ВЕРХНЯДЗВІ́НСК
(да 25.12.1962 Дрыса),
горад, цэнтр Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобл., пры ўпадзенні р. Дрыса ў Зах. Дзвіну. За 175 км ад Віцебска. Чыг. ст. на лініі Полацк—Даўгаўпілс (Латвія), на аўтадарозе Полацк—Даўгаўпілс. 8,5 тыс. ж. (1995).
Упершыню ўпамінаецца пад 1386 (летапісная назва Дрысь, Дриса, Дриза). Паводле археал. даследаванняў, горад існаваў значна раней. Тут быў пабудаваны Дрысенскі замак. У 1-й пал. 16 ст. гандл. цэнтр на Зах. Дзвіне, каралеўскае ўладанне. У Лівонскую вайну 1558—83 заняты войскамі Івана IV Грознага, у 1583 вызвалены Стафанам Баторыем. З 1772 у складзе Рас. імперыі, з 1776 цэнтр Дрысенскага павета. У 1781 зацверджаны герб горада — «Пагоня» на залатым полі. У вайну 1812 каля горада знаходзіўся Дрысенскі лагер — умацаваная пазіцыя рус. арміі пад камандаваннем М.Б.Барклая дэ Толі. У 1797 у Верхнядзвінску 1310 ж., у 1897 — 4238. З 17.7.1924 цэнтр Дрысенскага р-на, з 3.7.1925 мястэчка, з 27.9.1938 горад. 2,7 тыс. ж. (1939). У Вял. Айч. вайну з 3.7.1941 да 12.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі тут 769 чал. У 1959 у горадзе 3,6, у 1970 — 11,9 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы лёгкай, дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Помнікі архітэктуры: Верхнядзвінская Мікалаеўская царква, жылы дом (пач. 20 ст.). Абеліск у памяць 100-годдзя вайны 1812. Мемарыяльны комплекс ахвярам фашызму, спаленым вёскам, воінам-вызваліцелям і землякам.
т. 4, с. 110
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)