Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗМЕЯВІ́К,

мінерал, гл. Серпенцініт.

т. 7, с. 96

ЗМЕЯЕ́Д

(Circaetus gallicus або С. ferox),

птушка сям. ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Паўд. і Цэнтр. Еўропе, Паўн.-Зах. Афрыцы, Пярэдняй і Сярэдняй Азіі, Паўд.-Зах. Сібіры, Паўн. Манголіі. Жыве ў мясцінах, дзе лясныя масівы перамяжоўваюцца адкрытымі прасторамі. На Беларусі рэдкі гнездавальны від, пераважна на Палессі і Паазер’і; занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. цела да 73 см, маса да 2 кг, размах крылаў да 1,95 м. Зверху шаравата-буры, знізу — белы з рэдкімі стракацінамі, горла і валляк цёмныя, хвост паласаты. Гнёзды на высокіх дрэвах, скалах. Нясе 1 яйцо. Корміцца пераважна змеямі (адсюль назва), вужамі, яшчаркамі, жабамі. Зімуе ў Паўд.-Зах. Азіі, Афрыцы.

Змеяед.

т. 7, с. 96

ЗМЕЯНО́СЕЦ

(лац. Ophiuchus),

экватарыяльнае сузор’е. Найб. яркая зорка 2,1 візуальнай зорнай велічыні, 100 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. На тэр. Беларусі відаць вясной і летам. Гл. Зорнае неба.

Сузор’і Змеяносец і Змяя.

т. 7, с. 97

ЗМЕЯХВО́СТКІ,

клас ігласкурых, гл. Афіуры.

т. 7, с. 97

ЗМЕЯШЫ́ЙНЫЯ ЧАРАПА́ХІ

(Chelidae),

сямейства паўзуноў падатр. бакашыйных чарапах. 10 родаў, больш за 30 відаў. Пашыраны ў рэках і азёрах Паўд. Амерыкі, Аўстраліі, Новай Гвінеі. Найб. вядомыя З.ч.: аўстралійская (Chelodina longicollis), гідрамедузы (Hydromedusa), махрыстая, або матамата (Chelus fimbiriatus). Несапраўдная эмідура, якая жыве ў Паўд.-Зах. Аўстраліі, занесена ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. панцыра да 40 см. Характэрна доўгая шыя, якая разам з галавой закладваецца збоку пад панцыр, а не ўцягваецца ўнутр. Панцыр звычайна значна пляскаты. Адкладваюць 15—20 яец. Драпежныя. Некат. — аб’екты палявання (мяса, яйцы).

т. 7, с. 97

ЗМІГРО́ДСКІ Канстанцін Антонавіч

(1876, Рыга — 1936),

мастак, скульптар, медальер. Вучыўся ў вучылішчы тэхн. малявання Штыгліца ў Пецярбургу (1898), Кракаўскай АМ. У 1906—14 выкладаў у Віцебскім камерцыйным вучылішчы і вучылішчы Грэкава. Адзін з заснавальнікаў і чл. Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, хавальнік яе музея (1909—14). З 1914 у Швейцарыі, заг. польскага музея. У 1917—24 выканаў памятныя медалі ў гонар Т.Касцюшкі, Я.Дамброўскага, Г.Сянкевіча і інш. З 1927 у Польшчы, працаваў у музеях.

Тв.: Каталог монет и медалей музея Витебской ученой архивной комиссии. Витебск, 1911; Польский военный флот. Витебск, 1911; Каталог музея Витебской ученой архивной комиссии. Витебск, 1912.

т. 7, с. 97

ЗМО́ЧВАННЕ,

паверхневая з’ява, якая назіраецца пры кантакце вадкасці з цвёрдым целам. Адбываецца ў прысутнасці трэцяй фазы — газ (пара) ці інш. вадкасць, што не змешваецца з першай вадкасцю (выбіральнае З.). Праяўляецца ў расцяканні вадкасці па цвёрдай паверхні, скрыўленні свабоднай паверхні вадкасці каля сценак капіляра (утварэнне ўвагнутага меніска), прамочванні сітаватых цел і парашкоў.

