Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РОЛ (ням. Rolle ролік, каток),

апарат перыядычнага дзеяння для размолу валакністых матэрыялаў у вытв-сці паперы і кардону. Рабочае прыстасаванне — 2 камплекты нажоў: нерухомы на планцы і вярчальны на барабане. Устанаўліваецца ў спец. ванне, куды загружаюць валакністыя матэрыялы, змяшаныя з вадой. З’явіліся ў канцы 17 ст. Замяняюцца канічнымі млынамі (складаюцца з канічнага ротара з замацаванымі на ім нажамі і кажуха з такімі ж зубамі) і дыскавымі рафінёрамі.

т. 13, с. 403

РО́ЛІКАВЫ КАНВЕ́ЕР, рольганг,

від канвеера для транспартавання масавых паштучных і тарных грузаў па роліках, размешчаных на невял. адлегласці адзін ад аднаго на апорнай станіне. На непрывадных Р.к. грузы прасоўваюцца ўручную або спаўзаюць пад дзеяннем сілы цяжару, на прывадных ролікі круцяцца ад бясконцага ланцуга ці стужкі або ад электрапрывода. Прывадныя Р.к. выкарыстоўваюцца ў пракатных металург. цэхах, на прадпрыемствах буд. матэрыялаў, непрывадныя — пераважна на прамысл. прадпрыемствах і складах.

т. 13, с. 404

«РО́ЛІНГ СТОЎНЗ»

(Rolling Stones),

англійская рок-група. Створана ў 1962 у Лондане. У першым складзе: арганізатары і кіраўнікі М.​Джагер (вакаліст) і К.​Рычардс (гітарыст), а таксама Ч.​Уотс (барабаны), Б.​Джонс (гітара), Б.​Уаймэн (бас-гітара), з 1991 — Джагер, Рычардс, Уотс, Р.​Вуд. У першыя гады існавання ў рэпертуары пераважна творы рок-н-рола, песні дуэта Джагер-Рычардс. З канца 1960-х г. выконваюць толькі ўласныя песні, створаныя на аснове блюза. Сярод альбомаў: «Афтэмэс» (1966), «Стыл Вілс» (1989), «Брыджэс ту Бабілон» (1997). Група — лідэр сярод рок-музыкантаў па колькасці «залатых», «плацінавых» і «мультыплацінавых» альбомаў.

Дз.​А.​Падбярэзскі.

т. 13, с. 404

«РОЛС-РОЙС»

(Rolls-Royce),

сям’я легкавых аўтамабіляў вышэйшага класа англ. фірмы «Ролс-Ройс мотарс» (RollsRoyce Motors). Аўтамабілі ручной зборкі выпускаюцца з 1904. Вызначаюцца высокай якасцю, маюць аўтам. каробку перадач, кузаў —4-дзверны седан, бензінавы рухавік з рабочым аб’ёмам 6,75 л і магутнасцю да 155 кВт; найб. скорасць да 215 км/гадз.

Да арт. «Ролс-Ройс»: легкавы аўтамабіль «Ролс-Ройс-Сілвер Спур».

т. 13, с. 404

РО́ЛЯ (франц. rôle),

1) літаратурны персанаж у драме (кінасцэнарыі) і адпаведны сцэн. (кінематаграфічны) вобраз, увасоблены акцёрам у спектаклі (фільме, радыёп’есе). Р. бываюць камед., трагедыйныя, драм., трагікамічныя і г.д. Вылучаюцца таксама першыя (гал.) і другія (другасныя), выхадныя (без слоў або з мінім. колькасцю тэксту), эпізадычныя. Р. таксама наз. сукупнасць тэксту дзеючай асобы ў п’есе (фільме).

2) У муз. т-ры — тое, што партыя.

т. 13, с. 404

РОМ (англ. rum),

моцны спіртны напітак з ромавага спірту. Для прыгатавання Р. спірт, атрыманы перагонкай зброджанага з выкарыстаннем спец. дражджэй мелесу цукр. трыснягу (ромавы спірт), разбаўляюць да мацунку 50—55% аб’ёмных і вытрымліваюць 2—8 гадоў пры т-ры 18—22 °C у драўляных бочках. Асн. вытворцы Р. — краіны Карыбскага басейна, дзе вырошчваюць цукр. трыснёг. У Еўропе пашыраны т.зв. «фантазійныя» Р. (напр., венг. «Гавана»), якія вырабляюць са спірту, араматызаванага сінт. эсенцыямі.

