Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ПАГІРЭ́ЙЧЫК (Васіль Паўлавіч) (1900, в. Козырава, цяпер у межах Мінска — 7.5.1920),

удзельнік партыз. руху на Беларусі ў грамадз. вайну 1918—20. З 1918 у Чырв. Арміі. Удзельнік баёў супраць Калчака, атамана Сямёнава. У час акупацыі Беларусі ў 1919—20 польск. войскамі пам. камандзіра падрыўнога атрада козыраўскіх партызан. 27.4.1920 арыштаваны дэфензівай і з 7 партызанамі расстраляны ў Камароўскім лесе пад Мінскам.

т. 11, с. 477

ПАГЛЫНА́ЛЬНАЯ ЗДО́ЛЬНАСЦЬ цела, паглынання каэфіцыент,

адносіны патоку выпрамянення, што паглынаецца целам, да патоку, які падае на яго паверхню. Залежыць ад частаты выпрамянення, прыроды рэчыва, формы і т-ры цела. Калі П.з. цела ў некаторым дыяпазоне частот і т-р роўная 1, то цела лічыцца абсалютна чорным. П.з. уваходзіць у Кірхгофа закон Выпрамянення і характарызуе адхіленне паглынальных уласцівасцей дадзенага цела ад уласцівасцей абсалютна чорнага цела.

т. 11, с. 477

ПАГЛЫНА́ЛЬНАЯ ЗДО́ЛЬНАСЦЬ ГЛЕ́БЫ,

уласцівасць глебы затрымліваць (паглынаць) рэчывы і цвёрдыя часцінкі, што перамяшчаюцца ў ёй. Мех. П.з.г. абумоўлена адфільтроўваннем у ёй ускаламучаных у вадзе часцінак, фіз.адсорбцыяй рэчываў глебавага раствору на паверхні часцінак глебы, фізіка-хім. — эквівалентным абменам іонамі (пераважна катыёнамі) паміж цвёрдай ч. глебы і глебавым растворам (абменнае паглынанне) і ўкараненнем катыёнаў у крышт. рашотку глебавых мінералаў (неабменнае паглынанне), хім.хім. узаемадзеяннем іонаў са злучэннямі глебы з утварэннем цяжка- і нерастваральных солей, што далучаюцца да цвёрдай ч. глебы, біял.сорбцыяй рэчываў глебавымі мікраарганізмамі і каранямі раслін. Адыгрывае важную ролю ў выветрыванні горных парод, вышчалочванні глеб і інш. глебавых працэсах, значна ўплывае на ўрадлівасць глебы; улічваецца пры ўнясенні ўгнаенняў і хім. меліярацыі глеб.

т. 11, с. 477

ПАГЛЫНА́ННЕ ГУ́КУ,

з’ява неабарачальнага пераходу энергіі гукавой хвалі ў інш. віды энергіі, напр., у цеплату. Залежыць ад прыроды, вязкасці, цеплаправоднасці і шчыльнасці асяроддзя, а таксама ад частаты гукавых ваганняў. Выкарыстоўваецца для даследаванняў унутр. структуры рэчываў, а таксама ў арх. акустыцы.

Калі праходжанне гуку парушае раўнаважны стан асяроддзя, П.г. павялічваецца з-за рэлаксацыйных працэсаў (гл. Рэлаксацыя акустычная) і суправаджаецца дысперсіяй гуку (гл. Дысперсія хваль). П.г. ў газах залежыць ад ціску ў газе; цеплаправоднасць і зрухавая вязкасць даюць прыкладна аднолькавы ўклад. У вадкасцях у асн. вызначаецца вязкасцю, у цвёрдых целах — унутр. трэннем і цеплаправоднасцю, а на высокіх частотах і пры нізкіх т-рах — рознымі працэсамі ўзаемадзеяння гуку з унутр. ўзбурэннямі ў цвёрдых целах (напр, фанонамі, электронамі праводнасці, спінавымі хвалямі).

т. 11, с. 477

ПАГЛЫНА́ННЕ СВЯТЛА́,

змяншэнне інтэнсіўнасці аптычнага выпрамянення (святла) пры праходжанні яго праз рэчыва.

