Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАПО́Ў (Алег Канстанцінавіч) (н. 31.7.1930, в. Вырубава Маскоўскай вобл.),

расійскі артыст цырка, клоун. Нар. арт. Расіі (1958). Нар. арт. СССР (1969). Скончыў Дзярж. вучылішча цыркавога мастацтва (1949). Напачатку выступаў як эквілібрыст-комік на слабанацягнутым дроце. У 1950 дэбютаваў як клоун дывановы. Выкарыстоўвае цыркавыя прыёмы: эквілібрыстыку, акрабатыку, жангліраванне. У нумарах спалучае буфанаду, псіхал. праўду, мяккі лірычны гумар і сатыр. фарбы. Вобраз-маска П. — бесклапотны юнак, надзелены рысамі казачнага Іванкі-прастачка; празваны «Сонечным клоунам». Сярод лепшых нумароў «Эксцэнтрыяда на свабодным дроце», «Повар», «Свісток», «Прамень», «Хімчыстка», «Баланс з лялькай», «Тапелец», «Карусель», вядучыя ролі ў цыркавых спектаклях «Лячэнне смехам», «Царэўна-Несмяяна», «Сёння ў цырку фестываль», «Казка пра папа і яго работніка Балду», «Водная пантаміма» і інш. Лаўрэат Міжнар. фестывалю цыркаў у Варшаве (1957), прэмій «Оскар» (1958, Брусэль), «Залаты клоун» на Міжнар. фестывалі ў Монтэ-Карла (1981). Жыве за мяжой.

Літ.:

Викторов А. Выступает Олег Попов. М., 1968.

А.Папоў у масцы клоуна.

т. 12, с. 67

ПАПО́Ў (Альберт Ільіч) (н. 5.10.1938, г. Архангельск, Расія),

бел. вучоны ў галіне уралогіі. Д-р мед. н. (1991). Скончыў Архангельскі мед. ін-т (1966). У 1976—79 і з 1995 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па сістэмах гемастазу пры хірург. лячэнні хворых з новаўтварэннямі мочапалавых органаў, прафілактыцы ўскладненняў.

Тв.:

Неферментативный фибринолиз крови и мочи при урологических заболеваниях (разам з Л.​А.​Ляпінай) // Сов. медицина. 1988. №12;

К патогенезу нераспознанных перитонитов у больных пожилого и старческого возраста с острой коронарной недостаточностью (разам з М.​М.​Стасевічам) // Вестн. хирургии. 1997. Т. 156, № 5.

т. 12, с. 67

ПАПО́Ў (Аляксандр Нічыпаравіч) (каля 1840, б. Віцебская губ. — 18.8.1881),

расійскі хімік-арганік. Вучань А.М.Бутлерава. Скончыў Казанскі ун-т (1865), працаваў у ім лабарантам. З 1869 праф. Варшаўскага ун-та. У 1872 працаваў у г. Бон (Германія) у лабараторыі Ф.А.Кекуле. Эксперыментальна даказаў, што 4 адзінкі валентнасці вугляроднага атама тоесны. Вывучаючы акісленне арган. злучэнняў хромавай сумессю, П. прапанаваў метады вызначэння хім. будовы кетонаў, кіслот, спіртоў і вуглевадародаў («правілы П.»).

Літ.:

Быков Г.В. Очерк жизни и деятельности А.Н. Попова // Тр. Ин-та истории естествознания и техники. 1956. Т. 12.

т. 12, с. 68

ПАПО́Ў (Аляксандр Сцяпанавіч) (16.3.1859, г. Краснатур’інск Свярдлоўскай вобл., Расія — 13.1.1906),

рускі фізік і электратэхнік, вынаходнік радыё. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882). З 1883 выкладаў у ваен. навуч. установах у Кранштаце. З 1901 праф. Пецярбургскага электратэхн. ін-та (з 1905 рэктар). Навук. працы па электра- і радыётэхніцы. Сканструяваў кагерэр — прыстасаванне для выяўлення эл.-магн. ваганняў (1894). 7.5.1895 на пасяджэнні Рас. фіз.-хім. т-ва прадэманстраваў работу першага ў свеце радыёпрыёмніка. Ажыццявіў тэлеграфаванне без правадоў, перадаўшы радыёграму на адлегласць 250 м (1896), а пазней серыю доследаў па радыётэлеграфіі на адлегласць да 150 км. Для практычнай сувязі (на адлегласці, большай за 40 км) прыборы П. былі выкарыстаны ў 1900 у час аперацыі па выратаванні браняносца «Генерал-адмірал Апраксін». Залаты медаль на Сусв. выстаўцы ў Парыжы (1900).

