Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАРО́НІ (Moroni),

горад, сталіца дзяржавы Каморскія Астравы. Знаходзіцца на в-ве Нгазіджа (б. Гранд-Камор). 30 тыс. ж. (1992). Галоўны марскі порт краіны. Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі, харч., парфумерныя, дрэваапр., цэм., металаапрацоўчыя. Цэнтр гандлю ваніллю, какавай, кавай.

т. 10, с. 129

МАРО́СЬКАЎСКІ СКАРБ,

манетны скарб, знойдзены ў в. Мароські Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. ў 1971. Скарб ухаваны ў 1655—56. У гліняным гаршку знаходзіліся білонныя і сярэбраныя манеты ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Шведскай Прыбалтыкі, Курляндыі, Брандэнбурга, Прусіі, герцагстваў Цешын і Сучава, Іспанскіх Нідэрландаў, Рэспублікі Злучаных Правінцый, з якіх вядомы 5682 экз. Адзін з найбуйнейшых грашовых скарбаў 17 ст., выяўленых на Беларусі. Зберагаецца ў Мінскім абл. краязн. музеі.

т. 10, с. 129

МАРО́ХАРАВА,

вёска ў Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Жыткавічы, 230 км ад Гомеля. 451 ж., 194 двары (1999). Гасп.-разліковае гандл.-вытв. аб’яднанне. Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 10, с. 129

МАРО́ЧНА,

балота на ПдЗ Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Беларусі і на Украіне. Мяшанага (70%), нізіннага (25%) і вярховага тыпаў. Пл. ў межах Беларусі 12,8 тыс. га, на Украіне 0,6 тыс. га, у межах прамысл. пакладу на Беларусі 10,2 тыс. га. Глыб. торфу да 5,7 м. Амаль на ўсёй плошчы падсцілачны торф магутнасцю 1,2 м, месцамі пад ім трапляецца сапрапель. На асушаных землях сеюць збожжавыя і прапашныя культуры, травы.

т. 10, с. 129

МАРО́ЧНА,

вадасховішча ў Столінскім р-не Брэсцкай вобл., за 22 км на 3 ад г. Столін, каля в. Калоднае. Створана ў 1988. Пл. 1,4 км2, даўж. 1,9 км, найб. шыр. 1,15 км, найб. глыб. 5,2 м, аб’ём вады 4,3 млн. м³. Напаўняецца вадой з р. Стубла. Ваганні ўзроўню на працягу года да 2,9 м. Выкарыстоўваецца для арашэння с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі.

т. 10, с. 129

МАРО́ШКА (Rubus chamaemorus),

кветкавая расліна сям. ружавых. Пашырана ў тундравай і таежнай зонах Паўн. паўшар’я. На Беларусі рэдкі арктабарэальны рэліктавы від, трапляецца за межамі суцэльнага пашырэння пераважна ў Віцебскай і на Пн Мінскай абласцей на вярховых балотах і ў забалочаных лясах. Занесена ў Чырв. кнігу.

Шматгадовая двухдомная травяністая расліна выш. 5—20 см з доўгім паўзучым карэнішчам. Лісце ныркападобнае, маршчыністае, 5-лопасцевае. Кветкі буйныя, белыя, адзіночныя, аднаполыя. Плод — аранжавая шматкасцянка, ядомы. Лек., харч. і меданосная расліна.

Марошка.

т. 10, с. 129

МАРС (Mars),

старажытнаіталійскае бажаство, першапачаткова бог палёў і ўраджаю, потым бог вайны. У Стараж. Рыме святы ў яго гонар наладжваліся ў сак. і кастрычніку. Лічыўся бацькам Рэма і Ромула, заснавальнікаў Рыма. Атаясамліваўся з грэч. богам Арэсам. У гонар М. рымляне назвалі першы месяц вясны (сакавік), з якога па іх календары пачынаўся год. Ад лац. Mars пайшлі назвы гэтага месяца ў большасці еўрап. моў (ням. März, рус. март і г.д.).

т. 10, с. 129

МАРС,

чацвёртая ад Сонца планета Сонечнай сістэмы. Знак . Мае выгляд яркага свяціла чырвонага колеру (-2,01 зорнай велічыні).

