Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГЛІ́ВІН,

вёска ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 7 км на ПдУ ад горада і 8 км ад чыг. ст. Барысаў, 79 км ад Мінска. 645 ж., 220 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Каля вёскі група археал. помнікаў Глівін.

т. 5, с. 294

ГЛІВІ́ЦКІ КАНА́Л,

канал у Польшчы. Злучае г. Глівіцы з портам Козле на р. Одра, Верхнесілезскі кам.-вуг. бас. праз водную сістэму Одры з Балтыйскім м. Даўж. каля 41 км, глыб. 3,5 м; 6 двайных шлюзаў. Адкрыты ў 1939.

т. 5, с. 294

ГЛІВІ́ЦЫ

(Gliwice),

горад на Пд Польшчы, у Катавіцкім ваяв. Вядомы з 13 ст. 216 тыс. ж. (1992). Чыг. вузел, порт на Глівіцкім канале. Важны прамысл. цэнтр у Верхнесілезскай агламерацыі. Вугальныя шахты, чорная металургія, коксахімія, цяжкае і пад’ёмна-трансп. машынабудаванне, эл.-тэхн., хім., харч. прам-сць. Сілезскі політэхн. ін-т. Т-р аперэты. Музей. Касцёлы: гатычны (15 ст.), познагатычны (15, 16 ст.), барочны касцёл і кляштар рэфарматаў (17 ст.).

т. 5, с. 294

ГЛІЁМА

(ад грэч. glia клей + ...ома),

пухліна ц. н. с. (галаўнога і спіннога мозга), што паходзіць з клетак нейрагліі. Да гліёмы адносяцца: астрацытома, алігадэндрагліёма, палярная спангіябластома (разнавіднасць астрацытомы з марудным ростам), эпендымома. Разнавіднасцю злаякасных гліём з’яўляюцца гліябластома і медулабластома (гліёма саркаматозная), якая найчасцей бывае ў дзяцей, лакалізуецца ў вобласці мазжачка з інфільтратыўным ростам і хуткімі неўралагічнымі расстройствамі. Лячэнне хірургічнае.

т. 5, с. 294

ГЛІКАГЕ́Н,

жывёльны крухмал (C6H10O5)n, разгалінаваны поліцукрыд, малекулы якога пабудаваны з астаткаў D-глюкозы. Малекулярная маса 10​5—10​7. Асн. запасны вуглявод жывёл і чалавека (у пазваночных назапашваецца пераважна ў печані і мышцах), трапляецца таксама ў некат. бактэрый, дражджэй, водарасцей, грыбоў і зернях асобных сартоў кукурузы. Выяўлены франц. фізіёлагам К.Бернарам у печані (1857). Расшчапленне глікагену (глікагеноліз) адбываецца фосфаралітычным (пры ўздзеянні фасфарылазы) і гідралітычным (пры ўздзеянні амілаз) шляхамі. Канчатковым прадуктам з’яўляецца свабодная глюкоза, якая трапляе ў кроў. Пры паніжэнні ўзроўню цукру ў крыві назіраецца высокая актыўнасць фасфарылазы і адбываецца т.зв. мабілізацыя глікагену — знікненне яго запасаў з цытаплазмы. Пры абагачэнні крыві глюкозай (напр., пасля прыёму ежы) пераважае сінтэз глікагену. Значную ролю ў падтрыманні нязменнага ўзроўню цукру ў крыві адыгрывае печань, якая ператварае лішак глюкозы ў глікаген і наадварот.

т. 5, с. 294

ГЛІКАГЕНО́ЛІЗ

(ад глікаген + ..ліз),

працэс анаэробнага ферментатыўнага распаду глікагену ў тканках. Ажыццяўляецца гідралітычна (пры ўздзеянні амілаз) і фасфаралітычна (галоўны шлях) — пад уздзеяннем глікагенфасфарылазы ў прысутнасці неарган. фасфату ад глікагену аддзяляецца глюкоза-1-фасфат, які ператвараецца фосфаглюкамутазамі ў глюкоза-6-фасфат. У клетках печані пазваночных гэтае злучэнне гідралізуецца глюкоза-6-фасфатазай з утварэннем свабоднай глюкозы, якая паступае ў кроў. У клетках шкілетных мышцаў усе наступныя пераўтварэнні глюкоза-6-фасфату аналагічныя гліколізу. Энергетычны выхад ад фосфаралітычнага распаду глікагену да малочнай к-ты выражаецца ў сінтэзе 2 малекул АТФ у разліку на адно звяно глюкозы малекулы глікагену.

т. 5, с. 294

ГЛІКАЗІДА́ЗЫ,

група ферментаў з класа гідралаз, якія разбураюць гліказідную сувязь у малекулах простых гліказідаў, алігацукрыдаў і поліцукрыдаў. Акрамя рэакцыі гідролізу, гліказідазы каталізуюць рэакцыі трансгліказіліравання. Падзяляецца на α-гліказідазы (вельмі пашыраныя ў прыродзе, у т. л. ва ўсіх тканках чалавека) і β-гліказідазы (ёсць у мікраарганізмах, раслінах, малюскаў і тканках чалавека). Парушэнне функцый гліказідаз ляжыць у аснове многіх спадчынных хвароб чалавека (Гашэ хвароба, глікагеноз, Мальбсорбцыі сіндром і інш.).

т. 5, с. 295

ГЛІКАЗУРЫ́Я

(ад грэч. glykys салодкі + uron мача),

наяўнасць у мачы цукру ў высокай канцэнтрацыі. Бывае пры павышанай колькасці цукру ў крыві — гіперглікеміі, у здаровых людзей — пры залішнім ужыванні салодкага, пры нерв. і эмацыянальных перанапружаннях (хутка праходзіць). Стойкая гліказурыя можа быць прыкметай дыябету цукровага і інш. парушэнняў унутр. сакрэцыі.

т. 5, с. 295

ГЛІКАКО́Л,

амінавоцатная кіслата, гл. Гліцын.

т. 5, с. 295

ГЛІКАЛІПІ́ДЫ

(ад грэч. glykys салодкі + lipos тлушч),

тлушчападобныя рэчывы, у якіх ёсць вугляводы. У залежнасці ад структуры тлушчавай часткі адрозніваюць нейтральныя глікаліпіды (мона- і дыгліказілдыгліцэрыды, алігацукрыды, ацыліраваныя высокамалекулярнымі разгалінаванымі тлушчавымі к-тамі), глікасфінгаліпіды (гангліязіды, цэрэбразіды), глікафосфаліпіды (дыэфіры фосфарнай к-ты). Нейтральныя глікаліпіды выконваюць структурныя функцыі ў фотасінтэтычных арганоідах, вызначаюць сералагічную функцыю мікраарганізмаў. Глікасфінгаліпіды і глікафосфаліпіды ўваходзяць у састаў біял. мембран, адыгрываюць значную ролю ў з’явах міжклетачнай адгезіі, валодаюць імуннымі ўласцівасцямі.

т. 5, с. 295