Літ.:

Радовский М.И. А.​С.​Попов. М.; Л., 1963;

Изобретение радио: А.​С.​Попов: Док. и материалы. М., 1966.

А.С.Папоў.

т. 12, с. 68

ПАПО́Ў (Аляксандр Уладзіміравіч) (н. 22.2.1965, г. Табольск, Расія),

бел. спартсмен (біятлон). Засл. майстар спорту СССР (1988). Засл. майстар спорту Беларусі (1992). Скончыў Табольскі пед. ін-т (1994). З 1998 гал. трэнер маладзёжнай зборнай каманды Беларусі па біятлоне, з 1999 — гал. трэнер нац. зборнай каманды. Чэмпіён XV зімовых Алімп. гульняў (1988, г. Калгары, Канада) і сярэбраны прызёр XVI зімовых Алімп. гульняў (1992, г. Альбервіль, Францыя) у эстафетах 4∙7,5 км. Чэмпіён свету (1989, 1992, 1996, 1997), сярэбраны (1987, 1989, 1991) і бронз. (1995, 1996) прызёр. Чэмпіён Еўропы (1995), сярэбраны (1995, 1996, 1998) і бронз. (1996, 1998) прызёр.

т. 12, с. 68

ПАПО́Ў (Аляксей Дзмітрыевіч) (24.3.1892, г. Пугачоў Саратаўскай вобл., Расія — 18.8.1961),

расійскі рэжысёр, тэарэтык тэатра, педагог. Нар. арт. СССР (1948). Д-р мастацтвазнаўства (1957). Вучыўся ў школе жывапісу ў Казані. З 1912 акцёр МХТ, з 1918 рэжысёр у правінцыяльных т-рах, з 1923—3-й Студыі МХАТ (з 1926 Т-р імя Я.​Вахтангава), з 1930 маст. кіраўнік Т-ра Рэвалюцыі. У 1935—58 гал. рэжысёр Цэнтр. т-ра Сав. Арміі. З 1919 выкладаў ў тэатр. студыях, з 1935 у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (з 1940 праф., у 1961 маст. кіраўнік). Стварыў нар.-гераічныя спектаклі. Тыповыя рысы сучасніка раскрываў праз беражлівую перадачу кожнага вобраза і адначасова праз насычаныя думкай і пачуццём масавыя сцэны. Паставіў спектаклі: «Зойчына кватэра» М.​Булгакава (1926), «Змова пачуццяў» Ю.​Алешы (1929), «Паэма пра сякеру» (1931), «Мой сябар», «Пасля балю» (1934) М.​Пагодзіна, «Рамэо і Джульета» (1935), «Утаймаванне свавольніцы» (1937), «Сон у летнюю ноч» (1941) У.​Шэкспіра, «Даўным-даўно» А.​Гладкова (1942), «Рэвізор» М.​Гогаля (1951), «Паднятая цаліна» паводле М.​Шолахава (1957). Аўтар прац па тэорыі т-ра. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1950, 1951.

Тв.:

Творческое наследие. [Кн. 1—3]. М., 1979—86.

Літ.:

Зоркая Н.М. Алексей Попов. М., 1983.

В.В.Папоў.

т. 12, с. 68

ПАПО́Ў (Анатоль Мікалаевіч) (15.6.1913, г. Уржум Кіраўскай вобл., Расія — сак. 1945),

бел. кампазітар, педагог. Скончыў Бел. кансерваторыю (1937, клас В.Залатарова). З 1933 адначасова выкладчык Мінскага муз. вучылішча і дырыжор Т-ра юнага гледача. З 1937 выкладаў у Віцебскім муз. вучылішчы, Бел. кансерваторыі, з 1941 у Свярдлоўскім муз. вучылішчы. Аўтар вак.-сімф. паэмы «Сценька Разін» (1937), сімфоніі (1934), цыклаў фп. П’ес, больш як 20 рамансаў на вершы бел. паэтаў, хароў, апрацовак бел. нар. мелодый; музыкі да драм. спектакляў. Загінуў на фронце.

