Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«ВЕ́РА І ЖЫЦЦЁ»,

каталіцкі часопіс. Выходзіць з 1993 у Мінску на бел. мове (некаторыя матэрыялы друкуе на рус. і польск. мовах). Змяшчае матэрыялы рымска- і грэка-каталіцкіх канфесій. Друкуе рэліг. артыкулы гіст. і культурнай тэматыкі, урыўкі з рэліг. кніг, успаміны вернікаў аб наведванні святых мясцін і інш. Расказвае пра святых беларускай зямлі, храмавыя архітэктурныя помнікі. Мае рубрыкі: «На пытанні моладзі адказваюць святары», «Школа пеўчых» і інш.

т. 4, с. 92

ВЕ́РБАВІЧЫ,

вёска ў Нараўлянскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 9 км на Пд ад г. Нароўля, 187 км ад Гомеля, 43 км ад чыг. ст. Ельск. 355 ж., 144 двары (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — царква 18 ст.

т. 4, с. 99

ВЕРБАЛО́З,

гл. ў арт. Вярба.

т. 4, с. 99

ВЕРБА́ЛЬНАЯ НО́ТА (ад лац. verbalis славесны),

дыпламатычны дакумент, найбольш пашыраная форма дыпламатычнай перапіскі па бягучых пытаннях. Звычайна ідзе ад пасольства, місіі, мін-ва замежных спраў і не падпісваецца, а толькі змацоўваецца пячаткай.

т. 4, с. 99

ВЕ́РБАЎКА,

рака ў Горацкім і Чавускім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток Проні (бас. Дняпра). Даўж. 27 км. Пл. вадазбору 159 км². Пачынаецца на ПдЗ ад в. Цёмны Лес Горацкага р-на. У сярэднім і ніжнім цячэнні на працягу 15,2 км каналізаваная.

т. 4, с. 99

ВЕРБЕ́НА (Verbena),

род кветкавых раслін сям. вербенавых. Больш за 300 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках Амерыкі, таксама ў Еўропе і Сярэдняй Азіі. На Беларусі пераважна на Палессі трапляецца дзікарослая вербена лекавая (Verbena officinalis), расце на засмечаных мясцінах каля жылля і дарог, таксама вырошчваюць 2 інтрадукаваныя віды — вербену буэнас-айрэскую (Verbena bonariensis) і гібрыдную (Verbena hybrida).

Адна- ці шматгадовыя галінастыя, залозіста-апушаныя травяністыя расліны або паўкусты. Лісце супраціўнае, сядзячае, падоўжана-яйцападобнае, зубчаста-надрэзанае ці калючкападобнае. Кветкі пераважна двухполыя, рознага колеру ў коласападобных суквеццях, сабраных у парасонападобныя шчыткі або мяцёлкі. Плод — чатырохарэшак (эрэм). Эфіраалейныя, вострапрыпраўныя, лек. (гарачкапаніжальны і танізуючы сродак, выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне для ўзбуджэння апетыту) і дэкар. расліны.

т. 4, с. 99

ВЕ́РБНІЦА,

вербная нядзеля, народная назва хрысц. свята з нагоды ўваходу Гасподняга ў Іерусалім. Адзначаецца ў апошнюю перад Вялікаднем нядзелю, да якой прымеркаваны абрад асвячэння вярбы (адсюль назва). У аснове свята евангельскае паданне пра Ісуса Хрыста, які перад прыняццем пакутніцкай смерці на крыжы прыйшоў у Іерусалім, дзе народ вітаў яго пальмавымі галінкамі. На Беларусі ў праваслаўных і католікаў ролю пальмавых галінак выконвае вярба. Яе ўпрыгожваюць каляровымі стужкамі, засушанымі кветкамі, травамі, каласкамі і інш. Пасля асвячэння вярба лічылася святыняй у хаце (разам з асвячонай на Вадохрышча вадой і грамнічнымі свечкамі). Бытуе павер’е, што вярба валодае магічнымі ўласцівасцямі, здольная адпужваць злых духаў, засцерагаць ад бяды і няшчасцяў; сяляне рабілі «вербнае прывітанне» — датыкаліся вярбой да дзяцей, хворых, адзін да аднаго, што павінна было надаць ім моцы і здароўя; гаспадары абыходзілі з вярбой будынкі для жывёлы, агарод, азімае поле. Вярбу давалі пастухам пры першым выгане жывёлы ў поле, з ёю заворвалі поле і інш. Каб спыніць хваробу, засцерагчы ад згубы, чалавека і жывёлу акурвалі вярбой (нярэдка разам з ядлоўцам).

А.В.Гурко.

т. 4, с. 99

ВЕ́РБУНКАШ (венг. verbunkos ад ням. Werbung вярбоўка),

1) венгерскі танец; папярэднік чардаша. Узнік у 2-й пал. 18 ст. У яго аснове — мужчынскі танец вербунк (выконваўся пры вярбоўцы рэкрутаў).

2) Стыль венг. нар. і прафес. музыкі ў канцы 18—19 ст. Муз. асаблівасці звязаны з традыцыяй віртуознага, пераважна цыганскага скрыпічнага выканальніцтва. Вылучаецца эмацыянальнай мелодыкай і рытмічнай разнастайнасцю (узор «Ракацы-марш» невяд. аўтара). Сярод майстроў вербункаша — кампазітары і скрыпачы-віртуозы Я.Біхары, Я.Лавата, А.Чэрмак. Стыль вербункаша ўвасоблены ў творах І.Брамса, Ф.Ліста, Ф.Эркеля, Б.Бартака, З.Кодая і інш.

т. 4, с. 100

ВЕРВ,

сельская абшчынная арг-цыя ў Стараж. Русі і паўд славян у сярэднія вякі. Тэрмін паходзіць ад вяроўкі, якою адмервалі ўчастак зямлі, што належаў членам верві. Упамінаецца ў зборы законаў «Руская праўда» і ў Поліцкім статуце (заканад. помнік Поліцы — гіст. вобласці на далмацінскім узбярэжжы ў Харватыі; дзейнічаў у пач. 15 — пач. 19 ст.). Гл. таксама Абшчына.

т. 4, с. 100

ВЕ́РГА ((Verga) Джавані) (31.8.1840, Ачы-Кастэла, каля г. Катанія, Італія — 27.1.1922),

італьянскі пісьменнік. Заснавальнік верызму ў італьян. л-ры. Аўтар раманаў «Карбанарыі ў гарах» (1861—62), «Грэшніца» (1866), «Ева» (1873), «Сапраўдная тыгрыца», «Эрас» (абодва 1875), «Сям’я Малаволья» (1881), «Муж Алены» (1882), «Майстар дон Джэзуальда» (1889), аповесцей «Гісторыя адной малінаўкі» (1871), «Неда» (1874), зб-каў навел «Жыццё палёў» (1880), «Сельскія навелы», «На вуліцах» (абодва 1883), «Дон Кандэлора і К°» (1894) і інш., п’ес «Сельскі гонар» (1884; аднайм. опера П.Масканьі), «Ваўчыца» (1896) і інш. Адметныя рысы сталай творчасці Вергі — бясстраснасць, абавязковая наяўнасць трагічнага, стылявы аскетызм.

Тв.:

Рус. пер. — Семья Малаволья. Л., 1936;

Драмы. М.; Л., 1941;

Новеллы. М., 1957;

Мастро дон Джезуальдо. Л., 1980.

Літ.:

Джованни Верга: Биобиблиогр. указ. М., 1966.

Е.А.Лявонава.

т. 4, с. 100