ЗАГАРО́ДЫ ваенныя,
штучныя перашкоды (збудаванні і разбурэнні), якія ствараюцца на шляхах руху праціўніка з мэтай нанесці яму ўрон, затрымаць і ўскладніць прасоўванне, скаваць манеўр або вымусіць перамяшчацца ў выгадным для нашых войск напрамку.
Падзяляюцца на наземныя (у т.л. водныя), марскія і паветраныя (процісамалётныя); выбуховыя (мінна-выбуховыя і ядзерна-мінныя), невыбуховыя і камбінаваныя; аператыўныя і тактычныя. Наземныя З. падзяляюцца на процітанкавыя (мінныя палі, равы, эскарпы, контрэскарпы, надаўбні, вожыкі і інш.), проціпяхотныя (змешаныя мінныя палі, драцяныя З. і інш.), процітранспартныя (мінна-выбуховыя З., завалы, барыкады і інш.). Марскія З. бываюць мінныя, сеткавыя, бонавыя (гл. Боны), камбінаваныя (у т.л. процідэсантныя); устанаўліваюцца на паверхні, у тоўшчы вады і на дне. Паветраныя З. — аэрастаты і інш. сродкі, якія перашкаджаюць палётам самалётаў і верталётаў, ускладняюць бомбакіданне. Гл. таксама Фартыфікацыя.
т. 6, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)