Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГЕ́РЫКЕ (Guericke, Gericke) Ота фон (30.11.1602, г. Магдэбург, Германія — 11.5.1686), нямецкі фізік. Вучыўся ў Лейпцыгскім, Гельмштацкім, Іенскім, Лейдэнскім ун-тах (1617—23). У 1646—78 бургамістр г. Магдэбург. Вынайшаў паветр. помпу (1641), з яе дапамогай правёў доследы (у т. л. з «магдэбургскімі паўшар’ямі») для доказу існавання атм. ціску. Пабудаваў адну з першых эл. машын (з яе дапамогай выявіў з’яву эл. адштурхоўвання), вадзяны барометр (выкарыстаў для прадказання надвор’я), паветраны тэрмометр, манометр і інш.

Літ.:

Кудрявцев П.С. История физики. Т. 1—3. 2 изд. М., 1956—1971.

т. 5, с. 203

ГЕРЫ́ЛЬЯ (ісп. guerilla ад guerra вайна),

назва партызанскай вайны ў Іспаніі і краінах Лац. Амерыкі. Найб. вядома ісп. герылья пач. 19 ст. (барацьба нар. мас супраць франц. акупантаў у час рэвалюцыі 1808—14).

т. 5, с. 203

ГЕРЫ́МСКІЯ (Gierymscy),

польскія жывапісцы, браты. Ураджэнцы Варшавы. Вучыліся ў Школе прыгожых мастацтваў у Варшаве і АМ у Мюнхене. Максімілян (15.10.1846 — 16.9.1874). Яго жанрава-пейзажным кампазіцыям уласцівыя тонкасць назіранняў, лірычнасць («Пахаванне гараджаніна», 1868—69; «Паўстанцкі патруль», каля 1873, і інш.). Аляксандр (30.1.1850 — 8.3.1901). У сваіх творах адлюстраваў пераважна карціны жыцця горада: «Яўрэйскае свята» (1884), «Рабочыя пясчанага кар’ера» (1887) і інш. Выкарыстоўваў эфекты асвятлення. У пач. 1880-х г. прыйшоў да імпрэсіянізму («У альтанцы», 1882, «Мора», 1890).

Літ.:

Тананаева Л.И. А.Герымский. М., 1962.

т. 5, с. 203

ГЕ́РЫНГ ((Göring) Герман) (12.1.1893, г. Розенгайм, Германія — 15.10.1946),

адзін з кіраўнікоў фаш. Германіі. Рэйхсмаршал (1940). Прафесійны ваенны. Удзельнік 1-й сусв. вайны, лётчык. Чл. нацыянал-сацыялісцкай партыі з 1922. Кіраўнік штурмавых атрадаў (1922—23). У час нацысцкага путчу 1923 у Мюнхене цяжка паранены. Дэп. (з 1928) і старшыня (1932—45) рэйхстага, садзейнічаў прызначэнню А.Гітлера рэйхсканцлерам. Міністр унутр. спраў Прусіі (1933—34), прэм’ер-міністр (1933—45); ініцыятар стварэння гестапа і канцлагераў, гал. сведка абвінавачвання на Лейпцыгскім працэсе 1933. Рэйхсміністр авіяцыі (з 1933) і галоўнакаманд. ВПС (з 1935). Кіраваў (з 1936) рэалізацыяй 4-гадовага плана (1934—38) падрыхтоўкі Германіі да вайны і ажыццяўленнем аншлюса (сак. 1938). Наведваў з дыпламат. візітамі Італію, Венгрыю, Югаславію, Польшчу. У 2-ю сусв. вайну прызначаны пераемнікам Гітлера, адказваў за дзеянні ВПС; падпісаў 30.7.1941 загад аб знішчэнні 11 млн. еўрап. яўрэяў; рабаваў музеі і калекцыі твораў мастацтва і інш. 7.5.1945 здаўся ў палон амерыканцам. На Нюрнбергскім працэсе як адзін з гал. нацысцкіх ваен. злачынцаў прыгавораны да пакарання смерцю; скончыў самагубствам.

Літ.:

Черная Л.Б. Коричневые диктаторы: Гитлер, Геринг, Гиммлер, Геббельс, Борман, Риббентроп. М., 1992;

Гаранин Л.И. «Второй человек» в рейхе // Вопр. истории. 1992. № 1.

