ВЕ́РБНІЦА,
вербная нядзеля, народная назва хрысц. свята з нагоды ўваходу Гасподняга ў Іерусалім. Адзначаецца ў апошнюю перад Вялікаднем нядзелю, да якой прымеркаваны абрад асвячэння вярбы (адсюль назва). У аснове свята евангельскае паданне пра Ісуса Хрыста, які перад прыняццем пакутніцкай смерці на крыжы прыйшоў у Іерусалім, дзе народ вітаў яго пальмавымі галінкамі. На Беларусі ў праваслаўных і католікаў ролю пальмавых галінак выконвае вярба. Яе ўпрыгожваюць каляровымі стужкамі, засушанымі кветкамі, травамі, каласкамі і інш. Пасля асвячэння вярба лічылася святыняй у хаце (разам з асвячонай на Вадохрышча вадой і грамнічнымі свечкамі). Бытуе павер’е, што вярба валодае магічнымі ўласцівасцямі, здольная адпужваць злых духаў, засцерагаць ад бяды і няшчасцяў; сяляне рабілі «вербнае прывітанне» — датыкаліся вярбой да дзяцей, хворых, адзін да аднаго, што павінна было надаць ім моцы і здароўя; гаспадары абыходзілі з вярбой будынкі для жывёлы, агарод, азімае поле. Вярбу давалі пастухам пры першым выгане жывёлы ў поле, з ёю заворвалі поле і інш. Каб спыніць хваробу, засцерагчы ад згубы, чалавека і жывёлу акурвалі вярбой (нярэдка разам з ядлоўцам).
А.В.Гурко.
т. 4, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)