Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КРУЧО́К (Аляксандр Рыгоравіч) (н. 11.3.1941, Мінск),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Сын Р.Р.Кручка. Д-р мед. н. (1984), праф. (1989). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1964) і працуе ў ім (з 1988 заг. кафедры). Навук. працы па патагенезе і лячэнні вострага панкрэатыту, ультрагукавой апрацоўцы касцявой тканкі.

Тв.:

Острый панкреатит. Мн., 1981 (у сааўт.).

т. 8, с. 490

КРУЧО́К (Рыгор Раманавіч) (2.10.1918, в. Навасёлкі Барысаўскага р-на Мінскай вобл. —4.3.1987),

бел. вучоны ў галіне гісторыі медыцыны і сацыяльнай гігіены. Д-р мед. н. (1965), праф. (1967).

Скончыў Мінскі мед. ін-т (1940). У 1954—73 у Мінскім мед. ін-це, з 1983 у Гродзенскім мед. ін-це (да 1985 заг. кафедры). Навук. працы па пытаннях гісторыі медыцыны і аховы здароўя на Беларусі.

Тв.:

Очерки истории медицины Белоруссии. Мн., 1976.

т. 8, с. 490

КРУЧО́НКІН (Васіль Дзмітрыевіч) (13.1.1894, в. Карпаўка Бугурусланскага р-на Арэнбургскай вобл., Расія — 10.6.1976),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-лейт. (1943). Скончыў курсы ўдасканалення вышэйшага нач. саставу пры Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1941), паскораны курс Ваен. акадэміі Генштаба (1943). У Чырв. Арміі з 1918. У Вял. Айч. вайну камандзір кав. дывізіі, корпуса, з 1942 камандуючы 28, 69, 33-й (удзельнічала ў Магілёўскай і Мінскай аперацыях 1944) армій, у 1945 нам. камандуючага 61-й арміяй і 1-м Бел. фронтам. Да 1946 на ’камандных пасадах у Сав. Арміі. Аўтар кн. «Ад салдата да генерала» (1958).

т. 8, с. 491

КРУЧО́НЫХ (Аляксей Елісеевіч) (21.2.1886, в. Олеўка Херсонскага р-на, Украіна — 17.6.1968),

рускі паэт, тэарэтык футурызму. Скончыў Адэскае маст. вучылішча (1906). З 1907 у Маскве, пісаў пейзажы, рабіў літаграфічныя партрэты, шаржы для сатыр. часопісаў. Друкаваўся з 1909. У 1910-я г. пазнаёміўся з У.Маякоўскім і В.Хлебнікавым, якія паўплывалі на раннюю творчасць К. У 1912 далучыўся да літ.-маст. групы кубафутурыстаў. Першыя зб-кі «Гульня ў пекле» (з Хлебнікавым) і «Старадаўняе каханне» (абодва 1912). Спрабаваў стварыць новую паэт. мову — заум, якую выводзіў ад нар. замоў, гласалій сектантаў, прамовы і дзіцячай мовы: тэарэт. зб-кі «Слова як такое», «Д’ябал і моватворцы» (абодва 1913), «Тайныя заганы акадэмікаў» (1916), «Зрухалогія рускага верша» (1922), «Апакаліпсіс у рускай літаратуры» (1923) і інш. Паэт. зб-кі «Памада», «Узарваль», кн. «Пачнем наракаць» (усе 1913) — узоры гукавой і графічнай заумі. Распрацаваў паэт. тэорыю зруху (кн. «Малахолія ў капоце», зб. вершаў «Лакіраванае трыко», абодва 1919). Аўтар п’ес (п’еса-опера «Перамога над сонцам», паст. 1913, у 1920 паст. К.Малевічам у Віцебску; «Хуліганы ў вёсцы», 1927, і інш.), фабульных крымін. раманаў у вершах («...Разбойнік Ванька-Каін і Сонька-Манікюрка», 1925; «...Дунька-Рубіха», 1926), кніг любоўнай лірыкі «Іраніяда» і «Рубініяда» (абедзве 1930). Першы даследаваў творчасць У.Маякоўскага («Вершы У.Маякоўскага. Выпыт», 1914). Склаў бібліяграфію Б.Пастарнака (1933), М.Асеева (1934), выдаваў літ. спадчыну (Хлебнікава і інш.). Пасля 1934 не друкаваўся.

Тв.:

Четыре фонетических романа [Стихи]. М., 1990;

Кукиш пошлякам: Фактура слова;

Сдвигология русского стиха;

Апокалипсис в русской литературе. М., 1992. Наш выход: [К истории рус. футуризма]. М., 1996.

Літ.:

Лившиц Б. Полутороглазый стрелец. Л., 1989;

Алексей Крученых в свидетельствах современников. Мюнхен, 1994.

т. 8, с. 491

КРУЧЫ́НСКІ (Генрых Уладзіслававіч) (н.14.7.1923, с. Каменны Брод Чаркаскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1971), праф. (1973). Засл. дз. нав. Беларусі (1990). Скончыў Кіеўскі мед. стаматалагічны ін-т (1950). У 1971—93 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (да 1991 заг. кафедры). Навук. працы па аперацыйнай стаматалогіі, сківічна-тварнай и пластычнай хірургіі.

Тв.:

Пластика ушной раковины. М., 1975;

Сложные трансплантаты в пластической хирургии лица. Мн., 1978;

Одонтогенный верхнечелюстной синуит. Мн., 1991 (разам з В.І.Філіпенка).

т. 8, с. 491

КРУЧЭ́ННЕ 1) К. ў супраціўленні матэрыялаў — від дэфармацыі, які характарызуецца ўзаемным паваротам папярочных сячэнняў стрыжня (вала, пласціны, абалонкі) пад уздзеяннем знешніх момантаў сілы (пар сіл).

