Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГЕТЭРАГЕНЕ́З (ад гетэра... + ...генез),

1) змена спосабаў размнажэння ў арганізмаў на працягу двух ці больш пакаленняў.

2) Раптоўнае ўзнікненне асобін, якія рэзка адрозніваюцца шэрагам прыкмет ад бацькоўскіх формаў. Адкрыццё гетэрагенезу ням. гістолагам Р.А.Кёлікерам (1864) і рус. вучоным С.І.Каржынскім (1899) дало пачатак мутацыйнай тэорыі.

т. 5, с. 208

ГЕТЭРАГЕ́ННАЯ СІСТЭ́МА,

макраскапічна неаднародная фізіка-хімічная сістэма, якая складаецца з некалькіх розных па фіз. уласцівасцях ці хім. саставе частак (розных фаз).

Адна фаза гетэрагеннай сістэмы аддзелена ад сумежнай з ёй фазы фіз. паверхняй падзелу, што дазваляе механічна раздзяліць іх. Напр., вадкасць і насычаная пара над ёй (розніца ў агрэгатным стане); дзве вадкасці, якія не змешваюцца паміж сабой, — алей і вада (розніца ў саставе). Мікрагетэрагеннымі часта называюць дысперсныя сістэмы з памерамі часцінак ад 5·10​−3 да 10 мкм (золі, мікраэмульсіі і інш.), якія складаюць пераходную вобласць паміж гетэрагеннай сістэмай і гамагеннай сістэмай.

т. 5, с. 208

ГЕТЭРАГЕ́ННЫ РЭА́КТАР,

від ядзернага рэактара, у якім ядзернае паліва аддзелена ад інш. элементаў і матэрыялаў актыўнай зоны. Блокі з ядз. палівам у выглядзе стрыжняў (цеплавыдзяляльныя элементы) размешчаны ў паліўных каналах, што ахалоджваюцца цепланосьбітам, і ўтвараюць правільную прасторавую рашотку (найб. пашыраныя гетэрагенныя рэактары). У параўнанні з гамагеннымі рэактарамі ў гетэрагенным рэактары на прыродным або слабаабагачаным уране значна лепш выкарыстоўваюцца нейтроны (у працэсе дзялення) і меншыя іх страты ў працэсе запавольвання. Найб. пашыраныя ў сучаснай ядз. тэхніцы.

т. 5, с. 208

ГЕТЭРАГО́НІЯ (ад гетэра... + ...гонія),

1) адна з формаў чаргавання пакаленняў у некаторых беспазваночных жывёл (напр., у насякомых), пры якой двухполае пакаленне змяняецца на партэнагенетычнае.

2) Тое, што аламетрыя.

т. 5, с. 208

ГЕТЭРАДЗІ́Н (ад гетэра... + грэч. dynamis сіла),

маламагутны высокачастотны генератар электрычных ваганняў з самаўзбуджэннем. Схема гетэрадзіна бывае лямпавая, напр. з гептодам, і паўправадніковая. Стварае ваганні дапаможнай частаты, якія змешваюцца са знешнімі (карыснымі) высокачастотнымі, у выніку атрымліваюцца ваганні пастаяннай рознаснай (прамежкавай) частаты. Выкарыстоўваецца ў пераўтваральніках частаты супергетэрадзінных радыёпрыёмнікаў, гетэрадзінных частатамерах, радыёвымяральных прыладах і інш.

т. 5, с. 208

ГЕТЭРАЗІГО́ТНАСЦЬ (ад гетэра... + зігота),

спадчынная неаднароднасць гібрыднага арганізма, звязаная з наяўнасцю ў яго гамалагічных храмасомах розных форм (алелей) таго ці іншага гена. Узнікае часцей у выніку зліцця разнаякасных паводле геннага або структурнага складу гамет у гетэразіготу, магчыма і праз мутацыі. Звычайна спрыяе высокай жыццяздольнасці арганізмаў і прыстасаванасці іх да зменлівых умоў асяроддзя, таму пашырана ў прыродных папуляцыях, падтрымлівае ў іх пэўны ўзровень генатыпічнай зменлівасці. У эксперыментах гетэразіготнасць атрымліваюць скрыжаваннем паміж сабой гомазігот па розных алелях. Нашчадкі ад такога скрыжавання аказваюцца гетэразіготамі паводле дадзенага гена. Маскіруючае дзеянне дамінантных алелей пры гетэразіготнасці — прычына захавання і пашырэння ў папуляцыі шкодных рэцэсіўных алелей, якія выяўляюць звычайна пры племянной і селекцыйнай рабоце; у мед. генетыцы важная пры вызначэнні спадчынных захворванняў. Гл. таксама Гомазіготнасць.

т. 5, с. 208

ГЕТЭРАКА́РПІЯ (ад гетэра... + грэч. karpos плод),

разнаплоддзе, генетычна абумоўленая ўласцівасць некаторых відаў кветкавых раслін фарміраваць на адной асобіне рознатыповыя генератыўныя зачаткі (дыяспоры), розныя па марфалогіі і фізіял. уласцівасцях, прыстасаваннях да пашырэння. Неаднароднымі бываюць цэлыя плады (у складанакветных, лебядовых, некаторых крыжакветных) або іх часткі — мерыкарпій, членікі (у парасонавых, агурочнікавых, часткі крыжакветных). Плады могуць займаць рознае становішча ў межах суквецця. Гетэракарпія характэрна пераважна для аднагадовых і эфемерных відаў пустынь, паўпустынь, пустазелля. У флоры Беларусі тыповы прадстаўнік гетэракарпных раслін — наготкі лекавыя, у суквеццях якіх развіваюцца плады, прыстасаваныя да разнясення жывёламі або ветрам.

т. 5, с. 208

ГЕТЭРАМАРФІ́ЗМ (ад гетэра... + грэч. morphē форма, выгляд),

працэс утварэння горных парод з адной і той жа магмы пры розных умовах з розным мінералагічным, але аднолькавым хім. саставам.

т. 5, с. 209

ГЕТЭРАМАРФО́З,

рэгенерацыя, пры якой замест страчанага органа ўтвараецца новы з іншай формай і функцыяй. Пашыраны ў розных жывёл — ад прасцейшых да пазваночных, але часцей трапляецца ў жывёл з нізкай арганізацыяй як праяўленне мутацый, фенакопій, можа абумоўлівацца і спадчыннасцю. Напр., у рачных ракаў замест страчанага складанага фасетачнага вока можа рэгенерыраваць вусік; у дажджавога чарвяка замест ампутаванага галаўнога ўчастка развіваецца хваставая частка цела. Гетэрамарфоз можна выклікаць штучна пры змене ўмоў рэгенерацыі.

т. 5, с. 209

ГЕТЭРАНО́МІЯ (ад гетэра... + грэч. nomos закон),

розная будова сегментаў у пэўных частках цела членістых жывёл. Напр., пярэднія метамеры цела ў насякомых, што зліліся ў адзіны комплекс галавагрудзі, нясуць асн. органы пачуццяў і сківічны апарат, а таксама галаўны мозг; наступныя метамеры ўтвараюць комплексы — грудзі (з хадзільнымі канечнасцямі і крыламі) і брушка (з савакупляльным апаратам, яйцакладам, джалам і інш.).

т. 5, с. 209