Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗАГАРО́ДЫ ваенныя,

штучныя перашкоды (збудаванні і разбурэнні), якія ствараюцца на шляхах руху праціўніка з мэтай нанесці яму ўрон, затрымаць і ўскладніць прасоўванне, скаваць манеўр або вымусіць перамяшчацца ў выгадным для нашых войск напрамку.

Падзяляюцца на наземныя (у т. л. водныя), марскія і паветраныя (процісамалётныя); выбуховыя (мінна-выбуховыя і ядзерна-мінныя), невыбуховыя і камбінаваныя; аператыўныя і тактычныя. Наземныя З. падзяляюцца на процітанкавыя (мінныя палі, равы, эскарпы, контрэскарпы, надаўбні, вожыкі і інш.), проціпяхотныя (змешаныя мінныя палі, драцяныя З. і інш.), процітранспартныя (мінна-выбуховыя З., завалы, барыкады і інш.). Марскія З. бываюць мінныя, сеткавыя, бонавыя (гл. Боны), камбінаваныя (у т. л. процідэсантныя); устанаўліваюцца на паверхні, у тоўшчы вады і на дне. Паветраныя З.аэрастаты і інш. сродкі, якія перашкаджаюць палётам самалётаў і верталётаў, ускладняюць бомбакіданне. Гл. таксама Фартыфікацыя.

т. 6, с. 495

ЗАГАРТО́ЎВАННЕ АРГАНІ́ЗМА,

павышэнне ўстойлівасці арганізма да ўздзеяння неспрыяльных фіз. фактараў навакольнага асяроддзя (нізкай і высокай т-р, паніжанага атм. ціску і інш.). Заснавана на здольнасці арганізма прыстасоўвацца да зменлівых умоў асяроддзя (гл. Адаптацыя). Набываецца шляхам сістэматычнага, шматразовага ўздзеяння фіз. фактараў на -арганізм пры паступовым павышэнні іх дазіроўкі. Уздзеянне холадам павышае ўстойлівасць арганізма да нізкіх, а цяплом — да высокіх т-р. Адно з асноўных — З.а. да холаду, сутнасць якога ў паступовым нарастанні ступені ахаладжэння. У людзей, прыстасаваных да нізкіх т-р, цеплаўтварэнне ў арганізме больш інтэнсіўнае, што забяспечвае лепшае кровазабеспячэнне скуры, павышае ўстойлівасць да інфекц. захворванняў і абмаражэнняў. З.а. да холаду ажыццяўляюць пераважна частым знаходжаннем на вольным паветры (гл. Аэратэрапія) і выкарыстаннем водных працэдур (гл. Водалячэнне). Магчыма і адначасовае З.а. да цяпла і холаду (гл. Лазня). Для развіцця ўстойлівасці арганізма да паніжанага атм. ціску можна выкарыстоўваць узыходжанне ў горы (метад ступеньчатай акліматызацыі). Пры спыненні З.а. ступень загартаванасці слабее і праз 1—1,5 месяцы ўстойлівасць да фіз. фактараў знікае.

т. 6, с. 496

ЗАГАРТО́ЎКА,

тэрмічная апрацоўка матэрыялаў, якая робіцца іх награваннем і наступным хуткім ахаладжэннем з мэтай фіксацыі (замацавання) высокатэмпературнага стану або прадухілення (падаўлення) непажаданых працэсаў, што адбываюцца пры павольным ахаладжэнні. З. магчыма толькі для рэчываў, раўнаважны стан якіх пры высокай т-ры адрозніваецца ад раўнаважнага стану пры нізкай т-ры (крышт. структурай, канцэнтрацыяй, дэфектнасцю). У выніку З. ствараецца адносна ўстойлівы (метастабільны) стан, які пры награванні пераходзіць у больш стабільны. З. апрацоўваюць металы, іх сплавы, шкло і інш.

