Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАРКАМА́НСКАЯ ВАЙНА́ 166—180, вайна старажытнагерманскіх (пераважна маркаманаў) і сармацкіх плямён, што жылі на Пн ад Дуная, супраць Рым. імперыі. Выкарыстаўшы цяжкае становішча Рым. імперыі ў сувязі з Парфянскай вайной (162—166), чумой і неўраджаем, герм. плямёны разам з саюзнікамі ў 166 уварваліся на яе тэрыторыю і пасля шэрагу перамог у 169 занялі Паўн. Італію і выйшлі да Адрыятыкі. Да 174 рымлянам пад кіраўніцтвам імператара Марка Аўрэлія ўдалося прыпыніць нашэсце германцаў, а ў 180 імператар Камод нанёс ім паражэнне. Паводле мірнага дагавора (180) граніцы Рым. імперыі зноў прайшлі па Дунаі.

т. 10, с. 115

МАРКАМА́НЫ (лац. Marcomanni жыхары маркі),

адно з плямён стараж. германцаў, што насялялі даліну р. Майн. Паводле пісьмовых крыніц вядомы з 58 да н.э. (згадваюцца ў войску Арыявіста). У 9—8 да н.э. выцеснены рымлянамі на тэр. сучаснай Чэхіі. У 1 ст. н.э. разам з роднаснымі ім квадамі прасунуліся на землі паміж верхнім цячэннем Эльбы і Дунаем. Адсюль яны рабілі набегі ў Паўн. Італію, што прывяло да Маркаманскай вайны 166—180 з рымлянамі. З 4 ст. ўдзельнічалі ў Вялікім перасяленні народаў. У 5 ст. аселі пераважна на тэр. Баварыі (гл. Бавары).

т. 10, с. 115

МА́РКАС ((Marcos) Фердынанд Эдралін) (11.9.1917, Сарат, каля г. Лаааг, Філіпіны — 28.9.1989),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Філіпін. Адвакат. Скончыў ун-т Філіпін (г. Кесан-Сіці). Удзельнік абарончых баёў супраць японцаў на Філіпінах (1941—42) у 2-ю сусв. вайну. З 1949 у кангрэсе Філіпін: чл. Палаты прадстаўнікоў (1949—59), сенатар (1959—66), прэзідэнт сената (1963—65). Адначасова ў 1960—64 старшыня Ліберальнай партыі, з 1964 у кіраўніцтве Партыі нацыяналістаў. У 1965—86 прэзідэнт Філіпін, адначасова ў 1973—81 прэм’ер-міністр. Рабіў захады па ўмацаванні дзярж. суверэнітэту краіны, у 1970 спыніў удзел Філіпін на баку ЗША у В’етнамскай вайне 1964—73. У 1972 увёў у краіне ваен. становішча (да 1981). Рэжым асабістай улады М. выклікаў шырокі апазіцыйны рух, пад націскам якога праведзены датэрміновыя прэзідэнцкія выбары. З 1986 у эміграцыі ў ЗША.

т. 10, с. 115

МА́РКАЎ (Андрэй Андрэевіч) (14.6.1856, г. Разань, Расія — 20.7.1922),

расійскі матэматык. Акад. Пецярб. АН (1896). Скончыў Пецярб. ун-т (1878), дзе і працаваў (з 1886 праф.). Асн. працы па тэорыі імавернасцей і яе дастасаваннях, тэорыі лікаў, матэм. аналізе і матэм. статыстыцы. Даў пачатак тэорыі т.зв. маркаўскіх працэсаў, увёў паняцце паслядоўнасці залежных выпрабаванняў (гл. Маркава ланцуг), даў імавернаснае абгрунтаванне метаду найменшых квадратаў.

Тв.:

Избр. труды. Теория чисел. Теория вероятностей. М., 1951.

А.А.Маркаў.

т. 10, с. 115

МА́РКАЎ (Георгій Макеевіч) (19.4.1911, с. Новакускова Асінаўскага р-на Томскай вобл., Расія — 26.9.1991),

расійскі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1974, 1984). Вучыўся ў Томскім ун-це (1930—32). Друкаваўся з 1936. Раман «Строгавы» (кн. 1—2, 1939—46; Дзярж. прэмія СССР 1952) прысвечаны гісторыка-рэв. тэме. Пра далейшы лёс дынастыі Строгавых раман «Соль зямлі» (кн. 1—2, 1954—60). Аўтар раманаў «Бацька і сын» (ч. 1—2, 1963—64; аднайм. фільм 1980), «Сібір» (кн. 1—2, 1969—73; Ленінская. прэмія 1976), «Наступнаму стагоддзю» (1981—82), аповесцей «Арлы над Хінганам» (1947—48; першапачатковая назва «Салдат пяхоты»), «Запавет» (1975), «Мая ваенная пара» (1979), зб-ка нарысаў і апавяданняў «Ліст у Марэеўку» (1952), п’есы «Выклік» (разам з Э.​Ю.​Шымам, паст. 1980), зб-каў літ.-крытычных артыкулаў «Жыццё. Літаратура. Пісьменнік» (1971), «У пошуках паэзіі і праўды» (1983) і інш. Творчасці М. ўласціва ўвага да цэльных характараў людзей з народа, умелае ўзнаўленне дэталей побыту. Асобныя творы М. на бел. мову пераклалі Л.​Салавей, Т.​Мартыненка і інш. Старшыня праўлення СП СССР (19-77—89).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. М., 1981—82;

Моя военная проза: Повести и рассказы. М., 1986.

