НЯСЛА́ЎКА,
рака ў Акцябрскім і Петрыкаўскім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток р. Пціч (бас. р. Прыпяць). Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 110 км². Пачынаецца за 1,8 км на ПнУ ад в. Ніўнае Акцябрскага р-на, вусце за 0,5 км на У ад в. Хвойня Петрыкаўскага р-на. Рэчышча каналізаванае.
т. 11, с. 420
НЯСЛУ́ХА,
рака ў Драгічынскім і Іванаўскім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Піна (бас. р. Прыпяць). Даўж. 32 км. Пл. вадазбору 422 км². Пачынаецца каля в. Заплессе Драгічынскага р-на, у верхнім цячэнні называецца Стрымня, цячэ ў межах раўніны Загароддзе і нізіны Прыпяцкае Палессе. Вусце насупраць в. Патапавічы Іванаўскага р-на. Рэчышча каналізаванае.
т. 11, с. 420
НЯСПЫ́ННАЯ РА́ДА,
вышэйшы орган дзярж. улады Рэчы Паспалітай, гл. Пастаянная Рада.
т. 11, с. 420
НЯСУ́ЧАЯ ЧАСТАТА́,
частата гарманічнага вагання, якое мадулюецца (гл. Мадуляцыя ваганняў) з мэтай перадачы інфармацыі. У выніку змены аднаго з параметраў вагання (радзей двух) утвараецца спектр частот, шырыня якога залежыць ад віду мадуляцыі. Напр., пры амплітуднай мадуляцыі ў спектры радыё- ці інш. частот разам з Н.ч. ёсць бакавыя частоты з перададзенай інфармацыяй.
т. 11, с. 420
НЯСУ́ЧЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
канструкцыйныя элементы, якія ўспрымаюць асн. нагрузкі будынкаў і збудаванняў і забяспечваюць іх трываласць, жорсткасць, устойлівасць; адна з асн. разнавіднасцей будаўнічых канструкцый.
Падзяляюцца на вертыкальныя, якія ўспрымаюць пераважна сціскальныя намаганні (сцены, слупы, калоны, пілоны) і гарызантальныя, што працуюць пераважна на выгін і расцяжэнне (бэлькі і панэлі перакрыццяў, рыгелі рам, кроквенныя фермы і інш.). У сукупнасці Н.к. будынка (збудавання) утвараюць яго нясучы каркас. Робяцца з бетону, жалезабетону, прыродных і штучных камянёў, цэглы, сталі, дрэва.
т. 11, с. 420
НЯСЯ́ТА,
вёска ў Клічаўскім р-не Магілёўскай вобл., на. р. Нясета. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 11 км на З ад г.п. Клічаў, 102 км ад Магілёва, 4 км ад чыг. ст. Нясета. 766 ж., 295 двароў (2000). Спіртзавод. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Каля вёскі курганны могільнік дрыгавічоў 11—13 ст.
т. 11, с. 420
НЯТКА́НЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
гл. ў арт. Тэкстыльная прамысловасць.
т. 11, с. 420
НЯТКА́НЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
тэкстыльныя матэрыялы, што вырабляюць з натуральных або хім. валокнаў, нітак ці сінт. плёнак без выкарыстання метадаў ткацтва; адзін з відаў тэкст. прадукцыі. Прамысл. вытв-сць Н.м., пачатая ў 1940-я г., вызначаецца прастатой тэхналогіі. Асн. віды Н.м.: вязальна-прашыўныя, ніткапрашыўныя, іголкапрабіўныя, валюшна-лямцавыя і клееныя.
Атрымліваюць Н.м. змацаваннем мех., фіз.-хім. ці камбінаванымі спосабамі валакністай асновы (напр., валакністае палатно, сістэма нітак), сфармаванай на спец. абсталяванні. Мех. спосабамі (правязванне, іголкапраколванне) на спец. машынах вырабляюць вязальна- і ніткапрашыўныя, іголкапрабіўныя матэрыялы. Валюшна-лямцавыя атрымліваюць з шарсцяных валокнаў (гл. Валянне). Клееныя Н.м. вырабляюць фіз.-хім. спосабамі з выкарыстаннем сувязных (эластамеры, тэрмапластычныя і тэрмарэактыўныя палімеры і інш.) ці спец. апрацоўкай асновы. Выкарыстоўваюць у тэхніцы (фільтравальныя, цепла- і гукаізаляцыйныя палотны, абразіўныя матэрыялы, палотны для паліграфіі і інш.), у быце (напр., вацін, дываны, коўдры, штучнае футра).
Літ.:
Технологии производства нетканых материалов. М., 1982.
т. 11, с. 420