КРУЧО́НЫХ (Аляксей Елісеевіч) (21.2.1886, в. Олеўка Херсонскага р-на, Украіна — 17.6.1968),

рускі паэт, тэарэтык футурызму. Скончыў Адэскае маст. вучылішча (1906). З 1907 у Маскве, пісаў пейзажы, рабіў літаграфічныя партрэты, шаржы для сатыр. часопісаў. Друкаваўся з 1909. У 1910-я г. пазнаёміўся з У.Маякоўскім і В.Хлебнікавым, якія паўплывалі на раннюю творчасць К. У 1912 далучыўся да літ.-маст. групы кубафутурыстаў. Першыя зб-кі «Гульня ў пекле» (з Хлебнікавым) і «Старадаўняе каханне» (абодва 1912). Спрабаваў стварыць новую паэт. мову — заум, якую выводзіў ад нар. замоў, гласалій сектантаў, прамовы і дзіцячай мовы: тэарэт. зб-кі «Слова як такое», «Д’ябал і моватворцы» (абодва 1913), «Тайныя заганы акадэмікаў» (1916), «Зрухалогія рускага верша» (1922), «Апакаліпсіс у рускай літаратуры» (1923) і інш. Паэт. зб-кі «Памада», «Узарваль», кн. «Пачнем наракаць» (усе 1913) — узоры гукавой і графічнай заумі. Распрацаваў паэт. тэорыю зруху (кн. «Малахолія ў капоце», зб. вершаў «Лакіраванае трыко», абодва 1919). Аўтар п’ес (п’еса-опера «Перамога над сонцам», паст. 1913, у 1920 паст. К.Малевічам у Віцебску; «Хуліганы ў вёсцы», 1927, і інш.), фабульных крымін. раманаў у вершах («...Разбойнік Ванька-Каін і Сонька-Манікюрка», 1925; «...Дунька-Рубіха», 1926), кніг любоўнай лірыкі «Іраніяда» і «Рубініяда» (абедзве 1930). Першы даследаваў творчасць У.Маякоўскага («Вершы У.Маякоўскага. Выпыт», 1914). Склаў бібліяграфію Б.Пастарнака (1933), М.Асеева (1934), выдаваў літ. спадчыну (Хлебнікава і інш.). Пасля 1934 не друкаваўся.

Тв.:

Четыре фонетических романа [Стихи]. М., 1990;

Кукиш пошлякам: Фактура слова;

Сдвигология русского стиха;

Апокалипсис в русской литературе. М., 1992. Наш выход: [К истории рус. футуризма]. М., 1996.

Літ.:

Лившиц Б. Полутороглазый стрелец. Л., 1989;

Алексей Крученых в свидетельствах современников. Мюнхен, 1994.

т. 8, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)