Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАГІЛЁЎСКІ КАСЦЁЛ І КАЛЕ́ГІУМ ЕЗУІ́ТАЎ.

Існавалі ў 17—20 ст. у Магілёве. Комплекс пабудаваны ў канцы 17 — пач. 18 ст. ў стылі барока. Уключаў мураваныя будынкі калегіума (закладзены каля 1686), школы (абодва закончаны ў 1699) і касцёла св. Францыска Ксаверыя і Анёлаў Ахоўнікаў (пасля 1833 правасл. Васкрасенская царква). Касцёл — 3-нефавая базіліка з паўкруглым завяршэннем цэнтр. нефа. Гал. фасад завяршаўся 2 вежамі з барочнымі купаламі. Інтэр’ер аздоблены карынфскімі пілястрамі, размалёўкай. Калегіум засн. Я.Здановіч. 2-павярховы, мураваны, прамавугольны ў плане будынак. Гладкія сцены прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. З 1820 туг была ваен.-афіцэрская школа, у 1826 следчая камісія вяла допыт дзекабрыстаў — чл. «Паўднёвага таварыства» С.І. і М.І.Мураўёвых-Апосталаў, М.П.Бястужава-Руміна і інш. Касцёл і часткова калегіум разабраны пасля Вял. Айч. вайны. Рэшткі калегіума (падвалы, паўд.-зах. дваровы фасад) выкарыстаны пры буд-ве філіяла абл. краязнаўчага музея — музея дзекабрыстаў.

Т.І.Чарняўская.

т. 9, с. 467

МАГІЛЁЎСКІ КАСЦЁЛ КАРМЕЛІ́ТАЎ, Магілёўскі Станіславаўскі касцёл,

помнік архітэктуры стылю барока ў Магілёве. Пабудаваны ў 1738—52 (да 1783 наз. Ушэсця) на месцы драўлянага касцёла 17 ст. У 1783 касцёл перададзены Магілёўскай архікафедры і стаў вядомы як Станіславаўскі. Спачатку гал.фасад быў 2-вежавы, з фігурным франтонам. У 1788 па ініцыятыве архібіскупа С.Богуш-Сестранцэвіча гал. фасад рэканструяваны. У выніку перабудовы разабраны завяршэнне барочных вежаў і частка франтона, першапачатковы фасад быў закрыты класіцыстычным 4-калонным іанічным порцікам з трохвугольным франтонам. Да першапачатковага аб’ёму прыбудаваны 3-ярусныя бакавыя крылы, завершаныя 8-граннымі ратондападобнымі вежачкамі. У 19—20 ст. касцёл неаднаразова рамантаваўся, але арх. аблічча ў цэлым заставалася нязменным. Пасля 1860 касцёл становіцца прыходскім. У інтэр’еры захаваўся адзін з найб. разгорнутых фрэскавых цыклаў на тэр. Беларусі. Фрэскавая размалёўка выканана ў 1765—67, 1780-я г. (мастакі Б.Піятроўскі, А.Главацкі, вучні-манахі Спаскай царквы Пётр, Лук’ян, Рыгор). У 1860-я г. мастак Фёрст размаляваў сцены касцёла. Кампазіцыі выкананы з выкарыстаннем прынцыпу перспектыўнай прасторы, якія ілюзорна паднімаюць у вышыню арх. формы. Стыль размалёвак разнастайны, выконвалі і паднаўлялі іх розныя майстры. Асн. тэмы — гіст. і біблейскія.

В.В.Гліннік, В.В.Церашчатава.

Магілёўскі касцёл кармелітаў. Фрагмент.
Да арт. Магілёўскі касцёл кармелітаў. фрагмент размалёўкі скляпення галоўнага нефа.

т. 9, с. 467

МАГІЛЁЎСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ Існаваў з канца 17 ст. да 1864 у Магілёве. У 1696—98 на атрыманым ад М.Пяцюхі пляцы бернардзінцы перарабілі свіран у капліцу, што і лічыцца часам заснавання кляштара. У 1702 пабудаваны драўляны касцёл св. Антонія, у 1705 узведзены жылы корпус. У 1720-я г. пабудаваны мураваны касцёл з цудадзейным абразом св. Антонія ў гал. алтары. У 1864 кляштар зачынены, у ім размясціўся архіў суда, манахаў перавялі ў Крэцінгу (Літва) і ў Мінск. Будынкі пацярпелі ў час Вял. Айч. вайны, пазней знесены.