Сярэдняя адлегласць ад Сонца 227,94 млн. км. Адлегласць ад Зямлі мяняецца ад 55,7 млн. да 101,2 млн. км. Абарачаецца вакол Сонца па эліптычнай арбіце (эксцэнтрысітэт 0,0934) з перыядам 1,88 года (687 сут). Сярэдняя скорасць на арбіце 24,13 км/с. Перыяд абарачэння вакол восі 24,62 гадз. Раз у 2 гады адбываецца процістаянне М. (гл. Процістаянні планет), кожныя 15—17 гадоў — вялікія процістаянні. Экватарыяльны радыус М. 3397,2 км, палярны 3376,4 км, маса 6,42 ∙ 10​23кг (каля 0,107 масы Зямлі), сярэдняя шчыльнасць 3943 кг/м³. Нахіл экватара да плоскасці арбіты (25,2°) абумоўлівае змену пораў года, аналагічных зямным. Паверхня М. пустынная. пакрытая камянямі; шмат кратэраў. Мінім. т-ра паверхні -140 °C, макс. — 20 °C. Атмасфера складаецца з вуглякіслага газу СО2 (95,32%) азоту N2 (2,7%), аргону Ar(1,6%), кіслароду О2 (0,13%), вадзяной пары (0,03%). Атм. ціск на паверхні 700 Па. М. мае паўночную і паўднёвую палярныя шапкі, якія складаюцца з замёрзлага вуглякіслага газу і вады; з надыходам лета ў адным паўшар’і яго шапка выпараецца, з надыходам зімы зноў з’яўляецца. Ніякіх прыкмет існавання жыцця на М. не выяўлена. Біял. эксперыменты, праведзеныя пры дапамозе пасадачных апаратаў «Вікінг», не выявілі наяўнасці жывых мікраарганізмаў у глебе. М. мае 2 спадарожнікі — Фобас і Дэймас. Большасць звестак пра М. атрымана пры дапамозе касм. апаратаў «Марс», «Марынер», «Вікінг».

Літ.:

Мороз В.И. Физика планеты Марс. М., 1978;

Поверхность Марса. М., 1980;

Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ. М., 1984.

А.А.Шымбалёў.

Фатаграфія паверхні планеты Марс, атрыманая пры дапамозе аўтаматычнай станцыі «Вікінг-1» (1976, ЗША).
Да арт. «Марс». Аўтаматычная станцыя «Марс-1»: 1 — радыятар сістэмы тэрмарэгулявання; 2 — панэлі сонечных батарэй; 3 — вузканакіраваная антэна; 4 — арбітальны адсек; 5 — рухальная ўстаноўка для карэкцыі; 6 — востранакіраваная антэна.
Агульны выгляд планеты Марс (касмічны тэлескоп імя Э.Хабла, 1995, НАСА).

т. 10, с. 130

«МАРС»,

серыя сав. аўтаматычных міжпланетных станцый (АМС) для даследавання Марса і касм. прасторы, а таксама праграма іх распрацоўкі і запускаў.

У 1962—74 адбыліся палёты 7 «М.». «М.-1» — першая ў свеце АМС, запушчаная 1.11.1962 ў бок Марса для даследаванняў пры блізкім пралёце. Капсула «М.-2» дасягнула Марса (снеж. 1971). Спускальны апарат «М.-З» (2.12.1971) здзейсніў пасадку на Марс. У 1973 упершыню па міжпланетнай трасе адначасова адбыліся палёты 4 АМС: «М.-4» — «М.-7». Арбітальныя адсекі «М.-2», «М.-З», «М.-5» сталі штучнымі спадарожнікамі Марса. Спускальны апарат «М.-6» дасягнуў паверхні Марса. АМС «М.» далі магчымасць атрымаць навук. даныя пра касм. прастору, атмасферу і паверхню Марса.

У.С.Ларыёнаў.

т. 10, с. 130

МА́РСАВА ПО́ЛЕ (Campus Martius, Ager Martius),

y Старажытным Рыме вял. нізіна на левым беразе р. Тыбр (па-за межамі горада), дзе праходзілі нар. сходы — цэнтурыятныя каміцыі. На М.п. знаходзіўся адзін з найб. шанаваных храмаў Марса (адсюль назва), у гонар якога праводзіліся ваен. агляды, спарт. спаборніцтвы, парады вершнікаў. Па аналогіі з М.п. у Стараж. Рыме названы плошчы ў інш. гарадах (М.п. ў Парыжы, С.-Пецярбургу і інш.).

т. 10, с. 130