Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КІНБУ́РНСКАЯ КАСА́,

нізінная пясчаная каса паміж Дняпроўскім і Егарлыцкім ліманамі Чорнага м., у Херсонскай вобл. Украіны. Даўж. каля 40 км, шыр. 8—10 км. Па берагах прэсных і салёных азёр месцы гнездавання птушак; частка тэр. Чарнаморскага запаведніка. У час рус.-тур. вайны 1787—91 рус. войскі А.В.Суворава разграмілі на К.к. тур. дэсант.

т. 8, с. 268

КІНГ ((King) Білі Джын) (н. 12.11.1943, г. Пасадэна, ЗША),

амер. спартсменка (тэніс). Уладальніца прыза «Вялікі шлем» (выйгрыш у адным сезоне 4 буйнейшых турніраў — адкрытых першынстваў Аўстраліі, ЗША, Францыі і Уімблдонскага турніру, Англія) у змешаным парным разрадзе (1963, з К.Флетчэрам), у адзіночным разрадзе (1970). Пераможца Уімблдонскіх турніраў у адзіночным разрадзе (1966—68, 1972—73, 1975), у жан. парным разрадзе (1961—62, з К.Суэмэн; 1965, з М.Буэна; 1967—68, 1970—71, з Р.Кэзелс; 1972, з Б.Стове), у змешаным парным разрадзе (1967, 1971, з О.Дэвідсанам). Пераможца міжнар. турніраў у ЗША (1967, 1971—72, 1974), Аўстраліі (1968), Францыі (1972) у адзіночным разрадзе.

т. 8, с. 268

КІНГ ((King) Марцін Лютэр) (15.1.1929, г. Атланта, ЗША — 4.4.1968),

адзін з кіраўнікоў руху за грамадз. правы неграў у ЗША, ініцыятар тактыкі ненасільных дзеянняў. Баптысцкі пастар (з 1954). Скончыў Бостанскі ун-т са ступенню д-ра філасофіі (1955). У 1956 арганізаваў байкот аўтобуснага руху, што прывяло да адмены расавага раз’яднання ў грамадскім транспарце ў г. Мантгомеры і інш. месцах. У 1957 заснаваў і ўзначаліў негрыцянскую арг-цыю «Паўд. канферэнцыя хрысц. кіраўніцтва». Правёў шэраг антырасісцкіх дэманстрацый, у т. л. марш на Вашынгтон (1963). Неаднаразова быў арыштаваны. Аўтар кніг «Крок да свабоды. Мантгомерская гісторыя» (1958), «Сіла любові» (1963), «Чаму мы не можам чакаць» (1964) і інш. Забіты расістамі ў г. Мемфіс. Нобелеўская прэмія міру 1964.

Тв.:

Рус. пер. — Есть у меня мечта...: Избр. тр. и выступления. М., 1970.

М.Л.Кінг.

т. 8, с. 268

КІ́НГІСЕП ((Kingissepp) Віктар Эдуардавіч) (24.3.1888, в-аў Саарэмаа, Эстонія — 4.5.1922),

эстонскі паліт. дзеяч. Скончыў Пецярб. ун-т (1917). З чэрв. 1917 адзін з кіраўнікоў бальшавіцкай арганізацыі Эстоніі, арганізатар Чырв. гвардыі. З ліст. 1917 нам. старшыні ВРК, чл. Выканкома Саветаў Эстляндскага краю. З сак. 1918 у Маскве, у Вярх. рэўтрыбунале і ВЧК, чл. ВЦВК. З ліст. 1918 адзін з кіраўнікоў Кампартыі Эстоніі, якая дзейнічала ў падполлі, на яе 1-м (1920) і 2-м (1921) з’ездах выбраны чл. ЦК і яго палітбюро. Арыштаваны эст. паліцыяй і паводле прыгавору ваен.-палявога суда расстраляны.

