Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МА́РКА вытворчая,

выява, якая індывідуалізуе прадукцыю (тавары) і яе вытворцу. Змяшчаецца на вырабах, упакоўцы, тары. Уключае поўную або скарочаную назву прадпрыемства-вытворцы, звесткі аб яго месцазнаходжанні, гатунку і кошце вырабу, стандарце, тэхн. умовах і інш. За пастаўку прадукцыі без вытворчай М. пастаўшчык павінен плаціць штраф. Існуе таксама М. гандлёвая — назва, тэрмін, знак, сімвал, малюнак або іх камбінацыі для ідэнтыфікацыі прадукту прадаўца або групы прадаўцоў і адрознення іх ад прадуктаў канкурэнтаў. Уключае марачнае імя (частка М. ў выглядзе літар, слоў і іх камбінацый) і марачны знак (частка М., якая ўяўляе сабой сімвал, малюнак, каляровае або шрыфтавое афармленне). У залежнасці ад таго, пад якой М. рэалізуецца прадукт, адрозніваюць М. вытворцы, або нацыянальную М. (М., створаная вытворцам або ўзятая ў арэнду ў інш. вытворцы), і прыватную М. (пасрэдніцкую, М. дыстрыб’ютэра, дылера). Вытворчая і гандлёвая М. выкарыстоўваюцца незалежна ад таварнага знака і ў адрозненне ад яго не належаць рэгістрацыі і прававой ахове.

т. 10, с. 114

МА́РКАВА,

вёска ў Маладзечанскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 19 км на 3 ад Маладзечна, 95 км ад Мінска, 3 км ад чыг. станцыі Пруды. 772 ж., 291 двор (1999).

Вядома з 1415 як велікакняжацкае сяло і двор у складзе ВКЛ. З 1476 да пач. 16 ст. цэнтр павета і воласці. У 1519 разбурана ў час вайны Маск. дзяржавы з ВКЛ 1512—22. У 1532 уласнасць Яна Радзівіла, у 2-й пал. 16 ст. мястэчка, гаспадарскае ўладанне. У 18 ст. цэнтр староства. З 1793 у Рас. імперыі. У 1897 765 ж., 122 двары, царква, капліца, нар. вучылішча. З 1921 у Віленскім ваяв. Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Маладзечанскім р-не. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі знішчылі 72 хаты. З 1949 цэнтр калгаса.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Свята-Успенская царква (1860).

В.У.Шаблюк.

т. 10, с. 114

МА́РКАВА ЛАНЦУ́Г,

паняцце імавернасцей тэорыі, якое ўзнікла з работ А.А.Маркава, прысвечаных вывучэнню паслядоўнасцей залежных выпрабаванняў і звязаных з імі сум выпадковых велічынь. Развіццё тэорыі М.л. садзейнічала стварэнню агульнай тэорыі маркаўскіх працэсаў.

т. 10, с. 114

МАРКАВЕ́Ц (Віктар Пятровіч) (н. 5.8.1947, г. Докшыцы Віцебскай вобл.),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1971). Для твораў характэрны адзінства кампазіцыйнага вырашэння і колеравых нюансаў, строгая акрэсленасць малюнка. Аўтар тэматычных кампазіцый «Беларускія нафтавікі» (1972), «Палескі матыў» (1973), «Свята ў Докшыцах», «Купалле» (абедзве 1976), «Парк Перамогі» (1980), «Партызанская кузня» (1984), «Крыніца» (1991), «Сакавік. Вайшкуны» (1997), «Цёплы вечар» (1999); серыі «Кастусь Каліноўскі» (1970-я г.), партрэтаў бабулі (1976), «Дзед Алесь і бабка Марыля», А.Пупко, П.Сергіевіча (усе 1978), «Марыя Багдановіч з сынам Максімам» (1981—82), бацькоў Я.Купалы і Я.Коласа (ўсе 1982), У.Сыракомлі, «В.Дунін-Марцінкевіч з дачкой Камілай» (абодва 1983), С.Кібіцкага (1991); пейзажаў «Рака Бярэзіна каля Докшыц», «Камяні пад Докшыцамі» (1991); нацюрмортаў, трыпціха «Спакон вякоў» (1982). У 1990-я г. стварыў карціны, прысвечаныя Заслаўю, маляваныя дываны. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980. Іл. гл. таксама да арт. Нацюрморт.

В.Я.Буйвал.

В.Маркавец. Заслаўе 9—11 ст. 1992.