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 12, с. 68

ПАПО́Ў (Андрэй Аляксеевіч) (12.4.1918, г. Кастрама, Расія — 10.6.1983),

расійскі акцёр. Сын А.​Дз.Папова. Нар. арт. СССР (1965). Скончыў студыю пры Цэнтр. т-ры Чырв. Арміі (1940), з 1939 акцёр, у 1963—73 гал. рэжысёр гэтага т-ра. З 1974 у МХАТ, у 1977—78 гал. рэжысёр т-ра імя К.​С.​Станіслаўскага. З 1968 выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (з 1973 праф.). Творчасць вызначалася абаяльнасцю і ўнутр. культурай, шматпланавасцю, характарнасцю і багаццем псіхал. адценняў трактоўкі вобразаў. Сярод роляў: Якаў («Якаў Багамолаў» М.​Горкага), Лебедзеў («Іванаў» А.​Чэхава), Іаан («Смерць Іаана Грознага» А.​К.​Талстога), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля), Петручыо («Утаймаванне свавольніцы» У.​Шэкспіра), Галілей («Жыццё Галілея» Б.​Брэхта) і інш. Паставіў спектаклі «Рынальда ідзе ў бой» Г.​Джываніні (1969), «Невядомы салдат» Ю.​Рыбакова (1971) і інш. Здымаўся ў кіно: «Шведская запалка», «Атэла», «Паядынак», «Памяць сэрца», «Пакорлівая», «Настаўнік спеваў», «Некалькі дзён з жыцця Абломава» (1980) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1950.

Літ.:

Андрей Попов: [Сб. статей]. М., 1989.

т. 12, с. 68

ПАПО́Ў (Вадзім Аляксандравіч) (н. 5.7.1940, г. Дзямідаў Смаленскай вобл., Расія),

дзяржаўны дзеяч Беларусі. Скончыў Бел. ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі (1971), Мінскую ВПШ (1984). Працоўную дзейнасць пачаў у 1961 механікам саўгаса ў Алтайскім краі. З 1964 выкладчык Крычаўскага СПТВ-38, інструктар, заг. аддзела, 2-і сакратар Крычаўскага, 1-ы сакратар Краснапольскага райкомаў, інструктар Магілёўскага абкома ЛКСМБ. У 1972—76 і 1992—93 дырэктар саўгаса ў Краснапольскім, нам. старшыні калгаса ў Магілёўскім р-нах. З 1977 інструктар с.-г. аддзела ЦК КПБ, 1-ы сакратар Асіповіцкага гаркома, заг. с.-г. аддзела, 2-і, 1-ы, сакратар Магілёўскага абкома КПБ. З 1993 нам. ген. дырэктара ВА «Магілёўаблаграснаб», з 1995 ген. дырэктар холдзінга «Аграмашсэрвіс». У 1999—2000 1-ы нам. міністра, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. З ліст. 2000 старшыня Палаты прадстаўнікоў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь.

В.А.Папоў.

т. 12, с. 68

ПАПО́Ў (Васіль Васілевіч) (7.2.1887, с. Няўзорава Пронскага р-на Разанскай вобл., Расія — 29.11.1955),

бел. геадэзіст. Акад. АН Беларусі (1950, чл.-кар. 1940), д-р тэхн. н. (1938), праф. (1939). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1954). Скончыў Маскоўскі межавы ін-т (1911). У 1928—41 праф., заг. кафедры ў Бел. с.-г. акадэміі. З 1942 заг. кафедры Новасібірскага ін-та інжынераў геадэзіі, аэрафотаздымкі і картаграфіі. З 1949 у Бел. лесатэхн. і політэхн. ін-тах. Адначасова (з 1951) акад.-сакратар Аддз. фіз.-матэм. навук АН Беларусі. Навук. працы па паліганаметрыі, базісных вымярэннях, тэорыі спосабу найменшых квадратаў. Арганізатар работ па здымцы гарадоў, пракладванні прэцызійных траверсаў у Беларусі і Расіі.

Тв.:

Уравновешивание полигонов. 9 изд. М., 1958.

А.​Дз.Папоў.

т. 12, с. 68