Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГРОМ,

гукавая з’ява ў атмасферы, якая суправаджае разрад маланкі. Выклікаецца ваганнямі паветра ў выніку хуткага награвання і расшырэння ўздоўж маланкі (узрыўная хваля). Звычайна чутны на адлегласці не больш як 15—20 км. Раскаты грому тлумачацца тым, што маланка мае вял. даўжыню і гук ад розных яе ўчасткаў даходзіць да назіральніка неадначасова, а таксама адбіццём гуку ад воблакаў.

т. 5, с. 447

ГРОМ Уладзімір Мікалаевіч

(н. 20.12.1951, в. Сямурадцы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. дзеяч самадзейнага мастацтва. Засл. работнік культ. Беларусі (1986). Скончыў Гомельскае муз. вучылішча (1971), Мінскі ін-т культуры (1986). З 1982 арганізатар і маст. кіраўнік фалькл. ансамбля «Крупіцкія музыкі». Збірае для патрэб калектыву бел. нар. муз. інструменты (валодае ігрой на гармоніку, дудцы, жалейцы, дудзе, акарыне і інш.), робіць фаназапісы ўзораў фалькл. песеннай і інстр. творчасці, аранжыроўкі найгрышаў, папаўняе рэпертуар творамі кампазітараў 18—19 ст. (М.К.Агінскі, М.Ельскі, В.Казлоўскі, А.Абрамовіч і інш.). Прэмія 1996 у галіне нар. творчасці. І.Дз.Назіна.

т. 5, с. 447

ГРОМААДВО́Д,

недакладная назва маланкаадвода.

т. 5, с. 447

ГРО́МАК Валерый Іванавіч

(н. 9.4.1950, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1993), праф. (1994). Скончыў БДУ (1972), дзе і працуе. Навук. працы па даследаванні аналітычных уласцівасцей рашэнняў дыферэнцыяльных ураўненняў (нелінейных звычайных і ў частковых вытворных). Пабудаваў аналітычную тэорыю ўраўненняў Пенлеве.

Тв.:

Аналитические свойства решений уравнений Пенлеве. Мн., 1990 (разам з М.А.Лукашэвічам).

т. 5, с. 447

ГРО́МАЎ Міхаіл Міхайлавіч

(24.2.1899, г. Цвер, Расія — 22.1.1985),

савецкі ваен. дзеяч. Герой Сав. Саюза (1934), ген.-палк. авіяцыі (1944), засл. лётчык СССР, праф. (1937). На ваен. службе з 1918. Скончыў школу лётчыкаў (1918). Удзельнік грамадз. вайны. У 1934 устанавіў сусв. рэкорд далёкасці палёту (больш за 12 тыс. км), у 1937 разам з А.Б.Юмашавым і С.А.Даніліным здзейсніў беспасадачны пералёт Масква—Паўн. полюс—ЗША. У Вял. Айч. вайну са снеж. 1941: камандзір авіядывізіі, потым каманд. ВПС Калінінскага фронту, 3-й і 1-й паветр. арміямі (удзельнічалі ў Беларускай аперацыі 1944). У пасляваен. час на камандных пасадах у ВПС, у Мін-ве авіяц. прам-сці (1949—55).

т. 5, с. 447

Громаў Ігар Мікалаевіч

т. 18, кн. 1, с. 374

ГРО́МЕР Якаў Пінкусавіч

(10.8.1879 г. Брэст — 11.4.1933),

бел. матэматык. Д-р філасофіі (1912). Вучыўся ў Берлінскім, Марбургскім і Гётынгенскім ун-тах. У 1915—28 асістэнт А.Эйнштэйна ў Берліне. З 1928 праф. БДУ, адначасова з 1931 у Фізіка-тэхн. ін-це АН Беларусі. Навук. працы па матэматыцы, агульнай тэорыі адноснасці і рэлятывісцкай механіцы.

Тв.:

Общая теория относительности и закон движения (разам з А.Эйнштэйнам) // Эйнштейн А. Собрание научных трудов: [Пер. с нем. и англ.]. М.. 1966. Т. 2.

т. 5, с. 447

ГРО́НАЎ,

2 археалагічныя стаянкі каля в. Гронаў Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. На адной стаянцы выяўлены крамянёвыя вырабы і фрагменты ляпных пасудзін эпохі позняга неаліту, ранняга бронзавага і ранняга жал. вякоў (на яе месцы пазней існавала селішча зарубінецкай культуры). На другой стаянцы верхнедняпроўскай культуры знойдзены рэчы ранняга і позняга бронзавага веку.

т. 5, с. 447

ГРО́НІНГЕН

(Groningen),

Слохтэрэн, газавае радовішча ў Нідэрландах, прав. Гронінген. Уваходзіць у Цэнтральнаеўрапейскі нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1959, распрацоўваецца з 1962. Пачатковыя прамысл. запасы газу 1960 млрд. м³. Паклады на глыб. 2,8—3 км. Газ мае 85% вуглевадародаў, 14% азоту, 1% вуглякіслага газу. Газаправоды да г. Кёльн (Германія), Мартара (Італія), у парыжскі рэгіён (Францыя).

т. 5, с. 448

ГРО́НІНГЕН

(Groningen),

горад на ПнУ Нідэрландаў. Адм. ц. правінцыі Гронінген. Вядомы з 11 ст. 170 тыс. ж., з прыгарадамі каля 250 тыс. ж. (1993). Гандлёва-трансп. і культ. цэнтр паўн. ч. краіны. Марскі і рачны порт на перасячэнні каналаў. Прам-сць цукр., швейная, хім., радыёэлектронная, паліграфічная. Ун-т (з 1614). Гатычныя цэрквы і інш. арх. помнікі 15—18 ст. Паблізу буйное радовішча прыроднага газу.

т. 5, с. 448