Абумоўлена міжмалекулярным узаемадзеяннем, а ў некаторых выпадках і інш. працэсамі (напр., утварэннем хім. злучэнняў, дыфузіяй, хемасорбцыяй) у паверхневым слоі змочваемага цела (гл. Ліяфільнасць і ліяфобнасць). Найб. універсальны метад рэгулявання З. — выкарыстанне паверхнева-актыўных рэчываў. Выкарыстоўваецца ў тэхнал. працэсах (напр., металургічных, флатацыйных), тэкст. вытв-сці, пры вырабе і апрацоўцы кінафотаматэрыялаў, нанясенні плёнак і пакрыццяў, пайцы металаў і інш.

т. 7, с. 97

ЗМРОК,

аптычная з’ява ў атмасферы перад узыходам і пасля заходу Сонца; паступовы пераход ад дзённага святла да начной цемры і наадварот. Суправаджаецца зарою. Працягласць З. залежыць ад геагр. шыраты месца: чым бліжэй да экватара, тым ён карацейшы; ад схілення Сонца: у аддаленых ад экватара зонах, дзе летам Сонца апускаецца пад гарызонт на невялікі вугал, вячэрні З. сутыкаецца з ранішнім і цемень зусім не настае (белыя ночы). Адрозніваюць З. грамадзянскі (сонца апускаецца пад гарызонт да 6°), навігацыйны (ад 6° да 12°) і астранамічны (ад 12° да 18°).

т. 7, с. 97

ЗМУДЗІ́НСКІ Генадзь Яўгенавіч

(29.1.1897, г. Ніжняудзінск, Расія — 22.9.1938),

бел. графік. Вучыўся ў Петраградскай АМ (1914—15). З 1921 у Мінску, супрацоўнічаў у газ. «Звязда» (1927—28), на старонках якой друкаваліся яго плакаты, паліт. карыкатуры. Адзін з заснавальнікаў бел. сав. кніжнай графікі. Аформіў кнігі «Досвіткі» М.Гарэцкага (1926), «Як у нас вайна была» А.Няверава (1927), казкі і інш. 3 твораў станковай графікі «Пагром», «Мінская конка», «Згода нявесты», «Бежанцы» (1916), «Араты» (1925) і інш. Аўтар маркі Бел. дзярж. выдавецтва, эскіза ордэна Прац. Чырв. Сцяга БССР і граматы да яго (усе 1924).

Літ.: Церашчатава В.В. Беларуская кніжная графіка 1917—1941. Мн., 1978.

I.М.Каранеўская.

Г.Змудзінскі. Бежанцы. 1916.
Г.Змудзінскі. Марка Беларускага дзяржаўнага выдавецтва. 1924.

т. 7, с. 97

ЗМЯКЧА́ЮЧЫЯ АДКА́ЗНАСЦЬ АКАЛІЧНАСЦІ ў крымінальным праве,

акалічнасці, наяўнасць якіх пры ўчыненні злачынства сведчыць пра тое, што дадзенае злачыннае дзеянне або сам злачынец з’яўляецца менш грамадска небяспечным, чым пры адсутнасці такіх акалічнасцей. Паводле крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь З.а.а. прызнаюцца: прадухіленне вінаватым шкодных вынікаў яго злачынства або добраахвотнае пакрыццё нанесенай страты ці прычыненай шкоды; учыненне злачынства ў выніку збегу цяжкіх асабістых ці сямейных абставін, або пад уплывам пагрозы ці прымусу, з прычыны матэрыяльнай і інш. залежнасці, або пад уплывам моцнага душэўнага хвалявання, выкліканага неправамернымі дзеяннямі пацярпелага, або пры абароне ад грамадска небяспечнага пасягання; учыненне злачынства непаўналетнім або жанчынай у стане цяжарнасці; шчырае раскаянне або яўка з павіннай; актыўнае садзеянне выкрыццю злачынства. Пры назначэнні пакарання суд можа ўлічваць таксама З.а.а., якія не вызначаны законам.

Э.І.Кузьмянкова.

т. 7, с. 97