птушка сям. зязюлевых атр. зязюлепадобных. Пашырана ўсюды, акрамя п-авоў Аравійскага і Індастан, паўд.ч. Індакітая, Арктыкі і Антарктыды. Жыве ў лясах, зарасніках па берагах вадаёмаў, у парках і садах, у гарах, па ўскраінах пустынь. Трымаецца па адной, радзей парамі. На Беларусі звычайны гнездавальны і пралётны від.
Даўж. да 40 см, маса да 370 г. У дарослых самцоў спіна і хвост цёмна-шэрыя, горла, валляк і грудзі светла-шэрыя, ніз белы з цёмнымі папярочнымі палосамі. Самкі бураватыя зверху, з вохрыстым налётам на валляку або спіна і верх галавы ржаўчата-рыжыя з чорнымі і белымі папярочнымі палосамі. Маладыя птушкі шараватыя або рыжаватыя, з больш цёмнай папярочнай паласатасцю. Кукуе самец. Самка нясе да 25 яец, якія па адным падкладвае ў гнёзды (гнездавы паразітызм) пераважна вераб’інападобных птушак. Птушаняты З. праз 10—16 гадз пасля нараджэння выкідваюць з гнёздаў яйцы і птушанят прыёмных бацькоў. Корміцца насякомымі і іх лічынкамі. Зімуе ў Афрыцы і на Пд Азіі.