А.А.Ярашэвіч.

т. 9, с. 468

МАГІЛЁЎСКІ ЛІТАРАТУ́РНА-МУЗЫ́ЧНА-ДРАМАТЫ́ЧНЫ ГУРТО́К Існаваў у Магілёве ў 1905—14. Аб’ядноўваў мясц. інтэлігенцыю

(у 1912 каля 300 чал.). Меў у сваім складзе сімф. аркестр (дырыжор У.Крэвінг),

хор (кіраўнікі М.Фідзюноў, В.Зубоўскі), вял. групу прафес. музыкантаў (спевакі С.Мігай, Ю.Рэйдэр, Я.Казанская, Е.Калабазіна, піяністы В.Багалюбава і А.Боркус, скрыпач С.Дзісман, музыказнаўцы С.Вяржбіцкі, Ю.Дрэйзін). Удзельнікі гуртка наладжвалі канцэрты і муз. вечары (больш за 10 у сезон), чыталі лекцыі пра жыццё і творчасць выдатных кампазітараў, пісьменнікаў і паэтаў, ставілі асобныя дзеі і акты, выконвалі уверцюры, арыі, ансамблі, хары, у т.л. з опер «Жыццё за цара» і «Руслан і Людміла» М.Глінкі, «Пікавая дама» і «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага і інш.

А.Л.Капілаў.

т. 9, с. 468

МАГІЛЁЎСКІ ЛІФТАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д.

Створаны ў 1967 у Магілёве. У 1969 асвоены выпуск асн. вузлоў пасажырскіх ліфтаў, з 1970 — серыйная вытв-сць пасажырскіх ліфтаў. З 1997 завод ліфтавага машынабудавання «Магілёўліфтмаш». Асн. прадукцыя (1999): ліфты пасажырскія, грузавыя, бальнічныя, тратуарныя і спецыяльныя грузападымальнасцю 100—5000 кг; запасныя часткі і камплекты, с.-г. тэхніка, прадукцыя вытв.-тэхн. прызначэння і тавары нар. ўжытку.

т. 9, с. 468

МАГІЛЁЎСКІ МАСТА́ЦКІ МУЗЕ́Й В.К.БЯЛЫ́НІЦКАГА-БІРУЛІ,

філіял Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, прысвечаны жыццю і творчасці бел. мастака-пейзажыста В.Бялыніцкага-Бірулі. Адкрыты 24.12.1982 у Магілёве. Размешчаны ў 2-павярховым мураваным асабняку, помніку грамадзянскай архітэктуры 18 ст. Плошча выставачных залаў 350 м​2. У музеі прадстаўлена больш за 100 твораў Бялыніцкага-Бірулі, пачынаючы ад створанага ў вучылішчы пейзажа «Пахмурны дзень» (1892) да прац апошніх гадоў жыцця («Прыйшла вясна», 1951, і інш.). У іх адлюстраваны асноўныя творчыя этапы жыцця мастака: удзел у Т-ве перасоўных маст. выставак («Пачатак вясны», 1905; «Вясна ідзе», 1910, і інш.), перыяд 1920—30-х г. («Блакітныя цені вясны», «Возера» і інш.), работы, створаныя ў час знаходжання на Беларусі ў 1947 («Беларусь. Зноў зацвіла вясна», «Старая беларуская вёска» і інш). Сярод экспанатаў фотаздымкі сям’і Бялыніцкага-Бірулі, пісьмы І.Рэпіна, узнагароды, атрыманыя мастаком на выстаўках, дакументы, творы мастакоў яго кола, сяброў: партрэты Бялыніцкага-Бірулі (А.Мораваў, 1900-я г.) і маці мастака (М.Ульянаў, 1894), карціна «На паляванні» М.Багданава-Бельскага (1910-я г.) і інш., а таксама вырабы дэкар.-прыкладнога мастацтва, мэбля, створаная ў Абрамцаўскай майстэрні. У музеі перыядычна наладжваюцца маст. выстаўкі.

Літ.:

Карачун Ю.А. Музей В.К.Бялыніцкага-Бірулі: [Альбом]. Мн., 1988.

І.Л.Чэбан.

Будынак Магілёўскага мастацкага музея В.К.Бялыніцкага-Бірулі.
Фрагмент экспазіцыі Магілёўскага мастацкага музея В.К.Бялыніцкага-Бірулі.

