ГЛІЁМА
(ад грэч. glia клей + ...ома),
пухліна ц. н. с. (галаўнога і спіннога мозга), што паходзіць з клетак нейрагліі. Да гліёмы адносяцца: астрацытома, алігадэндрагліёма, палярная спангіябластома (разнавіднасць астрацытомы з марудным ростам), эпендымома. Разнавіднасцю злаякасных гліём з’яўляюцца гліябластома і медулабластома (гліёма саркаматозная), якая найчасцей бывае ў дзяцей, лакалізуецца ў вобласці мазжачка з інфільтратыўным ростам і хуткімі неўралагічнымі расстройствамі. Лячэнне хірургічнае.
т. 5, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)