ГРО́НКА,
шчыльна сабраныя разам і размешчаныя на адной галінцы кветкі або плады. Бывае рознай марфалагічнай будовы. Гронкай называюць суквецці бэзу, складаныя суплоддзі і суквецці вінаграду, рабіны, глогу і інш. сукупнасці пладоў або кветак аднаго суквецця, якія больш або менш адасобленыя ад вегетатыўнай часткі парастка.
т. 5, с. 448
ГРО́НКІ
(Gronchi) Джавані (10.9.1887, г. Пантэдэра, Італія — 17.10.1978),
палітычны і дзярж. дзеяч Італіі. Адзін з заснавальнікаў каталіцкай італьян. Нар. партыі (1919—23). Дэп. парламента (з 1919). У 1922—23 сакратар мін-ва прам-сці і гандлю ў 1-м кабінеце Б.Мусаліні. У 1924 — 25 чл. Авенцінскага блока апазіц. антыфаш. партый. У пач. 1925 пазбаўлены дэпутацтва фаш. ўладамі, адышоў ад палітыкі. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік Руху Супраціўлення, прадстаўнік Хрысц.-дэмакр. партыі (ХДП) у Камітэце нац. вызвалення (1943—44). Пасля вайны лідэр левага крыла ХДП. У 1944—46 міністр прам-сці. Чл. (1946—55) і старшыня (1948—55) палаты дэпутатаў. У 1955—62 прэзідэнт Італіі, пасля — пажыццёвы сенатар.
т. 5, с. 448
ГРО́ПІУС
(Gropius) Вальтэр (18.5.1883, Берлін — 5.7.1969),
нямецкі архітэктар, дызайнер і тэарэтык архітэктуры; заснавальнік функцыяналізму. Вучыўся ў вышэйшых тэхн. школах Берліна і Мюнхена (1903—07), у 1907—10 асістэнт П.Берэнса. Распрацоўваў рацыяналістычныя прынцыпы ў архітэктуры і дызайне. Заснавальнік і дырэктар (1919—28) «Баўгаўза». Ствараў новыя арх. формы; вонкавы выгляд яго збудаванняў выяўляў іх функцыян. прызначэнне (ф-ка «Фагус» у Альфельдзе, 1911—16, разам з А.Меерам; адм. будынак на выстаўцы «Нямецкага Веркбунда» ў Кёльне, 1914). З 1937 працаваў у ЗША. Аўтар кніг па тэорыі і практыцы архітэктуры.
Тв.:
Рус. пер. — Границы архитектуры. М., 1971.
т. 5, с. 448
ГРОС Віктар Іванавіч
(11.11.1934, в. Дзяляцічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 31.3.1980),
бел. скульптар. Скончыў маст. ін-т Літ. ССР у Вільні (1958). Працаваў у станковай і манум. скульптуры. Сярод твораў: «Рыбак» (1958 і 1968), «Муляр» (1961), «Нескароны» (1964), партрэт А.П.Марэсьева (1960), помнікі воінам і партызанам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну, у в. Дзяляцічы (1964), г. Любань Мінскага р-на (1966, з У.Ананька, арх. В.Занковіч, Л.Левін), в. Пухавічы Пухавіцкага р-на (1969, арх. В.Марухін). Творы вызначаюцца лаканізмам, абагульненасцю пластыкі.
т. 5, с. 448
ГРОС
(Gross) Віллем (н. 11.1.1922, г. Тарту, Эстонія),
эстонскі празаік і драматург. Засл. пісьменнік Эстоніі (1975). Друкуецца з 1949. У сацыяльна-псіхал. п’есах «Лёд растае» (1950), «У вялікай сям’і» (1951), «Анкета» (1955), «Паўтара месяца» (1967), у зб-ку апавяданняў «Сярэднія дні» (1966), раманах «Крылы распрамляюцца» (1958), «Прадаецца індывідуальны недабудаваны дом...» (1961), «Аднакласнікі» (1965), «Зімовы адпачынак» (1975), «Матывы ўмоўчвання» (1978, Літ. прэмія імя Ю.Смуула 1978), «У перагружанай лодцы» (1981) і інш. даследуе актуальныя маральна-этычныя і філас. праблемы на матэрыяле пасляваен. і сучаснага жыцця сваіх суайчыннікаў. Аўтар кнігі літ.-публіцыстычных артыкулаў «Хіба сёння — толькі сёння» (1972).
