Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗЯБНІ́ЦКІ (Мікалай Васілевіч) (17.12.1919, г. Краснаармейск, Казахстан — 29.11.1975),

удзельнік партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Арлоўскае пях. вучылішча (1941). На фронце з чэрв. 1941, з вер. ў тыле ворага, камандзір узвода партыз. атрада спец. прызначэння, у ліп. 1942 — ліст. 1943 камандзір спецатрада НКДБ БССР «Другія», які дзейнічаў на тэр. Беларусі і Расіі. Да 1955 у органах КДБ.

т. 7, с. 124

ЗЯ́БРАЎКА,

вёска ў Гомельскім р-не. Цэнтр сельсавета. За 12 км на ПдУ ад г. Гомель, 2 км ад чыг. ст. Зябраўка. 921 ж., 386 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 7, с. 124

ЗЯБРЫ́НА (Zebrina),

род кветкавых раслін сям. камялінавых. Блізкія да роду традэсканцыя. Пашырана ў трапічных і субтрапічных краінах свету. На Беларусі ў пакоях і аранжарэях вырошчваецца ампельная лісцева-дэкар. З. звіслая (Z. pendula), вядомая таксама пад назвай традэсканцыя зябрына.

Шматгадовая травяністая расліна з паўзучым або звіслым галінастым сцяблом даўж. да 1 м. Лісце цэласнае, чаргаванае, яйцападобнае, гладкае, зверху зялёнае з двума серабрыста-белымі палосамі, знізу фіялетавае. Кветкі дробныя, ружова-ліловыя. Плод — каробачка.

т. 7, с. 124

З’Я́ВА,

гл. Сутнасць і з’ява.

т. 7, с. 124

ЗЯЗЮ́ЛІНЫ СЛЁЗКІ,

народная назва некат. кветкавых травяністых раслін, звычайна з родаў пальчатакарэннік, ятрышнік, тайнік і інш. сям. ятрышнікавых, якія маюць на лісці і пялёстках цёмныя плямы або кропкі, крапіны.

т. 7, с. 124

ЗЯЗЮ́ЛІН ЛЁН, лугавы лён, палітрыхум (Polytrichum),

род брыевых імхоў сям. палітрыхавых. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ў халодных і ўмераных абласцях зямнога шара. На Беларусі 6 відаў З.л.: звычайны (P. commune), ядлоўцавы (P. juniperinum), валасканосны (P. piliferum), прыальпійскі, або сціснуты (P. alpestre), прыгожы (P. formosum), зграбны (P. gracile). Расце ў лясах, на балотах, сырых лугах і інш. Торфаўтваральнік.

Двухдомныя, радзей аднадомныя, шматгадовыя часцей буйныя і цвёрдыя лістасцябловыя расліны, утвараюць рыхлыя дзярнінкі зялёнага, цёмна-, шыза-, жоўта-зялёнага, бураватага колеру. Сцябло выш. да 50 см, прамастойнае. Лісце цвёрдае, з доўгай плеўкавай похвай, ланцэтнае або лінейна-ланцэтнае, з суцэльным ці зубчастым краем, з завостранай верхавінкай. Каробачка са спорамі прызматычная да кубічнай на ножцы. Вечка з дзюбкай. Каўпачок з густымі і тонкімі валаскамі, якія нагадваюць ільняную пражу (адсюль назва), лёгка ападае.

Зязюлін лён.

т. 7, с. 124

ЗЯЗЮ́ЛІН ЦВЕТ,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Светнік.

т. 7, с. 124

ЗЯЗЮ́ЛЬКА,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Ятрышнік.

т. 7, с. 124

ЗЯЗЮ́ЛЯ звычайная

(Cuculus canorus),

птушка сям. зязюлевых атр. зязюлепадобных. Пашырана ўсюды, акрамя п-авоў Аравійскага і Індастан, паўд. ч. Індакітая, Арктыкі і Антарктыды. Жыве ў лясах, зарасніках па берагах вадаёмаў, у парках і садах, у гарах, па ўскраінах пустынь. Трымаецца па адной, радзей парамі. На Беларусі звычайны гнездавальны і пралётны від.

Даўж. да 40 см, маса да 370 г. У дарослых самцоў спіна і хвост цёмна-шэрыя, горла, валляк і грудзі светла-шэрыя, ніз белы з цёмнымі папярочнымі палосамі. Самкі бураватыя зверху, з вохрыстым налётам на валляку або спіна і верх галавы ржаўчата-рыжыя з чорнымі і белымі папярочнымі палосамі. Маладыя птушкі шараватыя або рыжаватыя, з больш цёмнай папярочнай паласатасцю. Кукуе самец. Самка нясе да 25 яец, якія па адным падкладвае ў гнёзды (гнездавы паразітызм) пераважна вераб’інападобных птушак. Птушаняты З. праз 10—16 гадз пасля нараджэння выкідваюць з гнёздаў яйцы і птушанят прыёмных бацькоў. Корміцца насякомымі і іх лічынкамі. Зімуе ў Афрыцы і на Пд Азіі.

Зязюля звычайная (самец).

т. 7, с. 124

«ЗЯЗЮ́ЛЯ» бел. нар. танец-гульня. Муз. памер ​3/4. Тэмп умераны. Зафіксаваны Е.Раманавым у Дзісенскім пав. на Віцебшчыне. Удзельнікі ўтваралі 2 процілеглыя рады. Хлопец лавіў дзяўчыну з другога рада, потым яны мяняліся ролямі; астатнія ўдзельнікі танцавалі ў такт песні, а пры воклічы «ку-ку!» падавалі рукі тым, хто стаяў насупраць. На захадзе Беларусі М.Федароўскі зафіксаваў «З.» ў чыста танц. форме, якая выконвалася трыма дзяўчынамі. Муз. памер ​2/4. Тэмп жвавы. На Гомельшчыне бытуе пад назвамі «Кукаўка», «Ку-ку».

Ю.М.Чурко.

т. 7, с. 124