Найб. пашырана З. сталі. Награваннем вышэй за крытычную т-ру сталь пераводзіцца ў стан аўстэніту — цвёрдага раствору вугляроду і легіравальных элементаў у гама-жалезе, што дазваляе растварыць у аўстэніце карбіды і рэалізаваць уплыў легіравальных элементаў і вугляроду на ўласцівасці сталі. Пры ахаладжэнні з пэўнай скорасцю падаўляецца распад аўстэніту на ферытна-карбідную сумесь і адбываецца бездыфузійнае (зрухавае) пераўтварэнне аўстэніту ў мартэнсіт. Пры гэтым рэзка павялічваецца цвёрдасць, трываласць, магн. насычэнне і зніжаецца пластычнасць сталі. Пасля З. сталі абавязковы водпуск, які забяспечвае зададзенае спалучэнне цвёрдасці, трываласці, вязкасці і пластычнасці. Загартоўваюць таксама старэючыя сплавы (для атрымання перанасычанага цвёрдага раствору, які распадаецца пры старэнні з умацаваннем), вадкасці (для фіксацыі шклопадобнага стану), шкло (для зніжэння дэфектнасці і паляпшэння мех. уласцівасцей) і інш. Пры З. цвярдзеюць толькі сталі, якія загартоўваюцца на мартэнсіт; З. металічных сплаваў (старэючых, накляпаных і інш.) суправаджаецца зніжэннем цвёрдасці.

Літ.:

Курдюмов Г.В. Явления закалки и отпуска стали. М., 1960.

Г.Г.Паніч.

т. 6, с. 496

ЗАГАРУ́ЛЬСКІ (Эдуард Міхайлавіч) (н. 18.12.1928, г. Тула, Расія),

бел. археолаг, гісторык. Д-р гіст. н. (1984), праф. (1985). Скончыў Маскоўскі ун-т (1953). З 1954 у Ін-це гісторыі АН Беларусі, з 1962 у БДУ: з 1973 заг. кафедры археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гіст. дысцыплін, у 1986—91 дэкан гіст. ф-та. Вывучае пытанні археалогіі і стараж. гісторыі Беларусі, праблемы этнагенезу славян і іх прарадзімы, гісторыю гарадоў. Даследаваў помнікі жал. веку і ранняга сярэдневякоўя. У час раскопак у Мінску вызначыў агульную планіроўку горада 11—13 ст., абарончыя ўмацаванні і забудову, зрабіў рэканструкцыю ўсх. часткі замчышча.

Тв.:

Древний Минск. Мн., 1963;

Археология Белорусии. Мн., 1965;

Древняя история Белоруссии: Очерки этнич. истории и материальной культуры (до IX в.). Мн., 1977;

Возникновение Минска. Мн., 1982;

Заходняя Русь. Мн., 1998.

т. 6, с. 496

ЗАГА́Р ПУСТЫ́ННЫ,

карычнева-буры бліскучы налёт (або скарынка таўшч. 0,5—5 см) на паверхні горных парод (скал, абломкаў, галькі і інш.) у пустынях. Утвараецца ў выніку адкладаў вокісных спалучэнняў марганцу і жалеза з дамешкам гліназёму і крэменязёму ва ўмовах рэзкай змены т-ры горных парод з пераменным увільгатненнем. Ахоўвае пароды ад хуткага выветрывання.

т. 6, с. 495

ЗАГАТО́ВАЧНЫ СТАН,

адзін з відаў пракатных станаў, на якім блюмы або зліткі пракатваюць у загатоўкі, што потым апрацоўваюцца на сартавых, трубапракатных і інш. спецыялізаваных станах. Адрозніваюць З.с. неперарыўныя, лінейныя і з паслядоўным размяшчэннем клецей; загатовачныя сартавыя і трубазагатовачныя.

Найб. пашыраны неперарыўныя З.с., якія ўстанаўліваюцца непасрэдна за блюмінгамі. На іх метал абціскаецца пачаргова ў клецях з верт. і гарыз. валкамі, атрымліваюць квадратныя, часам плоскія і круглыя загатоўкі. Станы аўтаматызаваны, кіруюцца з дапамогай ЭВМ, маюць прадукцыйнасць да 5 млн. т. загатовак за год. Лінейныя З.с. выкарыстоўваюцца пераважна для пракаткі загатовак з высакаякасных сталей, станы з паслядоўным размяшчэннем клецей — для пракаткі круглых трубных загатовак.

