ЗМО́ЧВАННЕ,

паверхневая з’ява, якая назіраецца пры кантакце вадкасці з цвёрдым целам. Адбываецца ў прысутнасці трэцяй фазы — газ (пара) ці інш. вадкасць, што не змешваецца з першай вадкасцю (выбіральнае З.). Праяўляецца ў расцяканні вадкасці па цвёрдай паверхні, скрыўленні свабоднай паверхні вадкасці каля сценак капіляра (утварэнне ўвагнутага меніска), прамочванні сітаватых цел і парашкоў.

Абумоўлена міжмалекулярным узаемадзеяннем, а ў некаторых выпадках і інш. працэсамі (напр., утварэннем хім. злучэнняў, дыфузіяй, хемасорбцыяй) у паверхневым слоі змочваемага цела (гл. Ліяфільнасць і ліяфобнасць). Найб. універсальны метад рэгулявання З. — выкарыстанне паверхнева-актыўных рэчываў. Выкарыстоўваецца ў тэхнал. працэсах (напр., металургічных, флатацыйных), тэкст. вытв-сці, пры вырабе і апрацоўцы кінафотаматэрыялаў, нанясенні плёнак і пакрыццяў, пайцы металаў і інш.

т. 7, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)