т. 5, с. 203

ГЕРЫ́НДА (Gerindo, скарочана ад Gerakan rajat Indonesia інданез. нар. рух),

палітычная арг-цыя левага кірунку ў Інданезіі ў 1937—42. Заснавальнікі — А.Шарыфуддзін, А.К.Гані, М.Ямін і інш. дзеячы нац.-вызв: руху ва ўмовах нідэрл. панавання ў краіне. Мела на мэце дасягненне самакіравання Інданезіі. З 1939 у складзе адзінага нац. фронту — арг-цыі Паліт. саюз Інданезіі (распушчаны ў 1942 пасля акупацыі краіны японцамі).

т. 5, с. 204

ГЕРЫРУ́Д,

назва р. Тэджэн у Афганістане і Іране.

т. 5, с. 204

ГЕРЫ́ЦЫЙ (Hericium),

род базідыяльных грыбоў сям. яжовікавых. Вядома 8 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 2 віды, найб. трапляецца герыцый каралападобны (H. coralloides). Растуць у лясах на ламаччы і пнях лісцевых парод (асабліва бярозы) летам і восенню.

Пладовыя целы каралападобна разгалінаваныя або лопасцевыя, зрэдку распасцёртыя, мясістыя, белыя, бываюць з ружаватым ці жаўтаватым адценнем, з узростам і пры высыханні бурэюць. Шыпы звычайна абвіслыя, рознай даўжыні.

т. 5, с. 204

ГЕРЫЯТРЫ́Я [ад грэч. gerōn (gerontos) стары + iatreia лячэнне],

навука пра лячэнне людзей пажылога і старэчага ўзросту; клінічны раздзел геранталогіі. Распрацоўвае метады лячэння і прафілактыкі хвароб з мэтай захавання фізічнага і псіхічнага здароўя чалавека да глыбокай старасці. Вырашае праблемы ўзаемасувязі атэрасклерозу і ўзросту, механізма ўзнікнення т.зв. склератычнай артэрыяльнай гіпертэнзіі, цукр. дыябету, механізмы ўзроставых змен апорна-рухальнага апарату, ролю ўзроставых змен у развіцці анкалагічных захворванняў. У розных галінах медыцыны ёсць свае навук. і практычныя праблемы, звязаныя з герыятрыяй. Герыятрычная фармакатэрапія вывучае асаблівасці ўздзеяння лек. сродкаў на стары арганізм. Даказана, што ў пажылым і старэчым узросце значна павышаецца небяспека неспрыяльнага ўздзеяння медыкаментаў. Таму важнае правіла ў герыятрыі — назначэнне строга індывід. паменшаных доз тых лякарстваў, адчувальнасць да якіх пры старэнні павышана (сардэчныя гліказіды, наркатычныя, гіпатэнзіўныя і нейраплегічныя рэчывы). Часцей рэкамендуюцца прэпараты агульнай стымуляцыі (вітаміны, мікраэлементы, біястымулятары), накіраваныя на падтрымку і нармалізацыю метабалічных працэсаў і функцый чалавека.

Л.М.Мажуль.

т. 5, с. 204

ГЕРЭ́РА ((Guerrero) Марыя) (1863 ці 1868, Мадрыд — 23.1.1928),

іспанская актрыса. Вучылася ў Мадрыдскай кансерваторыі. Дэбютавала ў т-ры «Эспаньёль» (Мадрыд). Стварыла і ў 1896—1909 кіравала (разам з мужам, акцёрам Ф.Дыясам дэ Мендоса) трупай «Герэра—Мендоса», у 1908—24 — т-рам «Прынсеса» (у 1931 т-ру прысвоена яе імя). Ставіла творы нац. і сусв. класікі (Лопэ дэ Вэга, Х.Руіс дэ Аларкон-і-Мендоса, Тырса дэ Маліна, П.Кальдэрон, Ф.Шылер і інш.), у якіх іграла галоўныя ролі.

т. 5, с. 204

ГЕРЭ́РА І ГАТЭНТО́ТАЎ ПАЎСТА́ННЕ 1904—07,

антыкаланіяльнае паўстанне ў Паўд.-Зах. Афрыцы (цяпер Намібія). Гл. раздзел Гісторыя ў арт. Намібія.

т. 5, с. 204