Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЕРХНЕСІЛЕ́ЗСКІ—АСТРА́ЎСКА-КА́РВІНСКІ КАМЕННАВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,

у межах Польшчы і Чэхіі. У Польшчы (5500 км²) наз. Верхнесілезскі і займае частку Катавіцкага і Кракаўскага ваяводстваў, у Чэхіі (1000 км²) — Астраўска-Карвінскі. Вугляносныя адклады карбону. Агульныя запасы да глыб. 1000 м — каля 100 млрд. т каменнага вугалю. Цеплыня згарання 26—30 МДж/кг. Большая частка вугалю абагачаецца. Асн. цэнтры здабычы — г. Катавіцы (Польшча) і г. Острава (Чэхія).

т. 4, с. 110

ВЕРХНЕСІЛЕ́ЗСКІ РУ́ДНЫ РАЁН,

свінцова-цынкавыя радовішчы ў Польшчы (Катавіцкае і Кракаўскае ваяводствы). Пл. каля 2 тыс. км². Радовішчы прымеркаваны да даламітаў сярэдняга трыясу. Жыла-, лінза-, пластападобныя рудныя целы залягаюць у 3 гарызонтах магутнасцю 1—3 м, ёсць таксама штока- і трубападобныя паклады магутнасцю да 40 м. Глыб. залягання 20—250 м. Запасы цынку і свінцу некалькі млн. т. Сярэдняя колькасць Pb 1,2—1,5%, Zn 5—6%; ёсць каштоўныя прымесі серабра, талію, медзі, мыш’яку, малібдэну, кадмію.

т. 4, с. 110

ВЕРХНЕФРАКІ́ЙСКАЯ НІЗІ́НА, Марыцкая нізіна,

на ПдУ Балгарыі паміж Радопамі і хр. Срэдна-Гара. Даўж. 160 м, шыр. каля 40 км. Па Верхнефракійскай нізіне працякае р. Марыца. Міжземнаморскія хмызнякі, участкі шыракалістых лясоў. Амаль уся Верхнефракійская нізіна разарана. Вырошчваюць пшаніцу, агародніну; сады, вінаграднікі. На Верхнефракійскай нізіне — гарады Плоўдзіў, Пазарджык, Стара-Загора, Дзімітраўград. Назва ад старажытнай гіст. вобласці на У Балканаў.

т. 4, с. 110

ВЕ́РХНІЯ ЖА́РЫ,

вёска ў Брагінскім р-не Гомельскай вобл., на беразе Дняпра. Цэнтр сельсавета і дапаможнай гаспадаркі «Ніжні Дняпровец». За 64 км на ПдУ ад г.п. Брагін, 194 км ад г. Гомель, 20 км ад чыг. ст. Ёлча, 16 км ад прыстані Камарын. 260 ж., 139 двароў (1996). Лясніцтва. Пач. школа, клуб, б-ка, аддз. Сувязі.

т. 4, с. 110

ВЕ́РХНІ ЕГІ́ПЕТ,

раён Егіпта, які ўключае даліну р. Ніл ад мяжы з Суданам на Пд да шыраты г. Эль-Мінья на Пн. У старажытнасці Верхнім Егіптам называлася ўся асвоеная егіпцянамі даліна Ніла ў адрозненне ад Ніжняга Егіпта, які быў размешчаны ў дэльце Ніла. Мяжа паміж імі праходзіла ў раёне сучаснага г. Каір.

т. 4, с. 110

ВЕ́РХНІ ЕНІСЕ́Й, Улуг-Хем,

назва р. Енісей у межах Рэспублікі Тува, Расія.

т. 4, с. 110

ВЕ́РХНІ ЗЕ́МСКІ СУД,

саслоўны дваранскі судовы орган у Расійскай імперыі, у т. л. на Беларусі, у канцы 18 ст. Дзейнічаў на падставе «Устанаўлення для кіравання губерняў Усерасійскай імперыі» ад 7.11.1775. Складаўся з дэпартаментаў крымін. і цывільных спраў. Разглядаў крымін. справы, за якія абвінавачаны мог быць асуджаны да смяротнага пакарання, пазбаўлення гонару або да публічнага пакарання. Кампетэнцыя Верхняга земскага суда па цывільных справах выразна не была вызначана. Ён быў і апеляцыйнай інстанцыяй для ніжняга земскага суда. Засядаў 3 разы ў год. У 1797 скасаваны.

