ДРУ́ЖБА,
форма адносін паміж людзьмі, заснаваная на добраахвотнасці, узаемнай прыхільнасці, павазе і трываласці. Этыка вывучае Д. як абсалютную, самадастатковую каштоўнасць. У гісторыі філасофіі Д. разглядалася пераважна ў этычным плане, падкрэсліваўся яе эмацыянальны аспект (М.Мантэнь) або ў аснову ўзнікнення Д. ставілася агульнасць інтарэсаў і разумны эгаізм (К.Гельвецый). Сапраўдны культ Д. быў створаны ням. рамантыкамі, якія бачылі ў ёй выратаванне ад эгаізму; сацыялісты-утапісты прапаведавалі ўстанаўленне Д. ўсіх людзей. Псіхал. змест, асн. функцыі, заканамернасці развіцця Д. залежаць ад полаўзроставых і індывід.-асобасных асаблівасцей чалавека. На кожным з жыццёвых этапаў Д. мае сваю маральна-псіхал. каштоўнасць, з’яўляецца адным з найважнейшых фактараў фарміравання асобы, падтрымкі стабільнасці Я-канцэпцыі. Найб. значнасць і выключнасць Д. набывае ў юнацтве. Пазней мяняецца структура адносін, яны становяцца больш дыферэнцыраванымі і цесна звязанымі з колам інш. прыхільнасцей і сувязей (сямейных, роднасных, прафес. і інш.). Паняцце «Д.» блізкае, але не тоеснае паняццям любові, таварыскасці, дзелавых узаемаадносін. У шырокім сэнсе Д. азначае і міжасобасныя і сац. адносіны. Д. звязвае паміж сабой групы людзей (калектывы, нацыі, народы). Д. народаў грунтуецца на ўзаемнай павазе да традыцый, культуры кожнага народа, на прызнанні іх самабытнасці і унікальнасці, правоў на самаст. вырашэнне свайго гіст. лёсу.
Л.І.Навуменка.
т. 6, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)