т. 10, с. 114

МАРКАВЕ́Ц-БА́РТЛАВА (Валянціна Пятроўна) (н. 24.8.1951, в. Янкі Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. У 1978—86 мастак Барысаўскага камбіната прыкладнога мастацтва. З 1988 выкладае ў Бел. АМ (з 1991 заг. кафедры). Працуе ў галіне габелена ў тэхніцы аўтарскага ручнога ткацтва. Творы вызначаюцца выкарыстаннем традыцый бел. нар. ткацтва і арнаментыкі, імкненнем перадаць праз разнастайнасць фактуры і каларыту, эксперыменты з матэрыяламі прыгажосць роднай зямлі, сувязь мінуўшчыны з сучаснасцю: «Жнівень» (1977), «Адчуванне» (1978), «Гаспадар пушчы» (1980), «Імгненне паэта» (1981), «Песні Купалля» (1982), «Раўбічы» і «Асеннія рытмы» (абодва 1983), «Канаплянкі» (1984), «Адраджэнне» (1987), дыпціх «Набат» і прасторавая кампазіцыя «Успаміны» (абодва 1988), «Поле экалогіі» (1989), «Парасткі» (1990), «Ралля» (1993), «Белыя кветкі ў чырвонай вазе» і «Сум» (абодва 1995), «Крумкачы» (1996) і інш. Аўтар манум. габелена «Белавежская пушча» (1990) для рэабілітацыйнага цэнтра Мін-ва аховы здароўя Беларусі, серыі «Вытокі» (1998—99, з Л.Бартлавым) для адм. корпуса БДУ, сцэн. касцюмаў для ансамбляў «Песняры», «Харошкі» і інш.

С.У.Пешын.

В.Маркавец-Бартлава. Поле экалогіі. 1989.

т. 10, с. 114

МА́РКАВІЦ ((Markowitz) Гары) (н. 1927),

амерыканскі эканаміст. Скончыў Чыкагскі ун-т. Працаваў у камерцыйных структурах, займаўся прыватным кансультаваннем. Праф. Каліфарнійскага ун-та. Навук. працы па пытаннях эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў. Адзін з заснавальнікаў тэорыі аптымізацыі спалучэння рознага віду багацця ў індывіда і фірмы (т.зв. «партфельнага падыходу»). Сааўтар мовы праграмавання SIMSCRIPT. Аўтар кніг: «Выбар партфеля: эфектыўная дыверсіфікацыя інвестыцый» (1959), «Аналіз сярэдняга і дысперсіі пры выбары партфеля і рынкі капіталу» (1987). Нобелеўская прэмія 1990 (разам з М.Х.Мілерам і У.Ф.Шарпам).

т. 10, с. 114

МА́РКАВІЧЫ,

вёска ў Гомельскім р-не. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 40 км на ПдУ ад Гомеля, 4 км ад чыг. ст. Краўцоўка. 923 ж., 450 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 10, с. 115

МАРКАЗІ́Т (позналац. marcasita ад перс. калчадан),

прамяністы калчадан, мінерал класа сульфідаў, сульфід жалеза FeS2. Хім. аналаг пірыту. Змяшчае 46,6% жалеза, часта прымесі нікелю, мыш’яку і інш. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Утварае канкрэцыі, сфераліты, нацёчныя агрэгаты, суцэльныя масы; крышталі таблітчастыя, радзей вострапірамідальныя, прызматычныя. Колер латунна-жоўты.

Бляск металічны. Цв. 6,—6,5. Шчыльн. 4,9 г/см³. Трапляецца М. эндагенны ў гідратэрмальных, пераважна жыльных радовішчах, М. экзагенны ў карбанатных пародах, глінах, каменных вуглях. Сыравіна для вырабу сернай кіслаты. Пры акісленні ўтварае ліманіт.

Марказіт.

т. 10, с. 115

МАРКАМА́НСКАЯ ВАЙНА́ 166—180, вайна старажытнагерманскіх (пераважна маркаманаў) і сармацкіх плямён, што жылі на Пн ад Дуная, супраць Рым. імперыі. Выкарыстаўшы цяжкае становішча Рым. імперыі ў сувязі з Парфянскай вайной (162—166), чумой і неўраджаем, герм. плямёны разам з саюзнікамі ў 166 уварваліся на яе тэрыторыю і пасля шэрагу перамог у 169 занялі Паўн. Італію і выйшлі да Адрыятыкі. Да 174 рымлянам пад кіраўніцтвам імператара Марка Аўрэлія ўдалося прыпыніць нашэсце германцаў, а ў 180 імператар Камод нанёс ім паражэнне. Паводле мірнага дагавора (180) граніцы Рым. імперыі зноў прайшлі па Дунаі.

т. 10, с. 115

МАРКАМА́НЫ (лац. Marcomanni жыхары маркі),

адно з плямён стараж. германцаў, што насялялі даліну р. Майн. Паводле пісьмовых крыніц вядомы з 58 да н.э. (згадваюцца ў войску Арыявіста). У 9—8 да н.э. выцеснены рымлянамі на тэр. сучаснай Чэхіі. У 1 ст. н.э. разам з роднаснымі ім квадамі прасунуліся на землі паміж верхнім цячэннем Эльбы і Дунаем. Адсюль яны рабілі набегі ў Паўн. Італію, што прывяло да Маркаманскай вайны 166—180 з рымлянамі. З 4 ст. ўдзельнічалі ў Вялікім перасяленні народаў. У 5 ст. аселі пераважна на тэр. Баварыі (гл. Бавары).

т. 10, с. 115