МАРАТО́РЫЙ (ад лац. moratorius затрымліваючы, запавольваючы),
1) адтэрміноўка выканання дзяржавай сваіх абавязацельстваў у сувязі з надзвычайнымі абставінамі (вайна, крызіс, стыхійнае бедства і інш.). Пашыраецца на ўсе абавязацельствы (агульны М.) або на некаторыя з іх.
2) Адмаўленне дзяржавы ад учынення якіх-н. дзеянняў (напр., М. на правядзенне ядз. выпрабаванняў). Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь на час М. прыпыняецца дзеянне тэрміну іскавай даўнасці.
т. 10, с. 105
МАРА́ТХСКІЯ КНЯ́СТВЫ,
княствы ў Індыі ў 18 — пач. 19 ст. У 1730—40-я г. з дзяржавы, створанай Шываджы і яго нашчадкамі, вылучыліся княствы Нагпур (дынастыя Бхонсле), Індур (Холкары), Гваліяр (Сіндхія), Барода (Гаэквары) і інш. Пасля разгрому афганцамі ў 1761 маратхскага войска пры Паніпаце М.к. фактычна сталі незалежнымі дзяржавамі, хоць намінальна прызнавалі старшынства дынастыі пешваў (гал. міністраў). Барацьба М.к. паміж сабой стала прычынай іх паражэння ў англамаратхскіх войнах канца 18 — пач. 19 ст. і заваявання англічанамі.
т. 10, с. 105
МАРА́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА,
адна з назваў сярэдневяковай Вялікамараўскай дзяржавы ў Чэхіі.
т. 10, с. 105
МАРА́ЎСКІЯ БРАТЫ́,
рэлігійная секта ў Чэхіі ў сярэдзіне 15 — пач. 17 ст. Гл. ў арт. Чэшскія браты.
т. 10, с. 105
МАРАФО́НСКАЯ БІ́ТВА,
першая буйная бітва паміж грэч. і перс. войскамі ў 490 да н.э. ў час грэка-персідскіх войнаў 500—449 да н.э. каля мяст. Марафон непадалёку ад Афінаў. У час 2-га паходу ў Грэцыю перс. войска (20 тыс. чал.) высадзілася каля Марафона, каб рушыць на Афіны. Пры ўваходзе ў Марафонскую даліну яго сустрэла грэч. войска (11 тыс. чал.) пад камандаваннем Мільтыяда. Скарыстаўшы перавагі мясцовасці, грэч. фаланга бягом атакавала персаў, якія, аднак контратакавалі і здолелі прарваць слабы цэнтр грэкаў. Але на флангах грэкі разграмілі персаў і пад пагрозай акружэння прымусілі іх уцякаць да караблёў. М.б. затрымала новы паход персаў на Грэцыю на 10 гадоў, прадэманстравала перавагу грэч. ваеннай арг-цыі над персідскай, мела вял. ўплыў на ход грэка-перс. войнаў.
Літ.:
Дельбрюк Г. История военного искусства в рамках политической истории: Пер. с нем.: В 7 т. Т. 1. СПб., 1994.
Я.У.Новікаў.
т. 10, с. 105
МАРАФО́НСКІ БЕГ,
бег па шашы на найдаўжэйшую дыстанцыю (42 км 195 м); від лёгкай атлетыкі. Назва ад мястэчка Марафон, адкуль, паводле падання, пасля Марафонскай бітвы (490 да н.э.) грэч. воін-ганец пасланы ў Афіны з весткай аб перамозе над персамі. Не спыняючыся ў дарозе, ён прыбег у горад і, усклікнуўшы «Мы перамаглі», упаў мёртвым. М.б. уключаны ў праграму Алімп. гульняў з 1895 (Афіны; першы алімп. чэмпіён — грэч. спартсмен С.Луіс). Па М.б. праводзяцца міжнар. спаборніцтвы (Афіны; г. Бостан, ЗША, з 1895; г. Віндзар, Вялікабрытанія; Парыж, з 1976; г. Энсхедэ, Нідэрланды і інш.). Рэкорды (з-за рознага профілю трас) не фіксуюцца.
