ГРЫ́ФІТ
(Griffith) Артур (31.3.1872, Дублін — 12.8.1922),
дзеяч ірл. нац.-вызв. руху, журналіст. У 1899 заснаваў газ. «The United Irishman» («Аб’яднаныя ірландцы»), у якой прапагандаваў ідэю незалежнасці Ірландыі. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў паліт. руху Шын фейн. У 1914—20 неаднаразова быў арыштаваны брыт. ўладамі. З 1919 чл. нелегальнага ірл. парламента (Дойла). У 1919—21 кіраўнік урада самаабвешчанай Ірл. рэспублікі, разам з М.Колінзам падпісаў кампрамісны англа-ірландскі дагавор 1921. Са студз. 1922 прэм’ер-міністр Ірл. дамініёна, т.зв. Ірл. свабоднай дзяржавы.
т. 5, с. 485
ГРЫ́ФІТ
(Griffith) Дэйвід Уорк (22.1.1875, г. Ла-Грэйндж, штат Кентукі, ЗША — 23.7.1948),
амерыканскі кінарэжысёр. У кіно з 1907. Працаваў на кінастудыях «Эдысан» і «Баёграф» у Нью-Йорку. Ставіў драмы, камедыі, экранізацыі літ. твораў. З 1914 у Галівудзе. У 1919 разам з Ч.Чапліным, М.Пікфард і Д.Фэрбенксам засн. кінакампанію «Юнайтэд артыстс». У 1908—31 зняў некалькі соцень пераважна кароткаметражных стужак, а таксама першы ў свеце поўнаметражны фільм. Выкарыстоўваў такія выразныя сродкі кіно, як буйны план, паралельны мантаж, панарама, адкрыў шырокія магчымасці здымачнай камеры ў стварэнні экраннага вобраза. Распрацаваў асн. прынцыпы акцёрскай ігры ў кіно. Сярод фільмаў: «Нараджэнне нацыі» (1915), «Нецярпімасць» (1916), «Сэрца свету» (1918), «Зламаныя парасткі» (1919), «Сіроткі буры» (1921), «Схватка» (1931). Спец. прэмія «Оскар» 1935.
т. 5, с. 485
ГРЫ́ФІУС
(Gryphius) Андрэас (2.10.1616, г. Глогаў, Польшча — 16.7.1664),
нямецкі паэт і драматург. Рана страціў бацькоў, перажыў жахі Трыццацігадовай вайны 1618—48. Скончыў Лейдэнскі ун-т у Галандыі (1643). Пісаў вершы на ням. і лац. мовах. Аўтар зб-каў «Нядзельныя і святочныя санеты» (1639), «Санеты, эпіграмы, оды» (1643). Яго паэзія, прасякнутая ідэямі стаіцызму, сцвярджала марнасць зямнога быцця і ў той жа час — веліч і нязломнасць духоўнасці, здольнасць чалавека пакінуць добры след на зямлі і зліцца з вечнасцю. У 1640—50-я г. пісаў пераважна трагедыі («Леў Армянін», «Карл Сцюарт», «Кацярына Грузінская», «Папініян» і інш.), гал. герой якіх — чалавек маральнага абавязку, здольны ахвяраваць сабой у імя веры і чалавечнасці. Аўтар камедый «Спадар Петэр Сквенц» (1658), «Гарыбілікрыбрыфакс» (1663).
Г.В.Сініла.
т. 5, с. 485
ГРЫФО́Н,
грыф, у старажытнагрэчаскай міфалогіі пачварная птушка з арлінай дзюбай і целам ільва. Лічыліся вартавымі залатых радовішчаў.
т. 5, с. 485
ГРЫФО́Н,
1) раптоўны прарыў з затрубнай прасторы буравой свідравіны флюіду (у асн. газу), які рухаецца пад вял. ціскам. Суправаджаецца ўтварэннем кратэраў, дыяметр варонкі якіх можа дасягаць некалькіх дзесяткаў і нават соцень метраў; выклікае прасяданне зямной паверхні. Часта грыфоны прыводзяць да пажараў і ліквідацыі свідравіны.
2) Выхад падземнай вады з ваданоснай пароды сканцэнтраваным струменем, які падымаецца вышэй за паверхню зямлі ці дно вадаёма.
