Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДРУГІ́ ФРОНТ,

тэатр баявых дзеянняў англа-амер. войск у Зах. Еўропе супраць фаш. Германіі ў 1944—45 другую сусветную вайну 1939—45. Ідэя яго адкрыцця ўзнікла пасля нападзення Германіі на СССР, калі І.В.Сталін у лісце да прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі У.Чэрчыля ад 18.7.1941 прапанаваў брыт. боку пачаць ваен. дзеянні ў Паўн. Францыі і Арктыцы з мэтай адцягнуць з сав.-герм. (усх.) фронту 30—40 ням. дывізій. Чэрчыль адхіліў прапанову, спасылаючыся на недахоп сіл і сродкаў. Дасягнутыя пазней дамоўленасці з урадамі Вялікабрытаніі і ЗША аб адкрыцці Д.ф. ў Зах. Еўропе ў 1942—43 з-за рознагалоссяў бакоў (напр., Чэрчыль выступаў за адкрыццё фронту на Балканах) не былі рэалізаваны. У 1942 англа-амер. войскі высадзіліся ў Паўн. Афрыцы, у 1943 на в-ве Сіцылія і ў Паўд. Італіі. На Тэгеранскай канферэнцыі 1943 Чэрчыль і прэзідэнт ЗША Ф.Рузвельт абавязаліся адкрыць Д.ф. у маі 1944 (пазней тэрмін перанесены на чэрв. 1944). 6.6.1944 англа-амер. войскі (43 дывізіі) высадзіліся ў Паўн. Францыі (гл. Нармандская дэсантная аперацыя 1944). Дзейнасць Д.ф. (існаваў 11 месяцаў) паскорыла разгром фашызму. Гл. таксама Маскоўскія нарады 1941, 1943, 1945, Квебекскія канферэнцыі, Другая сусветная вайна 1939—45.

Літ.:

Ржешевский О.А. История второго фронта: война и дипломатия. М., 1988;

Хастингс М. Операция «Оверлорл»: Как был открыт второй фронт: Пер. с англ. М., 1989.

Да арт. Другі фронт. Высадка англа-амерыканскіх войск у Нармандыі (Францыя, 6.6.1944).

т. 6, с. 217

ДРУГО́Е АБВЯШЧЭ́ННЕ БССР,

гл. Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 217

ДРУГО́Е СЕ́РБСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1815,

нацыянальна-вызваленчае, супраць тур. панавання ў Сербіі; гл. ў арт. Сербскія паўстанні пачатку 19 стагоддзя.

т. 6, с. 217

ДРУ́ЖБА,

форма адносін паміж людзьмі, заснаваная на добраахвотнасці, узаемнай прыхільнасці, павазе і трываласці. Этыка вывучае Д. як абсалютную, самадастатковую каштоўнасць. У гісторыі філасофіі Д. разглядалася пераважна ў этычным плане, падкрэсліваўся яе эмацыянальны аспект (М.Мантэнь) або ў аснову ўзнікнення Д. ставілася агульнасць інтарэсаў і разумны эгаізм (К.Гельвецый). Сапраўдны культ Д. быў створаны ням. рамантыкамі, якія бачылі ў ёй выратаванне ад эгаізму; сацыялісты-утапісты прапаведавалі ўстанаўленне Д. ўсіх людзей. Псіхал. змест, асн. функцыі, заканамернасці развіцця Д. залежаць ад полаўзроставых і індывід.-асобасных асаблівасцей чалавека. На кожным з жыццёвых этапаў Д. мае сваю маральна-псіхал. каштоўнасць, з’яўляецца адным з найважнейшых фактараў фарміравання асобы, падтрымкі стабільнасці Я-канцэпцыі. Найб. значнасць і выключнасць Д. набывае ў юнацтве. Пазней мяняецца структура адносін, яны становяцца больш дыферэнцыраванымі і цесна звязанымі з колам інш. прыхільнасцей і сувязей (сямейных, роднасных, прафес. і інш.). Паняцце «Д.» блізкае, але не тоеснае паняццям любові, таварыскасці, дзелавых узаемаадносін. У шырокім сэнсе Д. азначае і міжасобасныя і сац. адносіны. Д. звязвае паміж сабой групы людзей (калектывы, нацыі, народы). Д. народаў грунтуецца на ўзаемнай павазе да традыцый, культуры кожнага народа, на прызнанні іх самабытнасці і унікальнасці, правоў на самаст. вырашэнне свайго гіст. лёсу.

Л.І.Навуменка.

т. 6, с. 217

ДРУ́ЖБА,

прыморскі кліматычны курорт у Балгарыі. За 9 км на ПнУ ад Варны і Залатых Пяскоў, на беразе Чорнага м. Клімат марскі, з мяккай зімой, гарачым і сухім летам. Пясчаны пляж з прылеглым мелкаводдзем. Умовы спрыяльныя для клімата- і таласатэрапіі хвароб органаў дыхання, у т. л. бранхіяльнай астмы, сардэчна-сасудзістых, нырачных, абменных, нерв. і інш. расстройстваў і парушэнняў. Месца правядзення міжнар. кангрэсаў і сімпозіумаў. У арх. ансамблі курорта стараж. манастыр св. Канстанціна.