т. 10, с. 106
МАРА́ХІН (Сяргей Сцяпанавіч) (7.10.1911, в. Тотаршава Ардатаўскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 15.6.1972),
савецкі ваен. дзеяч, ген. арміі (1968). Скончыў Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1941) і Генштаба (1950). У Чырв. Арміі з 1931. У Вял. Айч. вайну на Паўн.-Зах., Бранскім, Варонежскім, 1-м Укр. франтах: нач. штаба танк. брыгады, штаба ўпраўлення бранятанк. і механіз. войск фронту, нач. аператыўнага аддзела танк. арміі, камандзір танк. брыгады. Пасля вайны на камандных пасадах у войсках, выкладчык Ваен. Акадэміі Генштаба. З 1960 1-ы нам. камандуючага, камандуючы Паўн. групай войск, у 1964—67 камандуючы войскамі БВА. З 1968 нам. міністра абароны — нач. тылу Узбр. Сіл СССР. Чл. ЦК КПСС у 1971—72, чл. ЦК КПБ у 1966—68. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1966—72.
т. 10, с. 106
МАРАХО́ДНЫЯ Я́КАСЦІ судна,
сукупнасць характарыстык судна, якія вызначаюць яго плывучасць, астойлівасць, непатапляльнасць, ходкасць, кіравальнасць, узыходжанасць на хвалю і інш.
Вызначаюць магчымасць эксплуатацыі судна ў басейнах з рознымі гідраметэаралагічнымі ўмовамі (на рэках, вадасховішчах, партовых акваторыях, рэйдах, у пэўных марскіх раёнах) або без абмежавання раёна плавання. Залежаць ад памераў і суадносін гал. вымярэнняў судна (даўжыні, шырыні, вышыні борта, асадкі), формы абводаў (абрысу вонкавай паверхні корпуса), размеркавання мас па даўжыні і вышыні.
т. 10, с. 106
МАРАХО́ЎСКІ (Ілья) (свецкае імя Ірахім Стафанавіч; каля 1576, г. Львоў, Украіна — 1631),
пісьменнік-палеміст, паліт. і царк. дзеяч. Уніят. З 1596 вучыўся ў папскім калегіуме ў Рыме. Памагаў уніяцкаму мітрапаліту І.Пацею ў барацьбе супраць праваслаўных; мяркуюць, што ў сааўтарстве з ім напісаў кнігі «Гармонія» і «Рэляцыя» (Вільня, 1608 і 1609). У 1609 кароль Жыгімонт III Ваза прызначыў М. сваім сакратаром на ВКЛ, а пасля смерці Пацея (1613) выдаў яму прывілей на Уладзіміра-Брэсцкае епіскапства. Як епіскап удзельнічаў у з’ездзе уніятаў у Навагрудку (1624), рабоце Кобрынскага сінода 1626. Выступіў супраць палемічна-публіцыстычнага твора М.Сматрыцкага «Трэнас». У кн. «Перыгорыя...» (на польск. мове, Вільня, 1612) асудзіў ідэалогію брацкага руху. Аўтар «Размовы пра пачатак адарвання грэчаскай царквы ад рымскага касцёла...» (1622), «Рэляцыі аб жорсткім забойстве Іасафата Кунцэвіча, полацкага архіепіскапа» (1624; абодва на польск. мове, выдадзены ў Замосці).
А.Ф.Коршунаў.
т. 10, с. 106
МАРАХО́ЎСКІ (Юрый Харытонавіч) (н. 4.9.1945, г. Батумі, Грузія),
бел. вучоны ў галіне ўнутраных хвароб. Д-р мед. н. (1991). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1969). З 1994 дырэктар Рэсп. цэнтра гастраэнтэралогіі, адначасова з 1995 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па радыёімунных метадах даследавання гармонаў, патафізіялогіі і клінічных праяўленнях язвавага каліту і цырозу печані, гастрадуадэнальнай паталогіі, стандартызацыі гастраэнтэралагічнай дапамогі.
Тв.:
Общая гастроэнтерология. Основная терминология и диагностические критерии. Мн., 1995;
Хронический панкреатит // Рос. мед. журн. 1996. № 1.
т. 10, с. 106