Апісваецца Бугера-Ламберта-Бэра законам, які выконваецца пры адносна невял. інтэнсіўнасцях святла. Залежнасць каэфіцыента паглынання рэчыва ад даўжыні хвалі святла наз. спектрам паглынання (гл. Спектры аптычныя). Спектр паглынання адасобленых атамаў (напр., разрэджаных газаў) складаецца з вузкіх ліній, якія адпавядаюць частотам уласных ваганняў электронаў у атамах. Малекулярны спектр вызначаецца ваганнямі атамаў у малекулах і складаецца са значна больш шырокіх абласцей даўжынь хваль з істотным П.с. (палос паглынання). П.с. ў цвёрдых целах характарызуецца шырокімі абласцямі паглынання і вял. значэннем каэфіцыента паглынання. У светлавых пучках вял. інтэнсіўнасці закон Бугера—Ламберта—Бэра П.с. парушаецца (нелінейнае П.с.), што абумоўлена вял. доляй паглынальных часціц ва ўзбуджаным стане, не здольных паглынаць святло. Калі ў паглынальным асяроддзі створана інверсія заселенасці (гл. Актыўнае асяроддзе), то кожны фатон зыходнага патоку святла мае большую імавернасць выклікаць выпрамяненне такога ж фатона, чым быць паглынутым самому (гл. Вымушанае выпрамяненне). На гэтым заснаваны прынцып работы квантавых генератараў і квантавых узмацняльнікаў. Працэс П.с. выкарыстоўваецца ў розных галінах навукі і тэхнікі, на ім заснаваны многія метады колькаснага і якаснага хім. аналізу, напр., абсарбцыйны спектральны аналіз, спектрафотаметрыя, колераметрыя.

Літ.:

Степанов Б.И. Введение в современную оптику: Квантовая теория взаимодействия света и вещества. Мн., 1990.

А.Б.Гаўрыловіч.

т. 11, с. 477

ПАГЛЫНА́ННЕ ХВАЛЬ,

пераўтварэнне энергіі хвалі ў інш. віды энергіі ў выніку ўзаемадзеяння з інш. хвалямі і асяроддзем, дзе распаўсюджваецца хваля. Вядзе да аслаблення энергіі хвалі паводле экспаненцыяльнага закону (аслабленне хваль выклікаецца і інш. з’явамі, напр., рассеяннем хваль). Механізм П.х. залежыць ад прыроды хвалі і ўласцівасцей асяроддзя (гл. Паглынанне гуку, Паглынанне святла).

т. 11, с. 477

ПАГЛЫНА́ННЯ ПАКА́ЗЧЫК,

фізічная велічыня, адваротная адлегласці, на якой паток выпрамянення, што ўтварае паралельны светлавы пучок, аслабляецца ў выніку паглынання ў асяроддзі ў e разоў (натуральны П.п.; гл. Бугера—Ламберта—Бэра закон) ці 10 разоў (дзесятковы П.п.). Залежыць ад частаты святла, хім. прыроды і стану рэчыва.

Адзінка П.п. у СІ метр у мінус першай ступені (м−1). Гл. таксама Паглынанне святла.

т. 11, с. 477

ПАГО́ДЗІН (Аляксандр Львовіч) (15.6.1872, г. Віцебск — 16.5.1947),

расійскі гісторык, філолаг-славіст. Д-р слав. філалогіі (1904). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1894). Праф. Варшаўскага (1902—08), Харкаўскага (1910—19) ун-таў. З 1919 у эміграцыі, да 1941 працаваў у Бялградскім ун-це. Аўтар прац па гісторыі і л-ры слав. народаў, «Руска-сербскай бібліяграфіі (1800—1925)» (т. 1—2, 1932—36). Цікавіўся нац.-вызв. рухам бел. народа, перапісваўся з рэдакцыяй газ. «Наша ніва». У час. «Вестник Европы» змясціў рэцэнзію на кнігу П.Бародкіна «Беларусы» (1902), арт. «Беларускія паэты» (1911) пра некаторыя заканамернасці развіцця бел. л-ры 19 — пач. 20 ст., яе цесную сувязь з жыццём народа, развіццём бел. нац.-вызв. руху, даў агульную характарыстыку творчасці Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча. Вітаў дзейнасць бел. навук.-літ. гуртка студэнтаў Пецярбургскага ун-та. Багдановіч прысвяціў П. «Санет» («Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі...»).

Тв.:

Из истории славянских передвижений. СПб., 1901;

Адам Мицкевич. Т. 1—2. М., 1912—13;

Язык как творчество. Харьков, 1913;

Славянский мир. М., 1915;

Белорусские поэты // Александровіч С.Х., Александровіч В.С. Беларуская літаратура XIX — пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытыч. матэрыялаў. Мн., 1978.