Літ.:

Мотяшов И.П. Георгий Марков. М., 1984;

Литвинов В.М. Судьба народная. М., 1986.

Г.М.Маркаў.

т. 10, с. 115

МА́РКАЎ (Даніла Аляксандравіч) (13.1.1895, г. Расказава Тамбоўскай вобл., Расія — 23.12.1976),

бел. вучоны ў галіне неўрапаталогіі, фізіятэрапіі і курарталогіі. Акад. АН Беларусі (1940, чл.-кар. 1936), д-р мед. н. (1936), праф. (1931). Засл. дз. нав. Беларусі (1964). Скончыў Саратаўскі ун-т (1919). З 1926 у БДУ, у 1931—41 заг. кафедры Мінскага мед. ін-та. Адначасова ў 1929—41 і 1946—48 дырэктар Бел. НДІ фізіятэрапіі і неўралогіі, у 1947—73 заг. кафедры Бел. ін-та ўдасканалення ўрачоў. У 1950—76 заг. лабараторыі Ін-та фізіялогіі АН Беларусі. Навук. працы па ранняй функцыян. дыягностыцы, тонкай семіётыцы і патагенет. тэрапіі нерв. захворванняў. Дзярж. прэмія Беларусі 1974.

Тв.:

Основы патогенетической терапии заболеваний нервной системы. Мн., 1964;

Общая терапия и профилактика заболеваний нервной системы. Мн., 1967;

Основы восстановительной терапии (медицинской реадаптации и реабилитации) заболеваний нервной системы. Мн., 1973.

Д.А.Маркаў.

т. 10, с. 116

МА́РКАЎ (Канстанцін Канстанцінавіч) (20.5.1905, г. Выбарг Ленінградскай вобл., Расія, — 1980),

расійскі географ, геамарфолаг. Акад. АН СССР (1970). Скончыў Ленінградскі ун-т (1926). Удзельнік экспедыцый на Памір, Цянь-Шань, Д. Усход, у Сібір і тройчы ў Антарктыду (1955—60). Навук. працы па даследаванні чацвярцічнага перыяду на тэр. СССР, геамарфалогіі, палеагеаграфіі, тэорыі фіз. геаграфіі, геаграфіі Антарктыды і Сусветнага ак. Аўтар (разам з І.П.Герасімавым) зводкі «Ледавіковы перыяд на тэрыторыі СССР» (1939). Удзельнік стварэння «Атласа Антарктыкі» (т. 1—2, 1966—69). Дзярж. прэмія СССР 1971.

т. 10, с. 116

МА́РКАЎ (Леанід Васілевіч) (13.12.1927—2.3.1991),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1985). Скончыў Тэатр. студыю пры Маскоўскім т-ры імя Ленінскага камсамола (1950). Акцёр гэтага т-ра, з 1960 у Маскоўскім драм. т-ры імя Пушкіна, з 1965 у Т-ры імя Массавета, у 1986—87 у Малым т-ры. Выканальніцкае майстэрства было адметнае эмацыянальнай яркасцю, унутр. сілай. Іграў герояў пераважна складанага лёсу: Парфірый Пятровіч («Пецярбургскія сны» паводле Ф.​Дастаеўскага, 1969), Аляксей Арлоў («Царскае паляванне» Л.​Зорына, 1977) і інш. З 1972 здымаўся ў кіно: «Рускае поле» (1972), «І гэта ўсё пра яго» (1977, паводле В.​Ліпатава), «Мой ласкавы і пяшчотны звер» (1978), «Ганна Паўлава» (1983), «Дзіцячы сад» (1984), «Змеялоў» (1985) і інш.

т. 10, с. 116

МА́РКАЎ (Леў Мікалаевіч) (3.12.1937, г. Жалезнадарожны Маскоўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэорыі кіравання. Д-р тэхн. н. (1983), праф. (1984). Скончыў Мінскае вышэйшае інж. радыётэхн. вучылішча ППА (1966). З 1966 у Ваеннай акадэміі Беларусі. З 1997 у Ін-це кіравання і прадпрымальніцтва (з 1998 прарэктар). Навук. працы па тэорыі кіравання, радыёлакацыі, даследаванні аперацый, тэорыі імавернасцей і матэм. статыстыцы. Распрацаваў стат. тэорыю прасторава-размеркаваных радыётэхн. сістэм.

Тв.:

Многопозиционные радиотехнические системы. М., 1986 (разам з В.​С.​Кандрацьевым, А.​Ф.​Котавым);

Антенные системы радиоэлектронной техники. М., 1993 (у сааўт.).

В.​Ц.​Осіпаў.

т. 10, с. 116

МА́РКАЎ Мацюшка, бел. дойлід 2-й пал. 17 ст. Кіраваў адной з арцелей будаўнікоў, якая аднаўляла крапасныя збудаванні Полацка, разбураныя ў 1579 войскамі Стафана Баторыя. Паставіў (да 1655) у Верхнім замку васьмігранную двух’ярусную шатровую вежу Мошна.

т. 10, с. 116