Пры К. прамога круглага стрыжня ўзнікаюць датычныя напружанні τmax, максімальныя каля яго паверхні: τmax = Mk Ip r , дзе Mk — момант сілы, Ip — палярны момант інерцыі, r — радыус сячэння. Пры К. някруглых стрыжняў (напр., швелераў, двухтаўраў) іх папярочныя сячэнні скрыўляюцца (дэплануюцца) і К. наз. абмежаваным; пры К. пласцін і абалонак скрыўляюцца іх пасярэднія паверхні. К. ўлічваюцца пры разліках дэталей, механізмаў і канструкцый.

2) К. тэкстыльных матэрыялаў — скручванне валокнаў або нітак пры вырабе кручанай пражы, корду, шпагату і інш. на круцільных машынах. Скручанасць атрыманых прадуктаў характарызуецца круткай — лікам віткоў на 1 м даўжыні, вуглом нахілу вонкавых валокнаў або нітак да падоўжнай восі і напрамкам круткі.

І.І.Леановіч.

Кручэнне круглага вала, замацаванага адным канцом: r — радыус вала; l — даўжыня; Θ — вугал закручвання; Мк — момант кручэння; τmax — найбольшыя датычныя напружанні.

т. 8, с. 491

КРУШАЛЬНІ́ЦКАЯ (Саламія Амбросьеўна) (23.9.1873, с. Бялявінцы Бучацкага р-на Цярнопальскай вобл., Украіна — 16.11.1952),

украінская спявачка (лірыка-драм. сапрана), педагог. Засл. дз. маст. Украіны (1951). Скончыла Львоўскую кансерваторыю (1893), выкладала ў ёй (з 1946 праф.). Спявала ў буйнейшых оперных т-рах Еўропы, Амерыкі, Афрыкі. Валодала моцным голасам прыгожага тэмбру і вял. дыяпазону. Выконвала драм. і лірычныя партыі: Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Галька, Ганна («Галька», «Страшны двор» С.Манюшкі), Чыо-Чыо-сан (аднайм. опера Дж.Пучыні), Аіда, Дэздэмона («Аіда», «Атэла» Дж.Вердзі), Джаконда («Джаконда» А.Панк’елі), Эльза, Лізавета («Лаэнгрын», «Тангейзер» Р.Вагнера), Саламея, Электра (аднайм. оперы Р.Штрауса) і інш. З 1923 выступала толькі ў канцэртах.

Літ.:

С.Крушельницька: (Спогади. Матеріали. Листування). Ч. 1—2. Київ, 1978—79.

т. 8, с. 491

КРУШАЛЬНІ́ЦКІ (Іван Антонавіч) (12.11.1905, г. Каламыя Івана-Франкоўскай вобл., Украіна — 17.12.1934),

украінскі пісьменнік, мастацтвазнавец, графік. Скончыў Пражскі ун-т (1927). Настаўнічаў. У 1934 рэпрэсіраваны. У паэт. зб-ках «Вясенняя песня» (1924), «Буры і вокны» (1930), «Жалезная карова» (1932) дамінуе рэв., антыімперыяліст. тэматыка. Аўтар п’ес пра нац.-вызв. барацьбу ў Зах. Украіне («Каханне», «Муры і межы»; абедзве 1932). Выступаў з крытычнымі артыкуламі па мастацтвазнаўстве. Аўтар графічных работ, ілюстрацый да твораў М.Кацюбінскага і В.Стафаніка. На бел. мову асобныя вершы К. пераклаў А.Лойка.

Тв.:

Пісня про руки. Київ, 1964.

В.А.Чабаненка.

т. 8, с. 491

КРУШАЛЬНІ́ЦКІ (Мар’ян Міхайлавіч) (18.4.1897, с. Пілява Бучацкага р-на Цярнопальскай вобл., Украіна — 5.4.1963),

украінскі акцёр, рэжысёр, педагог. Нар. арт. СССР (1944). З 1920 працаваў пераважна ў Кіеўскім укр. драм. т-ры імя І.Франко (з 1954 гал. рэжысёр) і Харкаўскім укр. драм. т-ры імя Т.Шаўчэнкі (у 1933—52 маст. кіраўнік). Выкладаў у Харкаўскім (1947—52) і Кіеўскім (у 1952—63 праф.) тэатр. ін-тах. Сярод роляў: Іван («Дай сэрцу волю...» М.Крапіўніцкага), Баруля («Мартын Баруля» І.Карпенкі-Карага), Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Лір («Кароль Лір» У.Шэкспіра) і інш. Паставіў спектаклі «Яраслаў Мудры» (паводле І.Качаргі, 1947), «Багдан Хмяльніцкі» (паводле К.Данькевіча, 1953) і інш. З 1926 здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1947, 1948.

т. 8, с. 491

КРУ́ШАЎ (Леанід Цімафеевіч) (26.10.1931, г. Рэчыца Гомельскай вобл. — 24.11.1995),

бел. вучоны ў галіне лесагадоўлі. Д-р біял. н. (1994), праф. (1995). Скончыў Маскоўскі лесатэхн. ін-т (1954). У 1957—62 і з 1966 у Ін-це лесу Нац. АН Беларусі. Навук. працы па біял. метадах барацьбы са шкоднікамі лесу, стварэнні біял. і бактэрыяльных прэпаратаў і спосабаў павышэння эфектыўнасці іх уздзеяння на шкодных насякомых.

Тв.:

Охрана природы: Природные ресурсы Белоруссии и их рациональное использование. 2 изд. Мн., 1972 (у сааўт.);

Биологические методы защиты леса от вредителей. М., 1973;

Лес и охрана природы. М., 1980 (у сааўт.).

Т.І.Машніна.

т. 8, с. 491