Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ПАГО́СТ (ад стараж.-рус. погостити — пабываць у гасцях),

пашыраны ў стараж.-рус., рас. і бел. крыніцах тэрмін, які на працягу 10—20 ст. меў рознае значэнне. Першапачаткова П. называлі сельскія абшчыны на перыферыі Кіеўскай Русі, а таксама цэнтры гэтых абшчын, дзе часова спыняліся князі з дружынамі і вялася «гасцьба» (гандаль). Першае ўпамінанне адносіцца да 947, калі кн. Вольга «устави погосты» ў Наўгародскай зямлі. Паступова П. сталі называць адм.-тэр. адзінкі, якія складаліся з некалькіх паселішчаў, а таксама цэнтр. паселішча гэтай акругі. На чале П. ставілі спец. службовых асоб, што адказвалі за рэгулярны збор даніны. З пашырэннем на Русі хрысціянства ў П. будавалі цэрквы, пры якіх знаходзіліся могілкі. У Рас. дзяржаве падзел на 11. даўжэй за ўсё (да 1775) захоўваўся на ПнЗ краіны. У 15—16 ст. у цэнтр. паветах Расіі П. называлі невял. паселішчы з царквой і могілкамі На Беларусі П. у гэтым значэнні існавалі да пач. 16 ст., потым ператварыліся ў вёскі і мястэчкі, многія з якіх захавалі ў назвах слова «П.» (напр., вёскі Пагост ў Аршанскім, Бярэзінскім, Вілейскім і інш. раёнах, Пагост-Загародскі Пінскага р-на і інш.). У 19—20 ст. слова «П.» ужывалася ў значэнні сельскага прыхода, участка шляху і асабліва часта могілак.

т. 11, с. 479

ПАГО́СТ,

вадасховішча ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Пагост-Загародскі. Утворана на месцы большай ч. Пагосцкага возера і прылеглых да яго зямель Пл. 16,2 км², даўж. 6,1 км, найб. шыр. 4,1 км, найб. глыб. 9,9 м, аб’ём вады 54,48 млн. м³. Былое возера абгароджана дамбай-плацінай даўж. 16,2 км, для рэгулявання аб’ёму вады ў плаціне ёсць вадавыпуск. П. напаўняецца вадой з р. Бобрык 1-ы па падвадным канале (даўж. 8,5 км) пры дапамозе шлюзаў-рэгулятараў. Берагі спадзістыя, дно вадасховішча пясчанае. Замярзае ў сярэдзіне ліст.пач. студзеня. Таўшчыня лёду 40—60 см. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню 2—3 м. Выкарыстоўваецца для арашэння с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі. Месца для адпачынку, лоўлі рыбы.

т. 11, с. 479

ПАГО́СТ,

вёска ў Бярэзінскім р-не Мінскай вобл., на р. Клявіца, каля аўтадарогі Мінск—Магілёў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на У ад г. Беразіно, 113 км ад Мінска, 52 км ад чыг. ст. Градзянка. 688 ж., 302 двары (2000). Лесапільня. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. 2 помнікі землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 480

ПАГО́СТ 1-ы, вёска ў Салігорскім р-не Мінскай вобл., на ўсх. беразе Салігорскага вадасх., на скрыжаванні аўтадарог на Бабруйск, Чырвоную Слабаду, Салігорск, Слуцк. Цэнтр сельсавета. За 13 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Салігорск, 127 км ад Мінска. 296 ж., 146 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магілы ахвяр фашызму. Помнік сав. танкістам. На паўн. ускраіне вёскі курганны могільнік эпохі Кіеўскай Русі.

т. 11, с. 480

ПАГО́СТ-ЗАГАРО́ДСКАЯ КЕРА́МІКА,

традыцыйныя ганчарныя вырабы з в. Пагост-Загародскі Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Промысел вядомы са старажытнасці, існаваў да канца 1930-х г. Найб. росквіту дасягнуў у канцы 19 — пач. 20 ст. Выраблялі чорнаглянцаваны посуд гасп. прызначэння: глякі (бунькі), збанкі, міскі, гладышы, макатры, гаршкі з вушкамі, формы, кубкі, фігурныя кветнікі. Вырабы вызначаюцца буйнымі лаканічнымі формамі, суцэльна глянцаванай паверхняй, коса зрэзанымі венчыкамі місак і макатроў.

Літ.:

Сахута Я.М. Беларуская народная кераміка. Мн., 1987.

Я.М.Сахута.

Чорнаглянцаваная пагост-загародская кераміка. Брэсцкая вобл. Пач. 20 ст.

т. 11, с. 480

ПАГО́СТ-ЗАГАРО́ДСКІ,

група стаянак каменнага веку каля в. Пагост-Загародскі Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Датуецца 8—4-м тыс. да н.э. Ёсць стаянкі эпохі мезаліту, большасць належыць да нёманскай культуры. Знойдзены мікралітычныя вырабы, прылады працы з крэменю, у т. л. шліфаваныя сякеры, дробныя кавалкі і фрагменты ляпных гаршкоў. Выяўлены рэшткі жытлаў.

т. 11, с. 480

ПАГО́СТ-ЗАГАРО́ДСКІ,

вёска ў Загародскім с/с Пінскага р-на Брэсцкай вобл., на паўн.-ўсх. беразе вадасх. Пагост. За 37 км на ПнУ ад г. Пінск, 212 км ад Брэста, 13 км ад чыг. ст. Парахонск. 453 ж., 171 двор (2000). Рознічна-гандл. прадпрыемства, хлебапякарня. Бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква Кірылы і Мяфодзія (2-я пал. 19 ст.). Каля вёскі археал. помнік Пагост-Загародскі. Гл. таксама Пагост-Загародская кераміка.

т. 11, с. 480

ПАГО́СЦКАЕ ВО́ЗЕРА У Пінскім р-не Брэсцкай вобл., у бас. р. Бобрык, за 25 км на ПнУ ад г. Пінск. Пл. 0,87 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 1,6 м, даўж. берагавой лініі 1,2 км. Пл. вадазбору 711 км². Схілы катлавіны спадзістыя, выш. да 5 м, пад лугам і ворнымі землямі, на Пд лес. Ад вадасховішча Пагост адгароджана дамбай, водаабмен з якім ажыццяўляецца пры дапамозе помпаў. Сцёк з возера па пратоцы р. Бобрык 1-ы.

т. 11, с. 480

ПАГО́ШЧА,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 12 км на ПдЗ ад г. Браслаў. Пл. 1,23 км², даўж. 1,9 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 2,7 м, даўж. берагавой лініі 5,7 км. Пл. вадазбору 40,7 км². Катлавіна падпруднага тыпу. Схілы выш. да 5 м., пад хмызняком і пашай, на У хваёвы лес. Берагі нізкія, пясчаныя, на Пд і 3 забалочаныя, параслі хмызняком. Дно плоскае, сапрапелістае, уздоўж берагоў пясчанае. Празрыстасць 0,5 м. Эўтрофнае, з прыкметамі антрапагеннага дыстрафіравання. Зарастае слаба. Упадаюць ручаі з азёр Бяржонка і Опса, выцякае ручай у р. Акунёўка.

т. 11, с. 480

ПАГО́ШЧА,

вёска ў Опсаўскім с/с Браслаўскага р-на Віцебскай вобл., на беразе воз. Пагошча. Цэнтр калгаса. За 12 км на ПдЗ ад г. Браслаў, 250 км ад Віцебска, 42 км ад чыг. ст. Друя. 637 ж., 202 двары (2000). Каўбасны цэх. Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 480