі раслін або жывёл. У другім і наступных пакаленнях гетэрозіс звычайна затухае. Тэрмін «гетэрозіс» прапанаваў Дж.Шэл у 1914. Існуюць тэорыі гетэрозісу: дамінавання, або звышдамінавання (гетэразігота пераважае гомазіготу), узаемадзеяння дамінантных спрыяльных генаў — генетычны (генны, храмасомны) баланс. Гетэрозіс шырока выкарыстоўваюць як прыём павышэння ўраджайнасці с.-г. раслін і прадукцыйнасці свойскіх жывёл, напр. у жывёлагадоўлі пры міжвідавых, міжпародных і ўнутрыпародных скрыжаваннях, у птушкагадоўлі — для атрымання бройлераў, у раслінаводстве — гібрыднага насення кукурузы, жыта, памідораў, цыбулі, гуркоў і інш.
Адрозніваюць гетэрозіс натуральны — перавагу гібрыда па якой-небудзь прыкмеце над лепшым з бацькоў і гетэрозіс гіпатэтычны — перавагу гібрыда над сярэдняй велічынёй, характэрнай для абодвух бацькоў. У раслін гетэрозіс падзяляюць на рэпрадукцыйны (найб. развіццё рэпрадукцыйных органаў, павышаная здольнасць да размнажэння, ураджайнасць і інш.), саматычны (магутнае развіццё вегетатыўных частак раслін) і адаптыўны (павышэнне прыстасаванасці гібрыдных асобін да ўмоў асяроддзя, іх канкурэнтаздольнасці ў барацьбе за існаванне).
газапаглынальнікі, рэчывы, якія звязваюць газы (акрамя інертных) за кошт хім. ўзаемадзеяння (хемасорбцыя) ці адсорбцыі. Выкарыстоўваюць гетэры (звычайна плёнкі тытану, цырконію, барыю, танталу, малібдэну і інш.) для павышэння вакууму ў электравакуумных прыладах, ачысткі інертных газаў ад прымесей.
1) у Стараж. Грэцыі саюзы, садружнасць, групы грамадзян. Так называлі і афіц. прызнаныя групы, і тайныя паліт. саюзы, пераважна алігархічнага характару.
2) У Грэцыі ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. тайныя рэв. арг-цыі, створаныя ва ўмовах турэцкага панавання (гл.«Філікі Этэрыя»).
ГЕ́ЎЛІЧ (Алена Дзмітрыеўна) (н. 24.11.1018, с. Тамараўка Курганскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне спартыўнай анатоміі. Д-рмед.н. (1967), праф. (1972). Скончыла Туркменскі мед.ін-т (1941). У 1949—79 у Бел. ін-це фізічнай культуры. Навук. працы па праекцыйнай анатоміі асн. баразён мозга і заканамернасцях будовы і функцыі суставаў.
Тв.:
: Влияние физических упражнений на строение и функцию некоторых суставов // Проблемы функциональной морфологии двигательного аппарата. Л., 1956.
у стараж.-грэчаскай міфалогіі бог агню і кавальскага рамяства. Сын Зеўса і Геры. Яго ўяўлялі шыракаплечым, кульгавым і выродлівым, у адзенні рамесніка, з молатам ці клешчамі. Паводле адных міфаў, Зеўс скінуў Гефеста з Алімпа за тое, што ён заступіўся за Геру у час яе спрэчкі з Зеўсам, паводле другіх — Гера пасля родаў скінула з Алімпа выродлівага Гефеста. Яго выратавалі жыхары в-ва Лемнас, дзе засн.г. Гефестый, на в-ве Самас былі гарады Гефестопаль і Гефестыён. Гефест па загадзе Зеўса стварыў першую жанчыну, багіню Зямлі Пандору, прыкаваў да скалы Праметэя. Міф пра Гефеста — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (рэльефы, вазапіс, карціны П.П.Рубенса, Ф.Парміджаніна, Д.Веласкеса, Я.Пальмы Малодшага, А. ван Дэйка і інш.). У рым. міфалогіі Гефесту адпавядае Вулкан.
Л.М.Драбовіч.
Гефест і Фетыда з даспехамі Ахіла. Фрагмент размалёўкі кіліка. Каля 490 да н.э.
міжнародная арганізацыя (напачатку рух) сіянісцкага кірунку для падрыхтоўкі піянераў (халуцым) з яўр. моладзі да перасялення ў Палесціну. Рух пачаўся ў пач. 20 ст. ў Расіі, яго заснавальнік Іосіф Трумпельдор. Удзельнікі Гехалуца засноўвалі вытв. і с.-г. кааператывы для навучання метадам і навыкам працы і ваен. падрыхтоўкі ва ўмовах, набліжаных да ўмоў Палесціны. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 ячэйкі Гехалуца на месцах стварала сацыяліст. сіянісцкая арг-цыя Цэірэй-Цыён. У канцы 1917 групы Гехалуца існавалі ў 25 гарадах і мястэчках Беларусі. На Харкаўскай канферэнцыі Цэірэй-Цыён (1918) заснаваны Усерас. савет аб’яднанняў Гехалуца. 1-я Усерас. канферэнцыя Гехалуца адбылася ў студз. 1919 у Петраградзе; у гэты час ЦК Гехалуца пераехаў у Мінск. Колькасць ячэек Гехалуца ў Расіі перавысіла 60. У лют. 1919 у Віцебску адбылася канферэнцыя бел. аддзялення Гехалуца. У 1920—23 пачалося масавае перасяленне (часцей нелегальнае) яўрэяў з сав. рэспублік у Палесціну. Гал. перашкоду перасяленню чыніла яўр. секцыя РКП(б), па ініцыятыве якой у 1922 адбыліся арышты членаў гехалуца ў Расіі, на Украіне, Беларусі. Аднак у выніку перагавораў з кіраўніцтвам РКП(б) Гехалуц у СССР у 1923 быў легалізаваны, апублікаваны статут Усерас. арг-цыі Гехалуца. З-за расколу ў Гехалуце ў 1923 узніклі 2 яго арг-цыі: Гехалуц у СССР (легальная) і Нац.-працоўная арг-цыя Гехалуца (нелегальная). Першая арг-цыя дзейнічала да 1928, другая — да 1929. У сусв. маштабе дзейнасць Гехалуца працягвалася да канца 1940-х г.
Літ.:
Скир А. Еврейская духовная культура в Беларуси Мн., 1995;
Мы начинали еще в России: Воспоминания. Тель-Авив, 1983.
газанафтавае радовішча ў Іране, адно з буйнейшых у свеце. Уваходзіць у Персідскага заліва нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1928, распрацоўваецца з 1940. Пачатковыя прамысл. запасы нафты 1,49 млрд.т, газу — 162 млрд.м³. Паклады на глыб. 0,75—2,13 км. Шчыльн. нафты 866 кг/м³. Нафтаправоды ў порт на в-ве Харк (Персідскі зал.) і ў г. Абадан.