т. 5, с. 448
ГРОС
(Grosz) Жорж [сапр. Эрэнфрыд (Ehrenfried) Георг; 26.7.1893, Берлін — 6.7.1959], нямецкі графік і жывапісец. Вучыўся ў АМ у Дрэздэне (1909—11). Арганізатар «Чырвонай групы» мастакоў (1924),
з 1928 чл. Асацыяцыі рэв. мастакоў Германіі. Пэўны час прымыкаў да экспрэсіяністаў і дадаістаў, пісаў вострапсіхал. партрэты. Аўтар графічных цыклаў («Твар пануючага класа», 1921; «Расплата будзе!», 1922; «Новы твар пануючага класа», 1932, і інш.), якія маюць антыбуржуазную, антымілітарысцкую накіраванасць. У 1932—59 жыў у ЗША, дзе стварыў шэраг сацыяльна-паліт. карцін («Мір», 1946).
т. 5, с. 448
ГРОСМА́ЙСТАР
(ням. Groβmeister літар. вял. майстар),
вышэйшае ганаровае спарт. званне па шахматах і шашках. У 1949 Міжнар. шахматнай федэрацыяй (ФІДЕ) устаноўлена званне гросмайстра па шахматах. На Беларусі яго атрымалі Б.Гельфанд, В.Дыдышка, А.Заяц, К.Зварыкіна, А.Кавалёў, В.Купрэйчык, Ю.Шульман, Р.Эйдэльсон. З 1958 прысвойваецца званне гросмайстра Міжнар. федэрацыі гульні ў шахматы па перапісцы (ІКЧФ). Званне гросмайстра па шашках устаноўлена ў 1948 Сусв. федэрацыяй шашак. У Беларусі яго атрымалі А.Альтшуль, А.Балякін, Я.Ватуцін, А.Гантварг, В.Камышлеева, М.Кац, І.Пашкевіч, А.Плакхін, А.Прэсман, З.Садоўская, Л.Сахненка.
т. 5, с. 448
ГРО́СМАН Васіль Семёнавіч
(12.12.1905, г. Бярдзічаў, Украіна — 14.9.1964),
расійскі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1929). Першая аповесць пра жыццё шахцёраў Данбаса «Глюкаўф» (1934). Аўтар гіст.-рэв. рамана «Сцяпан Кальчугін» (ч. 1—4, 1937—40), аповесці «Народ бессмяротны» (1942) і рамана «За праведную справу» (1952), прысвечаных подзвігу народа ў Вял. Айч. вайне. Выйшлі зб. апавяданняў «Шчасце» (1935), «Жыццё» (1943), «Дабро вам!» (1967) і інш; пісаў нарысы, публіцыстыку (кн. «Сталінірад», 1943). Аповесць «Усё цячэ» (1955—63, выд. 1970, у Расіі — 1989) пра трагічныя старонкі гісторыі краіны 1930—50-х г. Раман «Жыццё і лёс» выдадзены ў Расіі ў 1988.
Літ.:
Бочаров А.Г. Василий Гроссман: Жизнь, творчество, судьба. М., 1990.
т. 5, с. 449
ГРО́СУЛ
(Grosul) Якім Сяргеевіч (21.9.1912, с. Карагаш Ціраспальскага р-на, Малдова — 28.9.1976),
малдаўскі гісторык. Акад. АН Малд. ССР (1961), чл.-кар. АН СССР (1966). Засл. дз. нав. Малд. ССР (1967). Д-р гіст. н. (1955), праф. (1957). Скончыў пед. ін-т у Ціраспалі (1937). У 1938—40 у Чырв. Арміі. У час ням.-фаш. акупацыі Малдавіі ў Вял. Айч. вайну настаўнічаў у сав. тыле (Казахстан, Расія). Выкладаў у Малд. пед. ін-це (1944—46). Нам. дырэктара Малд. н.-д. базы АН СССР (1947—50) і старшыні прэзідыума Малд. філіяла АН СССР (1950—61). Першы прэзідэнт АН Малдавіі (з 1961). Аўтар і сааўтар прац па гістарыяграфіі, гісторыі нар. гаспадаркі і культуры Малдавіі (пераважна 19—20 ст.), падручнікаў па гісторыі Малдавіі для сярэдніх школ і інш.
Тв.:
Труды по истории Молдавии. Кишинев, 1982.
У.Я.Калаткоў.
т. 5, с. 449
ГРОТ
(франц. grotte ад італьян. grotta),
1) неглыбокая пячора са скляпеністай столлю і шырокім уваходам.
2) Расшырэнне пячоры пасля вузкага праходу.
3) Ніша ў канцы горнага ледавіка, адкуль выцякаюць расталыя воды. Бываюць аб’ектамі турызму (напр., Блакітны грот на в-ве Капры).
4) Тып паркавага збудавання (часам у выглядзе павільёна), муроўка і апрацоўка якога (ракавінкі, туф, камень) імітуюць натуральную пячору. Былі пашыраны ў еўрап. садовапаркавым мастацтве 16—18 ст., на Беларусі — з 18 ст. (грот у Гомельскім парку).
т. 5, с. 449