ЗМЕЯВІ́К

(Bistorta),

род кветкавых раслін сям. драсёнавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, пераважна ў горных раёнах Азіі. На Беларусі амаль па ўсёй тэрыторыі на нізінных лугах, палянах і ў хмызняках трапляецца З. вялікі, або драсён змяіны, ці ракавыя шыйкі (B. major). З. таксама наз. віды раслін з іншых родаў і сямействаў.

Шматгадовыя травяністыя расліны з тоўстым, звычайна змеепадобным карэнішчам і прамастойнымі сцёбламі. Лісце прыкаранёвай разеткі буйное, на доўгіх чаранках, сцябловае — з доўгімі похвамі і невял. ліставымі пласцінкамі, на кароткіх чаранках. Кветкі двухполыя. ружовыя або ружова-белаватыя, у густых гронкападобных суквеццях; у З. жывароднага (В. vivipara) кветкі ніжняй ч. суквецця відазменены ў клубеньчыкі, якія служаць для вегетатыўнага размнажэння. Плод — 3-гранны арэшак. Лек., таніданосныя (у карэнішчах да 25% дубільных рэчываў), фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны.

Г.У.Вынаеў.

Змеявік вялікі.

т. 7, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)