ДРУ́ЖКІ,

вясельныя чыны з бліжэйшай світы маладой (незамужняя сястра, дачка хросных бацькоў, блізкія сяброўкі) або маладога (нежанаты брат, блізкія сваякі, сябры). Д. нявесты (баяркі, бальшанкі, паднявесціны, шаферкі) суправаджалі яе на працягу вяселля ў яе хаце да ад’езду ў дом маладога. Галоўнай была старшая Д., якая разам з маладой хадзіла на запросіны, удзельнічала ў выпяканні каравая, віла вянок на суборную суботу, расплятала і заплятала касу на пасадзе і г.д. Старшы Д. з боку жаніха разам з ім хадзіў запрашаць на вяселле радню, ехаў за маладой, садзіў маладога на пасад, трымаў вянок над яго галавой у час вянчання. Звычайна колькасць Д. была няцотнай.

Л.А.Малаш.

т. 6, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)