ГРЫЦКЕ́ВІЧ Валянцін Пятровіч
(н. 30.3.1933, Мінск),
беларускі гісторык. Брат А.П.Грыцкевіча. Канд. мед. н. (1963). Скончыў Мінскі ін-т замежных моў (1955), Мінскі мед. ін-т (1956), гіст. ф-т БДУ (1957). У 1956—71 працаваў урачом у Беларусі і Ленінградзе, з 1971 у Ваенна-мед. музеі Мін-ва абароны СССР, з 1988 на кафедры музеязнаўства Санкт-Пецярбургскага ін-та культуры. Даследуе гісторыю медыцыны і геаграфіі Беларусі, гісторыю музеязнаўства, тэорыю і методыку гісторыі, гісторыю міграцыі бел. інтэлігенцыі. Адзін з арганізатараў і старшыня (з 1988) Бел. грамадска-культурнага т-ва ў Пецярбургу, чл. Саюза пісьменнікаў Беларусі, ганаровы чл. Міжнар. асацыяцыі беларусістаў.
Тв.:
Путешествия наших земляков: Из истории страноведения Белоруссии. Мн., 1968;
Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980 (разам з А.Мальдзісам);
Нашы славутыя землякі. Мн., 1984;
От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986;
С факелом Гиппократа: Из истории бел. медицины. Мн., 1987;
Адысея наваградскай лекаркі: Саламея Русецкая. Мн., 1989;
Якой быць беларускай гістарычнай навуцы // Полымя. 1992. № 5.
М.В.Нікалаеў.
т. 5, с. 486
ГРЫЦЭ́ВІЧЫ,
вёска ў Клецкім р-не Мінскай вобл., на левым беразе р. Лань, на аўтадарозе Слуцк—Брэст. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПдУ ад горада і 14 км ад чыг. ст. Клецк, 139 км ад Мінска. 602 ж., 246 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі.
т. 5, с. 487
ГРЫЦЭ́НКА Людміла Іванаўна
(н. 10.3.1956, в. Усадзішча Ленінградскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1979). Працуе на Мінскім маст.-вытв. камбінаце. Сярод твораў: у тэхніках размалёўкі па шоўку — заслоны для Палацаў культуры ў Наваполацку і Чашніках (1980), 2 пано «Беларускія пейзажы» (1985) для музея Ф.Скарыны ў Лондане, батыку — «Маленькі прынц» (1984), «Францыск Скарына» (1986), габелену — трыпціх «Расліны» (1980), «Лянок мой» (1983), «Кветкі ў праталінах» (1985), серыя «Беларускія краявіды» (1987), «Дрэва і ралля» (1997) і інш. Работы вылучаюцца багаццем святлоценявых кантрастаў, эмацыянальнай выразнасцю.
т. 5, с. 487
ГРЫЦЭ́НКА Мікалай Алімпіевіч
(24.7.1912, ст. Ясінаватая Данецкай вобл., Украіна — 8.12.1979),
расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1964). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Б.Шчукіна (1940). Працаваў у Т-ры імя Я.Вахтангава. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў: Тарталья («Прынцэса Турандот» К.Гоцы), Мамаеў («На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага), Фёдар Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), князь Мышкін («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага). З 1942 здымаўся ў кіно: «Кавалер Залатой Зоркі» (Дзярж. прэмія СССР 1952), «Вялікая сям’я», «Сёстры», «Васемнаццаты год», «Хмарная раніца», «Ганна Карэніна», «Два капітаны» (тэлевізійны) і інш. Дзярж. прэмія Расіі 1970.
т. 5, с. 487
ГРЫ́ЧЫН,
балота нізіннага тыпу ў Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл. і Салігорскім р-не Мінскай вобл., у вадазборах рэк Лань і Цна. Пл. 32,9 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 18,8 тыс. га. Глыб. торфу да 2 м, сярэдняя 1 м. Часткова асушана: выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць. На неасушаных землях пераважаюць асакова-травяныя чорнаалешнікі.
т. 5, с. 487
ГРЫ́ЧЫНА,
вёска ў Фаніпальскім с/с Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса. За 18 км на ПдУ ад Дзяржынска, 25 км ад Мінска, 3 км ад чыг. ст. Фаніпаль. 450 ж., 130 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. ваеннапалонных. За 1,7 км ад вёскі курганны могільнік 10—11 ст.
т. 5, с. 487
ГРЫ́ЧЫНА-СТАРО́БІНСКАЕ БАЛО́ТА,
на З Салігорскага р-на Мінскай вобл., у вадазборы р. Морач. Нізіннага тыпу. Пл. 21,5 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 17,1 тыс. га. Глыб. торфу да 8 м, сярэдняя 1,8 м. Здабыча торфу на паліва і ўгнаенне. Амаль усё балота асушана, выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць.
т. 5, с. 487
ГРЫШАНО́ВІЧ Валерый Мікалаевіч
(псеўд. Дзедаў Валерый, Баркоўскі-Дзедаў Валерый; н. 3.3.1947, г. п. Халопенічы Крупскага р-на Мінскай вобл.),
паэт, публіцыст. Піша на рус. і бел. мовах. Скончыў Маскоўскі ун-т (1973). З 1969 на камсамольскай, з 1983 на парт. рабоце. У 1987—93 дырэктар выд-ва «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1968. Аўтар зб. вершаў «Стронцый у кроплі расы» (1990), паэм «Вока бездані» (1989), «Беларусь, Хрыстос і маланка» (1993), «Святое прычасце» (1994), кінасцэнарыя (з М.Кацюшэнкам) «Хроніка знаходжання на Зямлі» пра лётчыка-касманаўта У.Кавалёнка (паст. 1980). У творах Грышановіча — роздум над складанымі праблемамі сучаснасці, сутнасцю чалавечага жыцця, боль за бездухоўнасць грамадства.
Тв.:
«Пагоня» вяртаецца на Беларусь. Мн., 1992.
т. 5, с. 487
ГРЫШКАВЕ́Ц Валерый Фёдаравіч
(н. 23.12.1953, г. Пінск Брэсцкай вобл.),
рускі паэт. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1995). Працаваў на з-дзе, у калгасе, матросам, у геолага-развед. атрадзе, на будоўлях Бураціі і Літвы. З 1989 у газ. «Полесская правда» (Пінск). Літ. дзейнасць пачаў у 1968. У лірыцы Грышкаўца (зб-кі «Час адпраўлення», 1981; «Кола буслінае», 1991) роздум над сац. і маральна-этычнымі праблемамі сучаснасці, разнастайнасцю жыцця чалавека з яго радасцямі і засмучэннямі, лёсам роднага краю. Перакладае на рус. мову творы бел. паэтаў.
т. 5, с. 487