М.І.Пратасевіч.

т. 11, с. 477

ПАГО́ДЗІН (сапр. Стукалаў) Мікалай Фёдаравіч

(16.11.1900, станіца Гундараўская Данецкай вобл., Украіна — 19.9.1962),

рускі драматург. Засл. дз. маст. Расіі (1949). У 1922—32 карэспандэнт газ. «Правда», у 1951—60 гал. рэдактар час. «Театр». Друкаваўся з 1920. Першыя зб-кі нарысаў «Кумачовая раніца» і «Чырвоныя парасткі» (абодва 1926), п’есы «Тэмп» (паст. 1930), «Паэма пра сякеру» (паст. 1931), «Мой сябра» (1932), «Арыстакраты» (паст. 1934) і інш. пра сацыяліст. будаўніцтва. У трылогіі «Чалавек з ружжом» (1937, Дзярж. прэмія СССР 1941; аднайм. фільм 1938), «Крамлёўскія куранты» (1940, паст. 1942; новая рэ́д. 1955), «Трэцяя патэтычная» (1958, паст. 1959) стварыў вобраз У.І.Леніна. Праблемам духоўнага фарміравання моладзі прысвечаны п’есы «Санет Петраркі» (паст. 1957), «Маленькая студэнтка» (паст. 1959), раман «Бурштынавыя каралі» (1960, фільм «Каханая» 1965) і інш. Аўтар кінасцэнарыяў «Кубанскія казакі», 1950; Дзярж. прэмія СССР 1951), артыкулаў пра драматургію і т-р. Бел. т-р імя Я.Коласа паставіў п’есы «Чалавек з ружжом» (1938), «Крамлёўскія куранты» (1940, 1945), «Аксамітны сезон» (1948), «Трэцяя патэтычная» (1970), Бел. т-р імя Я.Купалы — «Падзь Сярэбраная» (1939), «Крамлёўскія куранты» (1956), «Трэцяя патэтычная» (1959), Рус. драм. т-р імя М.Горкага — «Мой сябар» (1933), «Арыстакраты» (1935), «Крамлёўскія куранты» (1940), Брэсцкі абл. драм. т-р — «Місурыйскі вальс» (1950), «Крамлёўскія куранты» (1957, 1967), Гомельскі абл. драм. т-р — «Кветкі жывыя» (1961), Гродзенскі абл. драм. т-р — «Тэмп — 1929» (1974), Магілёўскі абл. драм. т-р — «Крамлёўскія куранты» (1957). Ленінская прэмія 1959.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1972—73.

Літ.:

Холодов Е. Пьесы и годы: Драматургия Николая Погодина. М., 1967;

Слово о Погодине: Воспоминания. М., 1968.

т. 11, с. 477

ПАГО́ДЗІН (Міхаіл Пятровіч) (23.11.1800, Масква — 20.12.1875),

расійскі гісторык, публіцыст і пісьменнік. Акад. Пецярбургскай АН (1841). Скончыў Маскоўскі ун-т (1821), у 1826—44 праф. у ім. Выдаваў час. «Московский вестник» (1827—30), «Москвитянин» (1841—56). Даследаваў стараж. і слав. гісторыю з пазіцый нарманскай тэорыі і адначасовага прызнання самабытнасці рас. гісторыі. Прыхільнік афіц. кірунку, прапаведаваў «праваслаўе, самадзяржаўе, народнасць», з 1860-х г.панславізм. Высветліў крыніцы «Аповесці мінулых гадоў». Асн. творы: «Даследаванні, заўвагі і лекцыі аб рускай гісторыі» (т. 1—7, 1846—57), «Даследаванне Нестаравага летапісу» (1836), «Пасольская метрыка княства Літоўскага» (1843), «Польскае пытанне» (1867). Прыхільнік бел. гісторыка З.Я.Даленгі-Хадакоўскага, часткова апублікаваў складзены ім атлас стараж. гарадзішчаў Беларусі. Сабраў вял. б-ку рукапісаў і старадрукаваных кніг, у т.л. кнігі Ф.Скарыны. У л-ры ліберальна-дваранскі пісьменнік. Аўтар быт. «Аповесцей» (ч. 1—3, 1832), гіст. драмы «Марфа Пасадніца» (1830) і інш.

т. 11, с. 478