т. 5, с. 485
ГРЫ́ФЫ,
група буйных птушак атр. драпежных. Каля 20 відаў. Падзяляюць на грыфы сапраўдных (14 відаў у бязлесных гарах і перадгор’ях Афрыкі, Паўд. Еўропы і Азіі) і грыфы амерыканскіх, пашыраных ва ўсіх прыродных зонах Паўн. Амерыкі. Найб. вядомыя грыфы сапраўдныя: чорны (Aegypius monachus), сцярвятнік, сіп белагаловы (гл. Сіпы), барадач; сярод грыфаў амерыканскіх: каралеўскі (Sarcoramphus papa), кондар (Vultur gryphus), кондар каліфарнійскі (Gymnogyps californianus; занесены ў Чырв. кнігу МСАП). На Беларусі выпадкова залётны від грыф чорны.
Даўж. каля 1 м, размах крылаў да 3 м. Галава і шыя голыя або ўкрытыя пухам. Крылы шырокія, доўгія, прыстасаваныя да працяглага лунаючага палёту. Лапы масіўныя, пальцы тоўстыя. Нясуць 1 яйцо. Жывяцца пераважна мярцвячынай. Карысныя як прыродныя санітары. Колькасць рэзка скарачаецца (асабліва ў Еўропе).
т. 5, с. 486
ГРЫЦАВЕ́Ц Сяргей Іванавіч
(6.7.1909, в. Бараўцы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 16.9.1939),
двойчы Герой Сав. Саюза (22.2 і 29.8.1939). Скончыў Арэнбургскую ваен. школу лётчыкаў (1932), школу паветр. бою (1936). Лётчык-знішчальнік, камандзір авіязвяна, атрада, знішчальнага авіяпалка. Удзельнік вайны ў Іспаніі 1936—39 (збіў больш за 30 самалётаў ворага), у 1939 баёў на р. Халхін-Гол (збіў 12 самалётаў праціўніка, у адным з баёў выратаваў камандзіра авіяпалка). Загінуў у авіякатастрофе каля пас. Балбасава Аршанскага р-на Віцебскай вобл. У Мінску, Баранавічах, Балбасаве, в. Моўчадзь Баранавіцкага р-на яму пастаўлены помнікі.
т. 5, с. 486
ГРЫЦА́Й Аляксей Міхайлавіч
(н. 7.3.1914, С.-Пецярбург),
рускі жывапісец. Нар. мастак Расіі (1963), чл. АМ СССР (1964). Вучыўся ў Ленінградскай АМ (1932—39). Выкладаў у Маскоўскім маст. ін-це імя Сурыкава (1948—52 і з 1964; праф. з 1966). У творах развівае традыцыі рус. пейзажнага жывапісу: «У Жыгулях. Бурны дзень» (1948—50), «Летні сад» (1956), «Чорная вада» (1967). Аўтар твораў на індустр. тэму («Электрапечы», 1947), партрэтаў (групавы партрэт «Пасяджэнне Прэзідыума АН СССР», 1951). Дзярж. прэмія СССР 1951, 1952.
т. 5, с. 486
ГРЫ́ЦКАВІЧЫ,
вёска ў Нясвіжскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Нясвіж—Ляхавічы. Цэнтр сельсавета і комплекснага долевага прадпрыемства. За 25 км на ПдЗ ад Нясвіжа, 137 км ад Мінска, 12 км ад чыг. ст. Пагарэльцы. 630 ж., 254 двары (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Царква.
т. 5, с. 486
ГРЫЦКЕ́ВІЧ Анатоль Пятровіч
(н. 31.1.1929, Мінск),
бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1986), праф. (1987). Скончыў мінскія мед. ін-т (1950) і пед. ін-т замежных моў (1955), БДУ (1958). З 1959 у Ін-це гісторыі АН Беларусі, з 1975 заг. кафедры Мінскага ін-та культуры (з 1993 Бел. ун-т культуры). Дырэктар навук. і даследчага Бел. ін-та Цэнтр. і Усх. Еўропы (з 1996). Даследуе гісторыю Беларусі перыяду феадалізму, прыватнаўладальніцкія гарады. Аўтар публікацый па гісторыі правасл. царквы і каталіцкага касцёла ў Беларусі, шляхецкага саслоўя, генеалогіі шляхты і выбранцаў, гіст. нарысаў пра Слуцк, нац.-вызв. рух у 1918—20.
Тв.:
Слуцк: Ист.-экон. очерк. 2 изд. Мн., 1970;
Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв.: (соц.-экон. исслед. истории городов). Мн., 1979;
Социальная борьба горожан Белоруссии (XVI—XVIII вв.). Мн., 1975;
Древний город на Случи. Мн., 1985;
Вакол «слуцкага паўстання». Мн., 1987.
Літ.:
А.П.Грыцкевіч: Бібліягр. паказ. Мн., 1994.
т. 5, с. 486