К.​В.​Фамічэнка.

т. 13, с. 404

РОМ (Міхаіл Ільіч) (24.1.1901, г. Іркуцк, Расія — 1.11.1971),

расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар. арт. СССР (1950). Ганаровы чл.-кар. АМ ГДР (1967). Скончыў Вышэйшы дзярж. маст.-тэхн. ін-т (1925). З 1928 навук. супрацоўнік Ін-та метадаў пазашкольнай работы. З 1931 працаваў на кінастудыі «Масфільм». У 1942—47 рэжысёр Т-ра-студыі кінаакцёра. З 1948 (з перапынкамі) выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі (з 1958 праф.). Першая рэжысёрская работа — «Пышка» (паводле Гі дэ Мапасана, 1934). Стварыў дылогіі «Ленін у Кастрычніку» (1937) і «Ленін у 1918 годзе» (1939), «Адмірал Ушакоў» і «Караблі штурмуюць бастыёны» (абодва 1953). Грамадз. пафас, публіцыстычнасць, антыфаш. скіраванасць характэрны для фільмаў «Чалавек №217» (1945, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1946), «Рускае пытанне» (паводле К.​Сіманава, 1947), «Сакрэтная місія» (1950), «Забойства на вуліцы Дантэ» (1956). Маральнасцю, эмац. і інтэлектуальнай афарбоўкай вылучаецца фільм «Дзевяць дзён аднаго года» (1962, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах, Чэхія). Аўтар дакумент. фільма «Звычайны фашызм» (1965, спец. вышэйшы прыз журы Міжнар. кінафестывалю ў Лейпцыгу, Германія). Аўтар і сааўтар сцэнарыяў сваіх фільмаў. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946, 1948, 1949, 1951. Дзярж. прэмія Расіі імя братоў Васільевых 1966.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—3. М., 1980—82.

Літ.:

Погожева Л.П. Михаил Ромм. М., 1967;

Зак М. М.​Ромм и его фильмы. М., 1988.

М.І.Ром.

т. 13, с. 404

РО́МАН (Алег Уладзіслававіч) (н. 21.9.1925, г. Уладзівасток, Расія),

бел. вучоны ў галіне парашковай металургіі. Акад. Нац. АН Беларусі (1991, чл.-кар. 1989), д-р тэхн. н., праф. (1972). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1976). Скончыў БПІ (1948). З 1951 у БПІ, з 1972 дырэктар НДІ парашковай металургіі БПІ. У 1980—93 ген. дырэктар Бел. рэсп. навук.-вытв. аб’яднання парашковай металургіі. З 1993 саветнік Бел. дзярж. навук.-вытв. канцэрна парашковай металургіі. Навук. працы па тэорыі і практыцы прасавання і фармавання метал. парашкоў, спосабах атрымання металакерамічных вырабаў. Устанавіў з’явы, што вызначаюць заканамернасці цячэння парашковага матэрыялу пры яго фармаванні і дэфармаванні. Дзярж. прэмія Беларусі 1980. Міжнар. прэмія імя Дж.​Нэру 1992.

Тв.:

Прогрессивные способы изготовления металлокерамических изделий. Мн., 1971 (у сааўт.);

Актуальные проблемы порошковой металлургии. М., 1990 (у сааўт.).

А.У.Роман.

т. 13, с. 404

РО́МАН (Сяргей Дзям’янавіч) (24.9.1917, г. Ейск Краснадарскага краю, Расія — 24.6.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). На фронце з 1943. Стралок радавы Р. 1-га Бел. фронту вызначыўся ў Бел. аперацыі 1944 у баі каля в. Пружынішчы Акцябрскага р-на Гомельскай вобл., калі першы ўзняўся ў атаку, натхняючы байцоў асабістым прыкладам; паранены, у рашаючы момант атакі закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота.

С.​Дз.Роман.

т. 13, с. 404

РОМБ (ад грэч. rhombos),

плоскі чатырохвугольнік з роўнымі старанамі; асобны від паралелаграма. Дыяганалі Р. ўзаемна перпендыкулярныя і падзяляюць вуглы Р. напапалам. Р. з прамымі вугламі наз. квадратам.

Ромб.

т. 13, с. 404