Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДО́РСКІ (Іосіф Львовіч) (17.12.1911, Мінск — 7.12.1964),

бел. тэатр. дзеяч і драматург. Засл. дз. маст. Беларусі (1961). Скончыў курсы кінасцэнарыстаў у Мінску (1930). Працаваў на кінафабрыцы «Савецкая Беларусь» у Ленінградзе (1931—33). З 1935 заг. літ. часткі БДТ-2 (т-р імя Я.​Коласа). З 1948 дырэктар гэтага т-ра. З 1961 дырэктар кінастудыі «Беларусьфільм». Літ. дзейнасць пачаў у 1930. Аўтар драмы «Цэнтральны ход» (1948) і лірычнай камедыі «Алазанская даліна» (1949; абедзве з К.​Губарэвічам, пастаўлены ў т-ры імя Я.​Коласа), п’есы «Права на шчасце» (пастаўлена ў т-ры імя Я.​Коласа і ў драм. т-ры ў г. Вялікія Лукі), нарысаў, артыкулаў па праблемах тэатр. мастацтва.

т. 6, с. 184

ДО́РСКІ (Сямён Львовіч) (20.10.1920, Мінск — 14.1.1992),

бел. перакладчык. Канд. філал. н. (1961), дац. (1965). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1947). З 1947 працаваў у БДУ, з 1962 у Мінскім пед. ін-це замежных моў. Друкаваўся з 1957. Перакладаў з англ., франц., ісп. і ням. моў. На бел. мову пераклаў раманы П.​Абрахамса «Вянок для Удома» (1959), І.​Кардэнаса Акуньі «Загадка адной нядзелі» (1979), К.​Маккалаў «Птушкі на цернях» (1988), Дж.​Э.​Стэйнбека «Гронкі гневу» (1993), п’есу Э.​Заля «Наследнікі Рабурдэна» (паст. 1960), аповесці Л.​Рэна «Негр Нобі» (1962), П.​Джойса «Цікі» (1977), Д.​Алонса «У пошуках чорнай чайкі» (1982), зб. казак Г.​Прокапа «Пятае кола» (1980) і інш.

т. 6, с. 184

ДО́РТМУНД (Dortmund),

горад на З Германіі, у зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія. Рэзідэнцыя Карла Вялікага, гар. прав. з 13 ст. 602 тыс. ж. (1994). Буйны трансп. вузел — усходнія «вароты» Рура. Порт на р. Эмшэр (прыток р. Рэйн); звязаны з Паўночным м. каналам Д.-Эмс. Важны індустр. цэнтр Рурскага прамысл. раёна. Гал. галіны прам-сці: чорная металургія, машынабудаванне (пераважна металургічнае, пад’ёмна-трансп. абсталяванне, станка- і лакаматывабудаванне, эл.-тэхн.), тэкст., хім. (вытв-сць угнаенняў і пластмас), харчасмакавая (найбуйнейшы ў Еўропе цэнтр вытв-сці піва). Ун-т. Музеі, у т. л. сярэдневяковага мастацтва ў замку Капенберг. Арх. помнікі 12—15 ст.

т. 6, с. 185

ДО́РТМУНДСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т Засн ў 1965 у г. Дортмунд (Германія). Адкрыты ў 1968. Ф-ты: матэм., фіз., хім., хім. тэхналогій, камп’ютэрных навук, машынабудавання, электратэхнікі, планавання гарадоў і населеных пунктаў, эканам. і сац. навук, адукацыі і біялогіі, спец. адукацыі і рэабілітацыі асоб з цяжкасцямі ў стане здароўя, гуманіт. навук, у т. л. тэалогія, паліт. навукі, псіхалогія і эканоміка хатняй гаспадаркі, мовы і л-ры, журналістыкі, гісторыі, музыкі, мастацтва, спорту і геаграфіі. Пры ун-це працуюць 5 ін-таў і 3 цэнтры.

В.​М.​Навумчык.

т. 6, с. 185

ДО́РУ (Douro),

рака, гл. Дуэра.

т. 6, с. 185

ДО́РЫ,

вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл., каля аўтастрады Мінск—Ашмяны. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на У ад Валожына, 60 км ад Мінска, 23 км ад чыг. ст. Аляхновічы. 567 ж., 223 двары (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Царква. Магіла ахвяр фашызму.

т. 6, с. 185

ДО́САЎСКАЯ МЕДЗЕПЛАВІ́ЛЬНАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1832—84 у в. Досава Быхаўскага пав. (цяпер в. Дасовічы ў Магілёўскім р-не). У 1852 мела горн з 2 мяхамі і кацельную, у 1859—84 дзейнічаў вадзяны рухавік. Выпускала вінакурныя трубы, катлы, ліставую медзь, дыстылятары, самавары і медны посуд. Сыравіну (лом чырвонай медзі) атрымлівалі з Магілёва. У 1847 працавалі 52 рабочыя, з іх 51 — прыгонныя.

т. 6, с. 185

ДО́СІ (Досе),

рака ў Бразіліі, гл. Рыу-Досе.

т. 6, с. 185

ДО́СІ (Dossi) Доса [сапр. Джавані дэ Лутэра; Giovanni de Lutera; каля 1479—90, г. Мантуя (?), Італія — 26.7.1542], італьянскі жывапісец Позняга Адраджэння, прадстаўнік ферарскай школы жывапісу. Працаваў пры двары герцагаў ферарскіх. Аўтар эмацыянальна-рамант. карцін на міфалагічныя, алегарычныя і рэліг. тэмы, часта напісаных на фоне паэтычна-казачнага пейзажа («Німфа і сатыр», «Апалон, які іграе на скрыпцы», 1530-я г.). Ствараў таксама партрэты («Партрэт Альфонса д’Эстэ», пасля 1528) і дэкар. размалёўкі.

Д.Досі. Партрэт Альфонса д’Эстэ. Пасля 1528.

т. 6, с. 185

ДО́СЛЕД,

агульнанавуковы метад вывучэння з’яў аб’ектыўнага свету ў спецыяльна створаных, дакладна вызначаных умовах. Адрозніваецца ад назіранняў актыўным аперыраваннем аб’ектам, які вывучаецца. Ажыццяўляецца на аснове тэорыі, што вызначае пастаноўку задач і інтэрпрэтацыю яго вынікаў. Д. — праверка гіпотэз і пацвярджэнне тэорыі; часам выступае як адна з формаў практыкі (эксперыменту), выконвае функцыю крытэрыю сапраўднасці, навук. пазнання ўвогуле. З развіццём навукі і тэхнікі межы выкарыстання Д. пашыраюцца, ён робіцца больш складаным. Вял. значэнне мае сац. Д., які дапамагае выяўляць і даследаваць працэсы сац.-эканам., паліт. і духоўнага развіцця грамадства.

т. 6, с. 185