т. 4, с. 110

ВЕРХНЯВО́ЛЖСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён ранняга неаліту, якія ў сярэдзіне 5-га — апошняй чвэрці 4-га тыс. да н.э. жылі ў Волга-Окскім міжрэччы. Назва ад месца адкрыцця культуры ў вярхоўях р. Волга. Насельніцтва жыло на стаянках па берагах рэк і азёр у буданападобных жытлах, займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам. Вырабляла гаршкі з вострым і закругленым, кубкі — з пляскатым донцам. Знойдзены гліняныя дыскі, на адным з якіх выява галавы аленя. Шэрагам рысаў кераміка Верхняволжскай культуры блізкая да найб. ранняга посуду бабінавіцкага тыпу помнікаў (Віцебшчына), помнікаў у вярхоўях Друці і на З Смаленшчыны. Магчыма, была асновай узнікнення льялаўскай культуры.

т. 4, с. 110

ВЕ́РХНЯГА ВО́ЗЕРА ЖАЛЕЗАРУ́ДНЫ РАЁН,

каля зах. краю Верхняга воз., пераважна ў ЗША (штат Мічыган, Вісконсін і Мінесота) і Канадзе (прав. Антарыо); адзін з буйнейшых жалезарудных басейнаў свету. Працягласць басейна з З на У каля 600 км, з Пн на Пд каля 300 км. Жал. руды прымеркаваны да пратэразойскай жалезаруднай фармацыі, магутнасць яе 15—300 м, прадстаўлены таканітамі і звязанымі з імі багатымі гематытавымі рудамі (колькасць Fe 51—57%) і беднымі рудамі — магнетытавымі кварцытамі (Fe каля 27%). Здабыча з 1854. Руда абагачаецца. Асн. спажыўцы — металургічныя з-ды ЗША.

т. 4, с. 110

ВЕРХНЯДЗВІ́НСК

(да 25.12.1962 Дрыса),

горад, цэнтр Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобл., пры ўпадзенні р. Дрыса ў Зах. Дзвіну. За 175 км ад Віцебска. Чыг. ст. на лініі Полацк—Даўгаўпілс (Латвія), на аўтадарозе Полацк—Даўгаўпілс. 8,5 тыс. ж. (1995).

Упершыню ўпамінаецца пад 1386 (летапісная назва Дрысь, Дриса, Дриза). Паводле археал. даследаванняў, горад існаваў значна раней. Тут быў пабудаваны Дрысенскі замак. У 1-й пал. 16 ст. гандл. цэнтр на Зах. Дзвіне, каралеўскае ўладанне. У Лівонскую вайну 1558—83 заняты войскамі Івана IV Грознага, у 1583 вызвалены Стафанам Баторыем. З 1772 у складзе Рас. імперыі, з 1776 цэнтр Дрысенскага павета. У 1781 зацверджаны герб горада — «Пагоня» на залатым полі. У вайну 1812 каля горада знаходзіўся Дрысенскі лагер — умацаваная пазіцыя рус. арміі пад камандаваннем М.Б.Барклая дэ Толі. У 1797 у Верхнядзвінску 1310 ж., у 1897 — 4238. З 17.7.1924 цэнтр Дрысенскага р-на, з 3.7.1925 мястэчка, з 27.9.1938 горад. 2,7 тыс. ж. (1939). У Вял. Айч. вайну з 3.7.1941 да 12.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі тут 769 чал. У 1959 у горадзе 3,6, у 1970 — 11,9 тыс. жыхароў.

Прадпрыемствы лёгкай, дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Помнікі архітэктуры: Верхнядзвінская Мікалаеўская царква, жылы дом (пач. 20 ст.). Абеліск у памяць 100-годдзя вайны 1812. Мемарыяльны комплекс ахвярам фашызму, спаленым вёскам, воінам-вызваліцелям і землякам.

т. 4, с. 110