т. 6, с. 496

ЗАГА́ЦЦЕ, Загач,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 3,5 км на ПдЗ ад г. Паставы. Пл. 0,3 км² даўж. 1,3 км, найб. шыр. 330 м, найб. глыб. 7,8 м, даўж. берагавой лініі каля 3,6 км. Пл. вадазбору 9,8 км². Схілы катлавіны выш. 12—15 м. Берагі пад хмызняком, на З і Пн месцамі сплавінныя. Пойма шыр. да 10 м, забалочаная, пад хмызняком. Дно гліністае. Шыр. паласы расліннасці да 20 м, у паўн.-ўсх. заліве да 200 м. Ўпадаюць 6 ручаёў. Злучана ручаём з Задзеўскім возерам.

т. 6, с. 496

ЗАГА́ЦЦЕ,

вадасховішча ў Ельскім р-не Гомельскай вобл., за 15 км на ПдЗ ад г. Ельск, каля в. Загацце. Створана ў 1982. Пл. 0,7 км², даўж. 1,9 км, найб. шыр. 800 м, найб. глыб. 6,4 м, аб’ём вады 3 млн. м³. Наліўное, напаўняецца вадой з прытока Высока-Махнавіцкага канала. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 4,7 м. Выкарыстоўваецца для арашэння зямель, рыбаводства.

т. 6, с. 496

ЗАГЛЕ́ЙВАННЕ,

1) адкладанне ў вадасховішчах, азёрах, арашальных каналах і інш. водных аб’ектах з застойнай ці павольна цякучай вадой завіслых і цягненых наносаў (глею, пяску, гравію, гліны, рэшткаў раслін). На скорасць З. ўплываюць прыродныя асаблівасці вадазбору (нахілы рэльефу, характар грунтоў, разаранасць, расліннае покрыва). Інтэнсіўнае З. прыводзіць да ліквідацыі вадасховішчаў.

2) Адкладанне ў пойме паводкавых наносаў ракі або яроў.

3) Метад меліярацыі пясчаных зямель.

т. 6, с. 496

«ЗАГЛЯ́НЕ СО́НЦА І Ў НА́ША АКО́НЦА»,

першая легальная бел. выдавецкая суполка. Існавала ў Пецярбургу ў 1906—14. Створана па ініцыятыве Б.Д.Эпімах-Шыпілы; ставіла перад сабой асветныя мэты. Выдавала кнігі (38 назваў, агульным тыражом больш за 100 тыс. экз.), навук.-папулярныя і публіцыстычныя брашуры, паштоўкі з краявідамі Беларусі і партрэтамі бел. пісьменнікаў. Кнігі друкаваліся ў польскай друкарні К.Л.Пянткоўскага кірыліцай і лацінкай. Асн. частка тыражу трапляла на Беларусь. Дзейнасць пачала з выдання падручнікаў для школ, сярод якіх «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» (1906), «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі (1906), «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.Коласа (1909). У 1907—09 наладзіла выданне літ. спадчыны ў падпісной серыі «Беларускія песняры» (творы В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча і інш.). З аб’яўленых 8 кніг да сак. 1908 выйшла 6, кожная тыражом 4300 экз. Выдала першыя кнігі Я.Купалы («Жалейка», 1908), З.Бядулі («Абразкі»), Ц.Гартнага («Песні», абедзве 1913). Асобнымі кнігамі перавыдала творы Дуніна-Марцінкевіча «Вечарніцы» (1909), «Шчароўскія дажынкі» і «Купала» (1910). Ў 1910—13 літаграфскім спосабам выдала рэпертуарную серыю драм. твораў («Модны шляхцюк» К.Каганца, «Сватанне» А.Чэхава, «Пашыліся ў дурні» і «Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага, «Хам» Э.Ажэшкі, «Паўлінка» Купалы). Суполцы належыць спроба стварэння літ.-мастацкага альманаха «Маладая Беларусь». Дзейнасць суполкі прыпынена ў сувязі з 1-й сусв. вайной.

Літ.:

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 169—184;

Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбургу (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1971;

Саламевіч Я. Выйшлі з светлага знання сяўбою // Маладосць. 1986. №6;Туронак Ю. «Загляне сонца...» і Вацлаў Іваноўскі // Спадчына. 1992. № 2.

Н.Л.Ракіцкая.

т. 6, с. 496