т. 9, с. 468

МАГІЛЁЎСКІ МАШЫНАБУДАЎНІ́ЧЫ ІНСТЫТУ́Т Засн. ў 1961 у Магілёве на базе агульнаадукац. ф-та Бел. політэхн. ін-та. У 1998/99 навуч. г. ф-ты: машынабуд., аўтамех., эканам., буд., электратэхн., завочны, па рабоце з замежнымі студэнтамі, даінстытуцкай падрыхтоўкі і прафарыентацыі. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1972. Пры ін-це створаны Ін-т перападрыхтоўкі кадраў (з 1998), 2 навучальна-навукова-метадычныя аб’яднанні, музей ін-та (з 1981).

т. 9, с. 468

МАГІЛЁЎСКІ МЕТАЛУРГІ́ЧНЫ ЗАВО́Д імя А.Ф.Мяснікова.

Пабудаваны ў 1929—32 у Магілёве як трубаліцейны. У 1937 уведзены ў эксплуатацыю лістапракатны цэх. У Вял. Айч. вайну абсталяванне эвакуіравана на Урал, вытв. карпусы разбураны. У 1947 адноўлены. З 1953 металургічны з-д. З 1997 адкрытае акц. т-ва «Магілёўскі металургічны завод». Асн. цэхі: трубаліцейны, лістапракатны, ацынковачны, тэхн. шроту. Асн. прадукцыя (1999): трубы чыгунныя напорныя, стальныя: профільныя высокай дакладнасці, водагазаправодныя, электразварныя прамашоўныя, з ацынкаванай тонкаліставой сталі; шрот чыгунны тэхн. і тавары нар. ўжытку.

т. 9, с. 468

МАГІЛЁЎСКІ МУЗЕ́Й Існаваў у Магілёве з 15.11.1867 пры Магілёўскім губ. стат. к-це, развіццю якога спрыяў губернатар А.С.Дамбавецкі. У 1878 музей меў гістарычны, этнаграфічны і геаграфічны (геалагічны) аддзелы. Пад 1898 было каля 1500 экспанатаў, у т.л. калекцыя манет 10—19 ст. (больш за 500 экз.), кальчуга і ўпрыгожанні з раскопак Анэлінскага кургана Быхаўскага пав., рукапіснае Евангелле 15 ст., акты Магілёўскага магістрата 1577—1756, «Лексікон славянароскі», надрукаваны ў 1654 у Куцеінскай друкарні, грамата 1767 караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага аб пацвярджэнні Мсціславу магдэбургскага права, троннае крэсла Кацярыны П з Магілёўскага дарожнага палаца, сані Напалеона, кінутыя ім у час уцёкаў з Расіі, атлас 1823 з планамі гарадоў Магілёўшчыны, мадэлі сялянскага двара Рагачоўскага пав. і ветрака, батлейка з Быхаўскага пав., прылады працы і побыту сялян, прадметы саматужнай і заводскай вытворчасці, нар. адзенне, дзіцячыя цацкі, узоры глеб, гербарыі і інш. Музейны матэрыял вывучалі і сістэматызавалі гісторыкі-краязнаўцы М.В.Фурсаў, Е.Р.Раманаў, С.Ю.Чалоўскі. Калекцыі музея сталі асновай Магілёўскага гіст. музея (гл. ў арт. Магілёўскі абласны краязнаўчы музей).

Л.Ф.Кандрацьева.

т. 9, с. 469

МАГІЛЁЎСКІ МУЗЕ́Й ЭТНАГРА́ФІІ,

філіял Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея. Адкрыты ў 1981. Пл. экспазіцыі 760 м​2, каля 4,5 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). Матэрыялы музея знаёмяць з матэрыяльнай і духоўнай культурай сялян Магілёўскага Падняпроўя і гарадскім побытам магіляўчан канца 19 — пач. 20 ст. Сярод экспанатаў прылады працы, прадметы побыту, нар. адзенне краснапольскага і магілёўскага строяў, калекцыі ручнікоў кожнага раёна Магілёўшчыны, абразоў магілёўскай іканапіснай школы 17—19 ст., кафлі і драўлянай скульптуры 17—19 ст., фарфоравага і сярэбранага посуду, самавараў, мэблі, газавых лямпаў, царк. кнігі, часопісы 19 — пач. 20 ст.

С.Б.Рыбакова, Ж.Я.Клімуць.

т. 9, с. 469