т. 6, с. 217

ДРУ́ЖКІ,

вясельныя чыны з бліжэйшай світы маладой (незамужняя сястра, дачка хросных бацькоў, блізкія сяброўкі) або маладога (нежанаты брат, блізкія сваякі, сябры). Д. нявесты (баяркі, бальшанкі, паднявесціны, шаферкі) суправаджалі яе на працягу вяселля ў яе хаце да ад’езду ў дом маладога. Галоўнай была старшая Д., якая разам з маладой хадзіла на запросіны, удзельнічала ў выпяканні каравая, віла вянок на суборную суботу, расплятала і заплятала касу на пасадзе і г.д. Старшы Д. з боку жаніха разам з ім хадзіў запрашаць на вяселле радню, ехаў за маладой, садзіў маладога на пасад, трымаў вянок над яго галавой у час вянчання. Звычайна колькасць Д. была няцотнай.

Л.А.Малаш.

т. 6, с. 217

ДРУ́ЖЧЫЦ (Друшчыц) Васіль Данілавіч

(8.2.1886, в. Першамайская Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 20.12.1937),

бел. гісторык. Скончыў Тартускі ун-т (1911). Выкладаў гісторыю ў Вільні, Шаўляі, Рэчыцы, Бабруйску. Удзельнічаў у працы Беларускага культурна-асветнага таварыства ў Бабруйску. З 1922 выкладчык, з 1927 праф. БДУ, адначасова з 1924 правадз. член Інбелкульта, з 1927 старшыня камісіі Інбелкульта па гісторыі гарадоў. З 1933 супрацоўнік Ін-та гісторыі Бел. АН, праф. кафедры гісторыі народаў СССР Літ. ін-та імя А.І.Герцэна (Масква). 14.1.1937 арыштаваны, 19.12.1937 асуджаны ваен. калегіяй Вярх. суда СССР да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны ў Мінску. Рэабілітаваны ў 1958. Даследаваў гісторыю Беларусі эпохі феадалізму, у т. л. магдэбургскае права ў бел. гарадах 15—18 ст., гісторыю кнігадрукавання.

В.Д.Дружчыц.

т. 6, с. 218

ДРУЖЫ́ЛАВІЧЫ,

вёска ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Іванава—в. Моталь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на Пн ад Іванава, 152 км ад Брэста, 14 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі. 666 ж., 243 двары (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Мікалаеўская царква (1777).

т. 6, с. 218

ДРУЖЫ́НА,

1) атрад воінаў, якія аб’ядноўваліся вакал племяннога правадыра ў перыяд разлажэння родавага ладу, пазней вакол князя (караля). У стараж. германцаў згадваецца ў гіст. крыніцах у 1 ст. да н.э. як часовая, а з 1 ст. н.э. як пастаянная.

2) У Стараж. Русі арганізаваныя паводле пэўных прынцыпаў прафес. вайсковыя атрады пры князю, якія ўдзельнічалі ў ваен. паходах, кіраванні княствам і асабістай гаспадаркай князя.

3) Войска цалкам.

4) Карпаратыўная арг-цыя раннефеад. знаці вакол асоб княжацкага паходжання ў 9—13 ст. або асобныя яе часткі. Складаная на чале з князем іерархія дружыннікаў розных рангаў і баяр («старэйшая» Д.), уласна дружыннікаў і т.зв. («малодшая» Д.). У земскай Д. месца князя займала абшчына ў асобе вечавых устаноў. Д. выконвала ўрадавыя, адм., суд. і паліцэйскія функцыі. У ваен. сэнсе — заўжды гатовы да дзеяння аддзел пры князю ці земскай абшчыне. Да 13 ст. прыйшла ў заняпад, саступіла месца інш. прынцыпам арганізацыі пануючага класа (у прыватнасці, двару, пачалося фарміраванне дваранства). Канчатковае знікненне Д. даследчыкі датуюць 12—14 ст. 5) Назва кампаній, арцелей іканапісцаў (14—15 ст.), манастырскай браціі (16 ст.).

Літ.:

Горский А.А. Древнерусская дружина. М., 1989;

Ласкавы Г.В. Да пытання аб арганізацыі і складзе ўзброеных сіл Полацкай зямлі ў канцы XI — пачатку XIII стст. // Гістарычна-археалагічны зборнік памяці Міхася Ткачова. Мн., 1993. Ч. 2.

т. 6, с. 218

ДРУЖЫ́НА (Міхаіл Афанасьевіч) (н. 7.5.1922, в. Курылаўка Днепрапятроўскай вобл., Украіна),

бел. спявак (бас). Засл. арт. Беларусі (1982). Скончыў Бел. кансерваторыю (1956, клас Я.Віцінга). З 1956 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодае голасам шырокага дыяпазону, добрымі сцэнічнымі данымі, свабодна адчувае сябе ў партыях лірыка-драм. і камедыйнага плана. Сярод партый нац. рэпертуару: Гадлеўскі («Яснае світанне» А.Туранкова), Прафесар, Ракоўскі («Калючая ружа», «Новая зямля» Ю.Семянякі), Палкоўнік («Надзея Дурава» А.Багатырова), Найміт («Сівая легенда» Дз.Смольскага); найб. значныя партыі з класічных опер — Сусанін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Дасіфей, Пімен («Хаваншчьша», «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Канчак («Князь Ігар» А.Барадзіна), цар Дадон («Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава), Агамемнан («Арэстэя» С.Танеева), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Інквізітар («Дон Карлас» Дж.Вердзі), Стольнік («Галька» С.Манюшкі).

А.Я.Ракава.

т. 6, с. 218