т. 8, с. 268

КІ́НГСТАН (Kingston),

горад, сталіца Ямайкі. Засн. англічанамі ў 1693. 103,8 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 800 тыс. ж. (1991). Порт на Карыбскім м. Праз К. праходзіць увесь імпарт і значная ч. экспарту Ямайкі (вываз цукру, рому, бананаў, кавы, бавоўны). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Палісейдас. Прам-сць: харч., лёгкая, дрэваапр., нафтаперапр., металаапрацоўчая. Ун-т. Крэпасць Рокфарт (17—19 ст.).

т. 8, с. 268

КІ́НГСТАН-АПО́Н-ХАЛ, Кінгстан-эпон-Хал (Kingston upon Hall),

горад у Вялікабрытаніі, гл. Хал.

т. 8, с. 268

КІ́НГСТАЎН (Kingstown),

горад, сталіца дзяржавы Сент-Вінсент і Грэнадзіны, на Пд в-ва Сент-Вінсент. 15,9 тыс. ж. (1994). Харч., мылаварныя прадпрыемствы. Турызм.

т. 8, с. 268

КІНГС-КАНЬЁН (Kings Canyon),

нацыянальны парк у ЗША, у штаце Каліфорнія, на зах. схілах цэнтр. ч. горнай сістэмы Сьера-Невада. Засн. ў 1940. Пл. 186,2 тыс. га. Горныя хрыбты (выш. 1500—2500 м), хрыбет Сьера-Невада (выш. 4116 м), самы глыбокі ў Паўн. Амерыцы аднайм. каньён (2400 м, цясніна р. Кінгс), азёры, вадаспады, горныя лугі, хвойныя лясы (хвоя, піхта, секвоядэндран гіганцкі). Водзяцца чорны мядзведзь, горны баран і інш. Агаленні меза- і кайназойскіх адкладаў. Біясферны рэзерват. Аб’ект турызму.

Г.Я.Рылюк.

т. 8, с. 268

КІ́НДЗІ, аль-Кіндзі Абу Юсуф Якуб ібн Ісхак (латынізаванае Аль-кіндус; Alchindus, канец 8 ст., Куфа, Ірак — паміж 860 і 879), арабскі вучоны, філосаф, першы прадстаўнік усх. арыстоцелізму. У сваіх працах спалучаў філас. думку араб. ўсходу з ант. філасофіяй, наблізіўся да неаплатанізму. Аўтар пераказу твораў шэрагу грэч. філосафаў і каментарыяў да «Катэгорый» і «Другой аналітыкі» Арыстоцеля, «Элементаў» Эўкліда і «Альмагесту» Пталамея. Пад уплывам поглядаў мутазілітаў імкнуўся пагадзіць ідэі і светапогляд грэч. філосафаў з асновамі ісламу, за што праследаваўся. Распрацаваў канцэпцыю аб 3 ступенях навук. пазнання: ад логікі і матэматыкі праз прыродазнаўчыя навукі да праблем філасофіі. Прапанаваў тэорыю пра 5 прасубстанцый (матэрыя, форма, рух, прастора і час). Абгрунтаваў канцэпцыю аб 4 відах розуму (актуальны, патэнцыяльны, набыты і які праяўляецца). Яго філас. погляды паўплывалі на развіццё сярэдневяковай араб. і еўрап. філасофіі. Напісаў каля 200 навук. прац (захавалася больш за 40 трактатаў).

Тв.:

Рус. пер. — Трактат о количестве книг Аристотеля и о том, что необходимо для усвоения философии;

О первой философии;

Книга о пяти сущностях;

Объяснение ближней действующей причины возникновения и уничтожения // Избр. произв. мыслителей стран Ближнего и Среднего Востока IX—XIV вв. М., 1961.

Літ.:

Григорьян С.Н. Средневековая философия народов Ближнего и Среднего Востока. М., 1966.

В.І.Боўш.

т. 8, с. 268

КІНЕМАТАГРА́ФІЯ,

галіна культуры (гл. Кінамастацтва) і эканомікі, што ажыццяўляе вытворчасць, тыражаванне і пракат кінафільмаў. Іх вытв-сць пры дапамозе кінатэхнікі сканцэнтравана на кінастудыях. Дэманструюцца фільмы ў кінатэатрах, на перасоўнай апаратуры, па тэлебачанні, у форме відэакасет і відэадыскаў.

т. 8, с. 268