Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАПЕ́Д [ад ма(тацыкл) + (веласі)пед],

двух- або трохколавы трансп. сродак з рухавіком унутр. згарання і педальным ланцуговым прыводам задняга кола. Развівае скорасць да 50 км/гадз. Рухавік звычайна аднацыліндравы двухтактавы (рабочы аб’ём да 50 см³, магутнасць каля 1,5—2 кВт).

Мапед «Верхавіна-3».

т. 10, с. 101

МАПУ́ТУ (Maputo),

горад, сталіца Мазамбіка. Знаходзіцца на Пд краіны. Адм. ц. правінцыі Мапуту. 2212 тыс. ж. з прыгарадамі (1997). Вузел аўтадарог. Пачатковы пункт чыгунак у глыб мацерыка. Буйны порт у бухце Дэлагоа Індыйскага ак. (вываз бавоўны, цукру, сізалю, копры, драўніны, фруктаў), адыгрывае важную ролю ў знешніх сувязях Паўд.-Афр. Рэспублікі і Свазіленда. Міжнар. аэрапорт. Гал. эканам. цэнтр краіны. Прам-сць: харч., маш.-буд., металаапр., дрэваапр., нафтаперапр., хім., цэм., керамічная, абутковая, тэкстыльная. Ун-т. Музеі. Бат. сад.

Засн. ў 1721 як нідэрландская факторыя. З 1760 партуг. горад Ларэнсу-Маркіш. Хуткае развіццё М. пачалося пасля 1895, калі праз горад прайшла чыгунка з Трансвааля. З 1907 адм. ц. партуг. калоніі Мазамбік, з 1975 сталіца незалежнай дзяржавы. У 1975—76 наз. Кан-Фума, з 1976 сучасная назва. Прыморскі курорт.

т. 10, с. 101

МАР (Мікалай Якаўлевіч) (6.1.1865, г. Кутаісі, Грузія — 20.12.1934),

расійскі філолаг і археолаг. Акад. Пецярбургскай АН (1912), АН СССР (1925), АН Беларусі (1928). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1890), з 1900 праф. у ім. Даследаваў каўк. мовы [«Граматыка чанскай (лазскай) мовы з хрэстаматыяй і слоўнікам», 1910; «Граматыка старажытналітаратурнай грузінскай мовы», 1925], гісторыю, археалогію і этнаграфію Каўказа. Вывучыў і апублікаваў тэксты шэрагу стараж.-груз. і стараж.-арм. помнікаў. У 1920—30-я г. стварыў навукова неабгрунтаваную «яфетычную тэорыю» («новае вучэнне пра мову»), якая тым не менш дала імпульс распрацоўцы праблем сувязі развіцця навукі і грамадства.

Тв.:

Избр. работы. Т. 1—5. М.; Л., 1933—37.

т. 10, с. 101

МА́РА, маруха, мора, кікімара,

у славянскай міфалогіі злы дух, першапачаткова, як і слав. багіня Марэна, увасабленне смерці, мору. Пазней М. часткова страціла сувязь са смерцю, але захавала шкодны для чалавека характар. У беларусаў М. — назва нечысці і чучала (называюць таксама Купалай і Марэнай), якое ў ноч на Івана Купалу спальваюць на вогнішчы або топяць у вадзе (гл. Купалле).

т. 10, с. 101

МА́РА адзін з відаў творчага ўяўлення, стварэнне вобразаў жаданай будучыні. Цесна звязана з фантазіяй. Уяўныя новыя вобразы ствараюцца актыўнай дзейнасцю свядомасці на аснове мінулых адчуванняў і ўспрыманняў, жыццёвага вопыту, назапашаных ведаў. У залежнасці ад адносін суб’екта да рэчаіснасці М. можа быць актыўная, накіраваная на паляпшэнне жыцця, і пасіўная — пустая летуценнасць, якая адцягвае чалавека ад рэальнага жыцця, аслабляе волю, вядзе да бяздзейнасці.

т. 10, с. 101

МАРАБУ́ (Leptoptilos),

род птушак сям. буслоў атр. галянастых. 3 віды. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі і Афрыцы. Жывуць калоніямі на дрэвах або скалах паблізу балот.

Даўж. да 1,5 м, размах крылаў да 3 м. Спіна чорная або цёмна-шэрая, ніз цела белы. Дзюба масіўная. Галава і шыя пакрыты рэдкім пухам. На шыі голы гарлавы мяшок (у М. яванскага няма). Кормяцца жывёльным кормам, мярцвячынай. Нясуць 2—4 яйцы.

Марабу.

т. 10, с. 101

МАРА́ВА (Morava),

рака на У Югаславіі (Сербія), правы прыток р. Дунай. Даўж. 563 км (ад вытоку Паўд. М.), пл. басейна 38 тыс. км². Утвараецца ад сутокаў Паўд. і Зах. М. Верхняе цячэнне рэк, якія складаюць М. ва Усх.-Сербскіх гарах, ніжэй сутокаў — па Сярэднедунайскай раўніне. Асн. прыток — р. Ібар (справа). Веснавое разводдзе. Сярэдні расход вады ў вусці 260 м³/с. ГЭС. Сплаўная. Выкарыстоўваецца для арашэння.

т. 10, с. 101

МАРА́ВАЎ (Аляксандр Віктаравіч) (20.12. 1878, с. Вял. Матавілаўка Фастаўскага р-на Кіеўскай вобл. — 23.2.1951),

расійскі жывапісец. Засл. дз. маст. Расіі (1946). Акад. АМ СССР (1949). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1897—1902). У 1902—50 выкладаў у маст. навуч. установах Масквы і Цверы. Чл. Т-ва перасоўных маст. выставак (з 1904; гл. Перасоўнікі), Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1923). Пісаў жанравыя і гіст. кампазіцыі, пейзажы, партрэты. Сярод твораў: «Маці» (1902), «Збор бульбы» (1904), «Л.​М.​Талстой у сваім кабінеце ў Яснай Паляне» (1909), «Дзекабрысты ў Чыце» (1911), «Пасяджэнне камітэта беднаты» (1920), «На прызыўным пункце» (1926), «У валасным загсе» (1928), «Ленскі расстрэл у 1912 годзе» (1937) і інш.

А.Мараваў. У валасным загсе. 1928.

т. 10, с. 101

МАРАВЕ́ДЗІ.

марабаціна, залатая манета Іспаніі і Партугаліі. Выпускаліся ў 1112—1223 на ўзор араба-ісп. дынарыяў (у абарачэнні з 1087). Маса 3,46—3,9 г. У 2-й пал. 13 ст. некат. час выпускаліся білонныя, 60 штук якіх ішло на 1 залаты М. Пазней М. — грашова-лікавае паняцце. З 15 ст. выпускаліся білонныя, з 16 ст. — толькі медныя манеты ў 2, 4, 8 М. З 1474 білонны ісп. рэал змяшчаў 34 білонныя М.

т. 10, с. 102

Маравіч Светазар

т. 18, кн. 1, с. 425